Пуцін: Першыя расійскія тактычныя ядзерныя зарады — ужо на тэрыторыі Беларусі
Кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін на Санкт-Пецярбургскім міжнародным форуме паведаміў, што першыя расійскія тактычныя ядзерныя зарады ўжо знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, а канчаткова іх перасоўванне завершыцца ці да канца лета, ці да канца года.
«Як вы ведаеце, мы вялі перамовы з нашай саюзнай дзяржавай, з Лукашэнкам аб тым, што мы частку тактычнай ядзернай зброі перамесцім на беларускую тэрыторыю. Гэта адбылося. Першыя ядзерныя зарады дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі», — заявіў прэзідэнт РФ.
Ён дадаў, што «да канца лета, да канца года» ўсе расійскія ядзерныя зарады, якія павінны быць перамешчаныя, апынуцца на тэрыторыі Беларусі.
«Мы гэтую працу выканаем цалкам і поўнасцю. Гэта як элемент стрымлівання. Каб усе, хто задумваюцца аб тым, каб нанесці нам стратэгічную паразу, не забывалі пра гэтую акалічнасць», — сказаў Пуцін.
Нагадаем, што 25 траўня міністры абароны Расіі і Беларусі падпісалі дакументы аб размяшчэнні тактычнай ядзернай зброі на беларускай тэрыторыі.
А яшчэ тыдзень таму, 9 чэрвеня, на сустрэчы з Лукашэнкам Пуцін паведаміў, што размяшчэння расійскай ядзернай зброі ў Беларусі пачнецца адразу ж пасля таго, як 7-8 ліпеня завершыцца падрыхтоўка сховішчаў для яго.
«Па найбольш адчувальных пытаннях, пра якія мы з вамі дамаўляліся, усё ідзе па плане. Вы ведаеце, 7-8 ліпеня заканчваецца падрыхтоўка адпаведных збудаванняў. І адразу ж пачнем мерапрыемствы, звязаныя з размяшчэннем на вашай тэрыторыі адпаведных відаў зброі. Так што ўсё па плане, усё стабільна», — сказаў тады Пуцін.
Яшчэ раней размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі планавалася на 1 ліпеня.
Палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык, каментуючы гэтую заяву, напісаў: «Цалкам згодны з тымі, хто ў размяшчэнні расійскай ядзернай зброі ў Беларусі бачыць не жаданне папужаць, а падрыхтоўку да ўдару па цэнтральным і заходнім рэгіёнам Украіны. Падобна, заходнія палітыкі не ўсведамляюць усёй вастрыні небяспекі (калі толькі іх заспакойваючыя заявы — не частка дэзінфармацыі).
Увогуле, ядзерная зброя ў Беларусі — вывад вайны супраць Украіны на якасна іншы ўзровень, але не толькі. І калі цяпер не будзе крокаў на апярэджанне, — можа быць позна. Быў перыяд, калі Гітлера можна было спыніць — і потым надышоў час, калі гэта ўжо зрабілася немагчымым. Выглядае, цяпер свет на падобнай мяжы».