Шрайбман — пра саміт СНД: «Дзяжурнае мерапрыемства, Лукашэнка хацеў спадабацца Пуціну»

Шрайбман — пра саміт СНД: «Дзяжурнае мерапрыемства, Лукашэнка хацеў спабадацца Пуціну»

afa6c05860.jpg

У Пецярбург Лукашэнка прыехаў разам з малодшым сынам, адзіным з усіх удзельнікаў надзеў пярсцёнак, падораны Пуціным, а таксама падзякаваў расійскаму прэзідэнту за прыём, адзначыўшы чыстыя вуліцы горада.

У аўторак дыктатары пагутарылі у Рускім музеі на фоне эскіза карціны «З'яўленне Хрыста народу».

Аналітык Арцём Шрайбман у экспрэс-каментары «Салідарнасці» сказаў аб саміце:

— Гэта абсалютна дзяжурнае мерапрыемства, на якое яны [лідары краін СНД] збіраюцца штогод, і на якім не прымаецца ніякіх рашэнняў. «Закрыццё многіх пытанняў», аб якім паведамілі Пуцін і Лукашэнка, — хутчэй за ўсё, гэта проста дзяжурная заява наўздагон тых дамоваў, якія яны дасягнулі ў Мінску. Магчыма, у тым ліку, па газе (фіксацыі цаны на тры гады). Лукашэнка і Пуцін сказалі, што ўзгаднілі цэнаўтварэнне, а ўрадам засталося дапрацаваць дэталі. Гэта значыць проста паўтарылі тое ж самае, што сказалі некалькімі днямі раней у Мінску.

На саміце было заяўлена, што наступны год у краінах СНД будзе адзначацца як год рускай мовы. На думку Шрайбмана, такое рашэнне таксама не мае ніякага палітычнага значэння.

— Яны маглі б назваць наступны год годам космасу, сельскай гаспадаркі, Пушкіна ці каго заўгодна — гэта проста дзяжурная форма. Што тычыцца паводзінаў Лукашэнкі на гэтым саміце, то не думаю, што ён паводзіў сябе неяк незвычайна. Відавочна, што ў апошнія гады ў адносінах з Расіяй ён у пазіцыі чалавека, які просіць. Канкрэтна на гэтым саміце нічога новага або дзіўнага я не ўбачыў — гэта абсалютна стандартныя паводзіны Лукашэнкі, які вельмі хоча спадабацца Пуціну.