«Ніхто не стаў на абарону суверэнітэту Беларусі — нават на словах»
Размяшчэнне ядзернай зброі вядзе Беларусь да страты суверэнітэту, лічыць кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. У дэмсілах чакалі больш рашучай рэакцыі Захаду на размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі і заклікаюць краіны-гаранты выканаць Будапешцкі мемарандум.
Першыя ядзерныя боегалоўкі ўжо перамешчаны і знаходзяцца ў Беларусі, заявіў 16 чэрвеня Уладзімір Пуцін. Аб планах РФ размясціць у Беларусі сваю тактычную ядзерную зброю расійскі прэзідэнт паведаміў у сакавіку 2023 года. Угаворваць на гэта Лукашэнку, падаецца, не прыйшлося: ён настойваў, што сам «даўно прасіў Пуціна» аб гэтым, і не раз паўтараў, што вывад ядзернай зброі з краіны быў памылкай, нагадвае «DW».
Заходнія палітыкі адрэагавалі на магчымае перамяшчэнне ў бяз'ядзерную краіну ядзернай зброі стрыманымі заявамі. Тым часам беларускія дэмакратычныя сілы заклікаюць да «жорсткіх дзеянняў». Інакш гэты крок, на іх думку,«прывядзе да поўнай страты палітычнай суб'ектнасці Беларусі».
Большасць насельніцтва Беларусі не падтрымлівае ядзерную зброю ў краіне
Выводзіць з Беларусі ядзерную зброю, якая дасталася ёй у спадчыну ад СССР, пачалі каля 30 гадоў таму. У лістападзе 1996 года апошнія ядзерныя зарады пакінулі тэрыторыю краіны. Праз амаль 27 гадоў, калі верыць словам прэзідэнта Расіі, яны вярнуліся ў Беларусь. Прытым што большасць насельніцтва Беларусі, у тым ліку перакананыя прыхільнікі Лукашэнкі, не падтрымліваюць размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі расійскай ядзернай зброі.
Сам жа Лукашэнка даў інтэрв'ю тэлеканалу «Расія 1» і выглядаў вельмі задаволеным тым фактам, што ядзерная зброя вяртаецца ў РБ. Яна, паводле Лукашэнкі, будзе выконваць стрымлівальную функцыю. Нягледзячы на тое, што кантраляваць зброю будзе Расія, беларускі палітык упэўнены, што ён зможа кіраваць ёй «тэлефонным званком». «Слухайце, калі пачнецца вайна, я што, буду глядзець па баках? Ды не. Зняў трубку — дзе б ён (Пуцін) ні быў. Ён патэлефанаваў — я зняў трубку, у любы момант. Нават вось цяпер. Таму ну ў чым праблема ўзгаднення нейкага там удару?» — заявіў Лукашэнка.
«Кантроль над суверэнітэтам Беларусі»
«Я казаў пра гэта мноства разоў: гэта зусім безадказна», — так у той жа дзень, 16 чэрвеня, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн пракаментаваў заяву Пуціна аб перамяшчэнні расійскай ядзернай зброі ў Беларусь.
Па словах дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена, Адміністрацыя прэзідэнта «ўважліва сочыць» за сітуацыяй у Беларусі і Расіі, аднак на дадзены момант не бачыць прычын мяняць ядзерную стратэгію. На думку амерыканскіх улад, няма ніякіх прыкмет таго, што Расія рыхтуецца ўжыць ядзерную зброю.
«Што тычыцца самой Беларусі, то гэта яшчэ адзін прыклад таго, як Лукашэнка робіць безадказны, правакацыйны выбар, саступаючы кантроль над суверэнітэтам Беларусі супраць волі беларускага народа», — заявіў Блінкен.
Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг заявіў, што Альянс «сур'ёзна ставіцца да таго, што Расія абвясціла аб размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі». З ягоных слоў, у NATO «бачылі падрыхтоўку да яе размяшчэння».
«За пару месяцаў такога сховішча не пабудаваць»
Павел Подзвіг, навуковы супрацоўнік Інстытута даследаванняў ААН у галіне раззбраення (Жэнева) сумняецца, што расійскую ядзерную зброю маглі так хутка перамясціць на тэрыторыю Беларусі. Ён тлумачыць, што для захоўвання ядзерных боезарадаў недастаткова «проста сцен або бункера» — для гэтага патрабуюцца спецыяльныя ўмовы: «Павінна быць пабудавана адэкватнае сховішча. Гэта даволі складанае інжынернае збудаванне з сістэмамі кантролю доступу да яго, абароны, не кажучы аб стварэнні кліматычных умоў. Я перакананы, што за пару месяцаў такога сховішча не пабудаваць».
Са слоў эксперта, такіх сховішчаў для ядзернай зброі на тэрыторыі Расіі блізу 30. Іх кантралюе 12-е Галоўнае ўпраўленне Мінабароны РФ. Подзвіг упэўнены, што іншым часцям гэтай функцыі перадаваць не будуць. «Я перакананы, што на інстытуцыянальным узроўні, на ўзроўні гэтага кіравання будзе моцны супраціў перамяшчэнню боезарадаў куды-небудзь з Расіі ў іншае месца. Вядома, выключаць такі сцэнар цалкам нельга: гэта ваенная структура — ёй могуць папросту загадаць. Проста для таго, каб даць Лукашэнку магчымасць рабіць якія-небудзь заявы, уласна боезарадаў на тэрыторыі Беларусі і не трэба», — лічыць эксперт.
Беларусь «прыкулі сталёвымі ланцугамі да РФ»
У беларускім дэмакратычным руху звяртаюць увагу на іншыя аспекты таго, што адбылося. «Ніхто не стаў на абарону суверэнітэту — нават на словах», — кажа Павел Латушка, кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) і чалец Аб'яднанага пераходнага кабінета. На ягоную думку, 16 чэрвеня адбылася «жудасная рэч»: «Фактычна нас забетанавалі, прыкулі сталёвымі ланцугамі да Расійскай Федэрацыі». Латушка ўпэўнены: нават калі расійскую ядзерную зброю яшчэ не перамясцілі на тэрыторыю Беларусі, гэта ўсё роўна адбудзецца ў бліжэйшы час.
Пры гэтым беларускія дэмакратычныя сілы разыходзяцца ў сваіх ацэнках з палітыкамі з ЕС і ЗША, якія мяркуюць, што росту пагрозы не адбываецца. «Нібыта ўсё роўна, дзе знаходзіцца ядзерная зброя: у Калінінградскай вобласці, на тэрыторыі Расіі ці ў Беларусі. Мы ж успрымаем гэту сітуацыю з пункту гледжання таго, што фактычна ў пятніцу было абвешчана аб страце Рэспублікай Беларусь свайго суверэнітэту. Акрамя гэтага, пасля размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі Лукашэнка страціў суб'ектнасць. Ён ніколі больш не дазволіць сабе сказаць тое, што будзе супярэчыць інтарэсам Крамля», — пракаментаваў Латушка.
Як ЕС і ЗША дзейнічаюць у дачыненні да Беларусі?
На думку Паўла Латушкі, у краін ЕС і ў ЗША дагэтуль няма стратэгіі, як дзейнічаць у дачыненні да Беларусі. «Адзіная краіна, якая мае стратэгію ў дачыненні да нашай — гэта Расія. Інструмент рэалізацыі гэтай стратэгіі — Саюзная дзяржава», — прызнае беларускі апазіцыйны палітык.
На яго думку, стрыманых заяў у адказ на размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі недастаткова:
Што ў сувязі з абвешчаным размяшчэннем расійскай ядзернай зброі ў Беларусі плануе рабіць сам Павел Латушка? «Буду дамагацца выпрацоўкі стратэгіі з пункту гледжання як Еўрасаюза, так і нашых амерыканскіх партнёраў. Вельмі выразнай, прадуктыўнай стратэгіі. Як вярнуць суб'ектнасць, незалежнасць і суверэнітэт нашай краіны? Цяпер ідзе гаворка пра існаванне дзяржавы Рэспубліка Беларусь. Мы павінны дакладна разумець, што калі цяпер не зможам нічога супрацьпаставіць гэтым планам, заўтра адбудзецца фармалізаваная з пункту гледжання юрыдычнага права анексія, паглынанне Беларусі Расійскай Федэрацыяй».