Сяргей Навумчык: Беларусам варта спадзявацца толькі на сябе
Міжнародная актыўнасць адносна сітуацыі ў нашай краіне вельмі важная, але галоўнае залежыць ад таго, што робіцца і што будзе рабіцца ў самой Беларусі, піша журналіст, палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык.
Я не прыхільнік містыцызму, але не пакідае адчуванне, што беларускую дэмакратычную апазіцыю пераследуе нейкі злы рок: як толькі ўзнікае патрэба ў міжнароднай дапамозе — увага Захаду пераключаецца на нешта іншае. Найбольш красамоўны прыклад — прэзідэнцкія выбары 9 верасня 2001 года: назаўтра пасля «элегантнай перамогі» Лукашэнкі вядучыя сусветныя выданні напісалі пра масавыя фальсіфікацыі і ўзнялі пытанне — калі ж нарэшце свет усур’ёз возьмецца за апошняга дыктатара Еўропы? Але яшчэ праз дзень беларуская тэма была змытая на далёкую перыферыю: кіраваныя тэрарыстамі самалёты ўрэзаліся ў нью-ёрскія хмарачосы, усім стала не да Беларусі.
Як бы ні ставіцца да ідэі перамоў апанентаў рэжыму з Лукашэнкам, даводзіцца прызнаць, што без моцнай міжнароднай падтрымкі (у бок апазіцыі) і не менш моцнага ціску (на Лукашэнку) перамовы немагчымыя. Але трэба глядзець праўдзе ў вочы: афіцыйны Мінск можа пайсці на нейкія крокі толькі ў выніку адной з дзвюх умоў, адна з якіх — пазіцыя Масквы. Праўдай застаецца і тое, што прымусіць гэта зрабіць можа толькі раўназначны гулец, які знаходзіцца з Расіяй у роўнай палітычнай і ваеннай вагавай катэгорыі — ЗША. Еўрапейскі саюз можна нават не браць пад увагу — ён перманентна дэманструе хранічную слабасць, што і выявіў нядаўні феерычна правальны візіт у Маскву кіраўніка знешнай палітыкі ЕС.
У гэтым сэнсе цяжка ўявіць якія-небудзь горшыя адносіны паміж Масквой і Вашынгтонам, чым цяперашнія (акрамя вайны, канешне). Цяперашні абмен «кампліментамі» паміж Байдэнам і Пуціным зафіксаваў узровень нават не «халоднай вайны» часоў Брэжнева і Андропава, а супрацьстаянне гадоў позняга Сталіна. Да таго ж, у «крымскай» прамове Пуціна няцяжка пачуць не надта і прыхаваныя экспансіянісцкія намеры: ва ўсялякім разе, слоў пра створаныя бальшавікамі «квазідзяржавы» па перыметры сучаснай Расіі з 1991 года з вуснаў кіраўнікоў Расіі не гучала.
У такой сітуацыі для Пуціна пайсці на саступкі Байдэну ў тэме Беларусі і аслабіць «сацыяльна блізкага» Лукашэнку — азначае самому прадэманстраваць слабасць, а гэта ні пры якіх варыянтах не адпавядае інтарэсам гаспадара Крамля. Калі ў больш звыклых для яго тэрмінах — такое было б «не па-пацанску».
Канешне, было б памылкай змяншаць значнасць міжнароднай актыўнасці Рады БНР, офісу Ціханоўскай, дыяспаральных арганізацый у дзясятках краін свету, іх як адкрытыя, гэтак і кулуарныя сустрэчы. Гэта важна хаця б для ціску на рэжым у справе вызвалення палітычных вязняў.
Але, думаецца, галоўнае залежыць ад таго, што робіцца і што будзе рабіцца ў самой Беларусі. І тут я маю на ўвазе другую (а насамрэч, галоўную) умову — ціск на ўлады беларускага грамадства. Міжнародная падтрымка будзе наўпрост прапарцыйнай гэтаму ціску. І пры пэўных умовах ён можа дасягнуць такой сілы, што аніякія перамовы ўжо не спатрэбяцца.
І, калі вярнуцца да тэмы дзіўных ды неспрыяльных для апазіцыі супадзенняў, — хто ведае, магчыма, у іх ёсць і пэўны сэнс: нейкая вышэйшая сіла дасылае беларусам заклік спадзявацца толькі на сябе.