Паштовы блок — 20-годдзю дыпламатычных адносін Беларусі з Ізраілем
18 снежня ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылася прэзентацыя беларускага паштовага блока, прысвечанага 20-годдзю ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Ізраілем. Блок наміналам 15 тысяч рублёў з выявай характэрных беларускага і ізраільскага краявідаў, выпушчаны Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Беларусі на беларускай мове і іўрыт.
Як адзначыў начальнік упраўлення Азіі і Афрыкі Міністэрства замежных спраў Беларусі, былы амбасадар Беларусі ў Ізраілі Ігар Ляшчэня, сакрэт добрых міждзяржаўных адносін адначасова і просты, і складаны. Паводле слоў дыпламата, абодва бакі павінны абапірацца на вобласці ўзаемнага цяпла і дабрыні, узаемных інтарэсаў і выгады. “І тады на нейкім этапе абодва бакі будуць вымушаныя разумець адзін аднаго лепей па тых пытаннях, каторыя яшчэ не вырашаныя. Як чалавек, які нядаўна ўзначальваў амбасаду Беларусі ў Ізраілі, я рады адзначыць, што нашыя адносіны ідуць менавіта такім шляхам, — сказаў Ляшчэня. Выпуск паштовага блока ён назваў “знакавым сведчаннем таго, наколькі разнастайнымі і цёплымі сталі беларуска-ізраільскія адносіны, бо такога кшталту мерапрыемствы праходзяць у Мінску з удзелам няшмат якіх краін.
Амбасадар Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал падзякаваў беларускі бок за выпуск блока і назваў гэту падзею “вельмі сімвалічным жэстам, які з падзякай успрыняў ізраільскі бок. Паводле слоў дыпламата, ізраільска-беларускія адносіны заўсёды характарызаваліся шчырасцю і цеплынёю. Ізраіль і Беларусь злучаныя надзейным мостам чалавечых лёсаў: сёння на Зямлі Абяцанай жывуць 150 тысяч выхадцаў з Беларусі, у ёй нарадзіліся многія выбітныя асобы, што пакінулі яскравы след у гісторыі Ізраіля, сказаў Шагал.
Міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Мікалай Панцялей выказаў надзею, што паштовы блок не толькі распавядзе будучым пакаленням пра дружбу і супрацоўніцтва беларускага і ізраільскага народаў напрыканцы XX — на пачатку XXI стагоддзяў, але з цягам часу стане і філатэлістычным рарытэтам. Паводле ягоных слоў, народы Беларусі і Ізраіля злучае агульная гісторыя, у якой “нашыя продкі жылі пад адной страхою, сёрбалі адно гора, зведалі цяжкія выпрабваынні і прыгнёт.
Затым Ігар Ляшчэня, Іосіф Шагал і Мікалай Панцялей правялі гашэнне паштовых мініяцюр спецыяльным штэмпелем на канвертах першага дня і пакінулі на іх свае аўтографы.