Як выглядаў крымінальны свет у XVI і XIX стагоддзях
Беларуская гістарычная навука на сёння толькі пачынае вывучаць гісторыю крыміналітэту. На гэты момант у Беларусі няма ніводнай кнігі, якая б распавядала пра крымінальнікаў і злачыннасць у папярэднія гістарычныя эпохі.
Адным з першых, хто пачаў раскрываць гэтыя белыя плямы ў нашай гісторыі, — кандыдат гістарычных навук Віталь Галубовіч, які займаўся вывучэннем рабаўнікоў і забойцаў 16 стагоддзя.
Віталь Галубовіч
— Раскажыце, калі ласка, як увогуле ўзнікла ідэя займацца даследаваннямі злачыннасці?
— Падчас сваіх даследаванняў праглядаў актавыя і магістрацкія кнігі, а таксама іншыя гістарычныя крыніцы ды заўважыў, што ў 16 стагоддзі, таксама, як і ў сучаснасці, была вялікая колькасць учынкаў, якія былі па-за нормамі закону. Гісторыка тэма зацікавіла тым, што звычайна гісторыя надае грамадству своеасаблівы рамантызм, нацыянальных герояў і прыгожыя ўяўленні аб мінуўшчыне. Высветлілася, што і ў тую гістарычную эпоху жылі такія ж людзі, як і цяпер.
— Што цікавага для вас і грамадства ёсць у гэтай тэме даследавання?
— Сёння амаль кожны дзень мы сутыкаемся з крымінальнымі хронікамі, і так жа было раней. Былі забойствы, крадзяжы, рабаўніцтва, гвалтаванне і г.д.
У большасці займаюся даследаваннямі гісторыі баярства Полацку, і першы артыкул быў прысвечаны злачыннасці Полацку. Але потым свой досвед перанёс на даследаванне гісторыі злачыннасці ў Горадні. Увогуле, падобны досвед можна перакласці на любы горад у Беларусі і распачаць даследаванні гісторыі злачыннасці. Нядаўна выйшла чарговая публікацыі пра злачыннасць у Горадні ў чарговым зборніку «Гарадзенскі соцыум». Злачыннасць можна даследаваць з розных ракурсаў: якія былі злачынствы, як за іх каралі злачынцаў, якая была рэакцыя грамадства і шмат іншага.
— Якія пакаранні былі ў той час за злачынствы?
— Напрыклад, на гэты момант вядома, што за розныя злачынствы, як і сёння, былі розныя пакаранні: за цяжкія злачынствы маглі чвартаваць, спаліць на вогнішчы або прымяняць іншыя віды смяротных пакаранняў.
Цікавы факт: у Горадні, як і ў іншых гарадах, былі свае ганебныя слупы, куды прывязвалі злачынца, і пакуль ён не сазнаецца або пакуль не будзе даказаная ягоная віна, ён быў там. Ёсць цікавыя сведчанні, што на ўедзе ў Горадню былі шыбеніцы, на якіх хісталіся павешаныя злачынцы, і кожны, хто іх бачыў, мог адразу зразумець, што бывае за парушэнне закону.
Аляксандр Радзюк
Яшчэ адзін гарадзенскі гісторык — кандыдат гістарычных навук Аляксандр Радзюк — вывучае свет крыміналу 19 стагоддзя.
— Скажыце, чым адметна была злачыннасць у перыяд вашых навуковых інтарэсаў?
— Калі нашыя землі былі ў складзе Расейскай імперыі, шмат якія дзеянні, за якія сёння няма ніякай адказнасці, лічыліся крымінальнымі.
— Вось, напрыклад, за самазабойства можна было панесці крымінальную адказнасць, калі спроба была няўдалаю. Няўдалага самагубцу маглі выслаць у Сібір на нейкі тэрмін на працы. Цікавым фактам з’яўляецца адсутнасць справаў па згвалтаваннях, магчыма, таму, што жанчыны баяліся ганьбы з боку грамадства. Ёсць інфармацыя толькі наконт згвалтавання няпоўнагадовых асобаў.
— Якія злачынствы здараліся найчасцей?
— Былі вельмі частымі факты, калі маці забівалі сваіх жа дзяцей. З аднаго боку, аргументуецца тым, што цяжка было гадаваць, але такім чынам маглі пазбаўляцца і пазашлюбных дзяцей. Частымі былі выпадкі, калі дзяцей наўпрост тапілі ў прыбіральнях.
— 19 стагоддзе — нейкі пераломны этап для злачыннасці?
— У 19 стагоддзі пераломным момантам для злачынцаў стала адмена прыгоннага права — менавіта тады злачынцы ў вялікай колькасці перамясціліся ў гарадскую прастору. Раней жа разбой ажыццяўляўся звычайна на дарогах. У 1870-я гады ў Горадні адбылося найбуйнейшае злачынства, калі прыезджы Шаноўны гараджанін з Вільні зрабіў падкоп пад банк і вынес капітальную суму грошай.
— А што часцей за ўсё абкрадалі?
— Абрабаваць маглі што заўгодна. Напрыклад, частымі выпадкамі было, калі злачынцы рабавалі храмы — выносілі свечкі, абразы, вокладкі і срэбныя кубкі. Але за раскраданне храмаў судзілі за святатацтва, а не за рабаўніцтва.
— Ці ёсць нейкія адметныя рысы гарадзенскай злачыннасці?
— Небяспечнымі месцамі ў Горадні былі вакзал і лес. Часам крыміналітэт быў міжнацыянальны і, нават, міжнародны. Часта горад наведвалі злачынцы-гастралёры з іншых краін, напрыклад з Аўстрыі, цікава, што вялікая колькасць з такіх злачынцаў былі габрэі.
Высокім фактарам злачыннасці ў Горадні былі прыезджыя вайскоўцы з расейскай глыбінкі, якія пастаянна чынілі п’яны дэбош у публічных ці пітных дамах, збівалі мясцовых жыхароў. Сярод тых жа вайскоўцаў быў вельмі пашыраны антысемітызм: габрэі пастаянна былі пад ціскам вайскоўцаў, якія маглі проста так пабіць або разнесці рамесніцкую ці пітны дом. Гэта выклікала вялікую незадаволенасць сярод жыхароў Горадні ў 19 стагоддзі. Часам гараджане розных канфесіяў і нацыянальнасцяў аб’ядноўваліся, каб бараніцца супраць сваволля расейскіх вайскоўцаў.
— Ці было свавольства і хабарніцтва сярод прадстаўнікоў праваахоўных органаў?
— Не была бязгрэшнай і гарадская паліцыя, сярод якой былі распаўсюджаныя недазволеныя метады ціску на падследных, хабарніцтва таксама было распаўсюджана вельмі моцна. Гараджане проста завальвалі гарадское начальства скаргамі на сваволле гарадской паліцыі. Найцікавейшы выпадак хабарніцтва ў гісторыі Горадні, на думку даследніка, — сітуацыя з незамярзаннем Нёмну. Раней сталага моста не было, і гарадскія ўлады кожны год здавалі ў арэнду прадпрымальнікам, праз аўкцыён, права на перавозкугараджан на пароме з аднаго боку гораду на іншы.
Зімой жа Нёман, звычайна, замярзаў, і людзі маглі хадзіць праз раку пешшу. Аднак здарылася сітуацыя, калі дзве зімы запар Нёман ніяк не мог замерзнуць і гараджанам даводзілася плаціць за пераправу на пароме па 10 капеек. Высветлілася, што прадпрымальнік, які арандаваў права на пераправу, быў у змове з гарадзенскім паліцмейстрам і праплаціў сялянам з вёскі Салы, што каля Горадні, каб яны нацягнулі ў рэчцы вяроўку і такім чынам стрымлівалі лёд.