Апошнія абаронцы сэрца Пілсудскага
Як вядома, цела маршала Юзафа Пілсудскага было пахавана ў Кракаве, а сэрца — у Вільні. А ці ведаеце вы, што ў верасні 1939 года на могілках Роса свой апошні бой прынялі польскія жаўнеры?
Смерць «бацькі нацыі»
Юзаф Пілсудскі, безумоўна, быў адным з цяжкавагавікоў міжваеннай еўрапейскай палітыкі. Яму ўдалося адстаяць незалежнасць сваёй краіны ў Варшаўскай бітве 1920 года. У міжваенныя гады ён нармалізаваў адносіны з Германіяй і СССР. Пры гэтым не пагоршыліся стасункі і з заходнімі саюзнікамі. Унутраная палітыка заключалася ў аздараўленні эканомікі і сацыяльнай сферы. Аўтарытарызм «Дзеда» (такой была адна з мянушак Юзафа Пілсудскага) прывёў да стабілізацыі жыцця ў Другой Рэчы Паспалітай, аднак не вырашыў усіх праблем. Міжваенная Польшча працягвала дзяліцца на рэгіён «A» і рэгіён «B».
У склад першага ўваходзілі этнічнапольскія тэрыторыі на захадзе краіны. Другую частку Польшчы складалі так званыя «крэсы» — бедныя, не развітыя прамыслова, аграрныя «ўсходнія ўскраіны», у склад якіх уваходзіла і Заходняя Беларусь з Віленшчынай. Гэтыя праблемы былі звязаныя, у тым ліку, і з тым, што ў свой час Юзафу Пілсудскаму не ўдалося рэалізаваць сваю федэралісцкую канцэпцыю, у аснове якой ляжала развіццё адносін з беларусамі і ўкраінцамі на прынцыпах прызнання іх права на незалежнае дзяржаўнае існаванне.
Пахаванне Юзафа Пілсудскага, 1935 год
Смерць Пілсудскага 12 мая 1935 года выклікала рэакцыю па ўсім свеце. Адольф Гітлер загадаў абвясціць нацыянальную жалобу і выслаў тэлеграмы на імя прэзідэнта Другой Рэчы Паспалітай і жонкі Пілсудскага Аляксандры. Маскоўскі публіцыст і дзеяч Камінтэрна Карл Радэк (Сабельсон) на старонках газеты «Известия» адзначаў, што «разам са смерцю маршала Пілсудскага адыходзіць у магілу асоба галоўнага арганізатара незалежнай польскай дзяржавы, які разумеў, што польскі незалежніцкі рух павінен са зброяй у руках выступіць супраць Расіі». Пры гэтым Радэк пазначаў, што «пакт аб ненападзе (падпісаны паміж СССР і Другой Рэччу Паспалітай 25 ліпеня 1932 года) не з’яўляецца для Савецкага Саюза толькі дыпламатычным дакументам, але ёсць праявай жадання жыць у міры з Польшчай».
Пахаванне ў Кракаве
13–14 мая 1935 года труна з целам маршала знаходзілася ў Бельведэры. Пазней, пасля некалькіх мерапрыемстваў у Варшаве, 17 мая цела Пілсудскага перавезлі ў Кракаў, і на наступны дзень, пры вялікім зборы народа, пахавалі на Вавелі. У Вільні, у адпаведнасці з завяшчаннем, на могілках Роса было пахавана сэрца Юзафа Пілсудскага. Разам з гэтым з Сугінтаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі, у Вільню былі прывезены парэшткі маці, Марыі Пілсудскай, і пахаваны ў маўзалеі, які атрымаў назву «Маці і сэрца сына».
Пахаванне сэрца Пілсудскага ў Вільні, 1935 год
Побач з гэтым пахаваннем на Росе знаходзіліся магілы польскіх жаўнераў, якія загінулі ў баях 1919 года. Тут была пастаўлена вайсковая ганаровая варта, якая несла службу да апошняга моманту і загінула ў няроўным баі з чырвонаармейцамі 18 верасня 1939 года.
Наконт гэтай гісторыі да сённяшняга для існуюць спрэчкі. Некаторыя даследчыкі лічаць малаверагодным тое, што жаўнеры знаходзіліся на Росе ў момант, калі горад рыхтаваўся да абароны ад бальшавікоў. Іншыя падкрэсліваюць, што ў пачатку Другой сусветнай вайны вайсковая ганаровая варта з Росы была знятая, а ля маўзалею службу неслі гімназісты.
Хто пахаваны каля Пілсудскага?
Да сённяшняга дня на могілках Роса, побач з магілай, дзе пахавана сэрца Юзафа Пілсудскага і цела яго маці, знаходзяцца тры магілы, у якіх пахаваны жаўнеры Войска Польскага, што загінулі менавіта 18 верасня 1939 года. На магільных камянях пазначаны імёны: Пётр Стаціровіч, радавы Войска Польскага; Вінцэнт Салвінскі, капрал; Вацлаў Савіцкі, радавы. Паводле меркавання аднаго з краязнаўцаў Аляксандра Давідовіча, менавіта гэтыя жаўнеры да апошняга неслі службу ля маўзалея маршала і загінулі ў баі з чырвонаармейцамі.
Пры гэтым Давідовіч спасылаецца на ўспаміны былой вучаніцы гімназіі імя Элізы Ажэшкі ў Вільне Людмілы Дарашэвіч, якая ўсё жыццё жыла побач з могілкамі і сваімі вачамі бачыла трагедыю верасня 1939 года. Па ўспамінах сваяка капрала Салвінскага, пасля таго, як камандаванне віленскім гарнізонам Войска Польскага прыняло рашэнне не абараняць Вільню ад наступаючых частак Чырвонай Арміі і адступіць у бок літоўскай мяжы, Вінцэнт Салвінскі і два яго падначаленыя вырашылі да канца несці службу на Росе. Паводле ўспамінаў Людмілы Дарашэвіч, калі польскія жаўнеры ўбачылі чырвонаармейцаў, то адкрылі па іх агонь. Капрал Салвінскі знаходзіўся ў каравульнай будцы. Савецкім жаўнерам удалося хутка нейтралізаваць двух польскіх салдат, а пазней яны забілі і Вінцэнта Салвінскага, які спрабаваў уцячы ў бок чыгункі.
Але да сённяшняга дня ніводнага архіўнага дакумента наконт апошняй варты на Росе і яе гераічнай гібелі не знойдзена. Паспрабуем разабрацца, хто ж мог змагацца ў раёне могілак і каго па праву можна лічыць апошнімі абаронцамі сэрца Пілсудскага.
Нягледзячы на тое, што ў адпаведнасці з абарончым планам «Усход» Вільня павінна была адыгрываць важную стратэгічную ролю, на момант пачатку Другой сусветнай вайны большасць баяздольных частак з усходніх ваяводстваў, у тым ліку і з Віленскага, было перакінула на Захад Польшчы.
Магілы трох жаўнераў, якія загінулі ў верасні 1939 года
14 верасня 1939 года камандзірам абарончага ўчастку «Вільня» быў прызначаны дыпламаваны палкоўнік Яраслаў Акуліч-Казарын. Ён быў упэўнены, што горад трэба абараняць, каб даць магчымасць дзяржаўнаму апарату і звычайным жыхарам эвакуявацца ў Літву. Па яго загаду з літоўска-польскай мяжы быў зняты полк КАП «Вільня» і батальён нацыянальнай абароны «Паставы». На момант пачатку «вызвольнага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь 17 верасня 1939 года» ў горадзе на Віліі было 12–14 тысяч жаўнераў, аднак зброю з гэтай лічбы мела толькі палова. Хутка быў сфармаваны студэнцкі батальён.
18 верасня было прынята рашэнне пачаць эвакуацыю ў Літву большасці сіл. Ва ўсходняй частцы горада знаходзіліся два маршавыя батальёны з 1-й пяхотнай дывізіі легіёнаў. На Антокалі размяшчаліся артылерыйскі ўзвод і кавалерысты Віленскай кавалерыйскай брыгады. У раёне могілак Роса дыслакаваліся памежнікі з батальёна КАП «Трокі» пад камандаваннем маёра Красоўскага. Заходні і паўночны накірунак абаранялі капісты з батальёнаў «Араны» і «Няменчын». Ля Зялёнага моста знаходзіліся буйнакаліберныя кулямёты і зянітныя гарматы «Бафорс». Усяго ў польскіх абаронцаў Вільні было каля 10 батальёнаў пяхоты і 14–16 гармат.
Ужо 18 верасня з боку Ашмян да Вільні падышлі савецкія танкі. Гэта былі падраздзяленні 7-га і 8-га танкавых палкоў. Падраздзяленням РСЧА ўдалося захапіць паўднёва-ўсходнюю ўскраіну горада. Польскае камандаванне пахіснулася. Было прынята рашэнне аб поўнай эвакуацыі, якую павінны былі прыкрываць падраздзяленні КАП. У гэтай сітуацыі найбольш удана змагаліся польскія артылерысты, якія, як і падчас абароны Гродна, выкарыстоўвалі зенітныя гарматы ў барацьбе супраць савецкіх танкаў і бронемашын. Але сілы былі няроўныя. Савецкія БТ-7 прарваліся ў горад і атакавалі пазіцыі польскіх памежнікаў на могілках Росы. Батальён КАП «Трокі» панёс вялікія страты і вымушаны быў адысці.
Сляды Другой сусветнай вайны на Росе
Прафесар Чэслаў Гжэляк адзначае, што на Росе, побач з маўзалеем Пілсудскага, былі пахаваныя якраз тры байцы КАП, якія загінулі ў гэтым баі. Пры гэтым навуковец пазначае, што ганаровая варта, якая вылучалася са складу жаўнераў 1-й дывізіі пяхоты легіёнаў, была знятая яшчэ 13 верасня 1939 года. Менавіта ў гэты дзень на службу ля помніка заступілі харцэры, якія там знаходзіліся да 18 верасня. Баі за Вільню працягваліся да 19 верасня. Страты савецкага боку падчас штурму склалі: 13 забітых і 24 параненых жаўнераў, 5 танкаў і адзін бронеаўтамабіль былі знішчаны.
Ужо падчас нямецкай акупацыі Вільні мясцовыя жыхары перапахавалі памежнікаў побач з жаўнерамі польска-бальшавіцкай вайны. Дарэчы, падчас вызвалення Вільні ў 1944 годзе ля могілак таксама ішоў бой, і на шматлікіх надмагільных камянях захаваліся сляды ад куль і аскепкаў. Што ж тычыцца асноўнага месца пахавання Юзафа Пілсудскага ў Вавелі, то пасля таго, як вермахт акупаваў Польшчу, нацысты выставілі ля крыпты Пілсудскага сваю ганаровую варту. «Начальніка польскай дзяржавы» шанавалі нават ворагі.