«Усё згодна з планам, усё стабільна»: Ядзерная зброя ў Беларусі будзе праз месяц?

Пуцін заявіў, што Расія пачне размяшчаць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі праз месяц — у ліпені. Відаць, гэта стала навіной і для кіраўніка Беларусі.

za_vajnu.png

Кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін заявіў, што расійскую тактычную ядзерную зброю пачнуць размяшчаць у Беларусі пасля таго, як у ліпені будуць гатовы неабходныя збудаванні.

Пра гэта Пуцін заявіў на сустрэчы з Лукашэнкам у Сочы сёння, 9 чэрвеня, піша «Інтэрфакс».

«Па найбольш адчувальных пытаннях, пра якія мы з вамі дамаўляліся, усё ідзе згодна з планам. Як вы ведаеце, 7—8 ліпеня заканчваецца падрыхтоўка адпаведных збудаванняў, і адразу ж пачнём мерапрыемствы, звязаныя з размяшчэннем на вашай тэрыторыі адпаведных відаў узбраенняў. Усё паводле плана, усё стабільна», — сказаў Пуцін.


Нагадаем, у сакавіку Пуцін раптоўна абвясціў, што Расія размесціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю. У канцы траўня міністры абароны РФ і Беларусі Сяргей Шайгу і Віктар Хрэнін падпісалі адпаведныя дакументы. Тады ж Аляксандр Лукашэнка заявіў, што перамяшчэнне ядзерных боепрыпасаў у Беларусь ужо пачалося.


Навумчык: Лукашэнка адкінуў Беларусь у сэнсе яе самастойнасці больш як на сто гадоў назад

Журналіст і палітык Сяргей Навумчыкзаявіў у сваім тэлеграме, што цяперашняя сустрэча Пуціна і Лукашэнкі сведчыць аб тым, што кіраўнік Беларусі меў «даволі цьмянае ўяўленне пра графік размяшчэння на тэрыторыі Беларусі расійскай ядзернай зброі».

«З гэтага вынікае, што тэрыторыю гэту ён кантралюе значна менш, чым, напрыклад, у савецкі час першы сакратар ЦК КПБ: Мазураў, Машэраў, Кісялёў па пасадзе ўваходзілі ў Палітбюро і былі часткай таго, што называлі «савецкім кіраўніцтвам». Лукашэнка і блізка не мае такога статусу.

За 29 гадоў узурпацыі ўлады Лукашэнка адкінуў Беларусь у сэнсе яе самастойнасці больш як на сто гадоў назад, у які 1916 год, калі рускі цар высвятляў адносіны з нямецкім кайзерам на спінах беларусаў.