Вялікі майстар геапалітычных стратагемаў выдаў галоўную буржуінскую таямніцу

Беларускі кіраўнік паказаў усім сваю геапалітычную веліч. А ўчора яшчэ і раскрыў вочы кіраўнікам спецслужбаў калектыўнай бяспекі на планы падступнага Захаду. Толькі што сакрэтныя карты не паказваў, піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

Банер ад казахстанскіх фанатаў. Фота sport.24tv.ua

Банер ад казахстанскіх фанатаў. Фота sport.24tv.ua

Учора хтосьці таксама адбіваў украінскае контрнаступленне. Не з такімі, вядома, ашаламляльнымі вынікамі, як генерал Шайгу.

Генерал Шайгу знішчыў ужо больш за пяць тысяч украінскіх вайскоўцаў і 52 танкі (з якіх тры аказаліся двума камбайнамі і адным трактарам), а сёй-той — толькі дзве тысячы салдат і трыццаць танкаў. Ну дык сёй-той, у адрозненне ад генерала Шайгу, усё ж такі не генерал і не нашчадак Субедзедзея.

Аднак таксама вялікі стратэг. Папярэджваў ён, што ўкраінскае наступленне — суцэльная дэзінфармацыя? Папярэджваў. Казаў, што ніякага наступлення няма, не было і быць ніколі не можа? Казаў. І хто, пытаецца, меў рацыю? Няма ніякага наступлення. Таму яны з генералам Шайгу адбілі яго ўжо тры разы. А каб схаваць наступленне, якога ніколі не было і не будзе, украінцы і ўзарвалі Кахоўскую ГЭС. Лагічна? Лагічна.

Узарвалі — і сядзяць сабе ціхенька, таму пасля сакрушальнай паразы ў ходзе наступлення, якога не магло быць, наступаць больш яны ўжо не могуць. А Расія пацярпела ашаламляльную перамогу. Таму трэба тэрмінова садзіцца за стол перамоваў. Вось прама цяпер. Ну, мабыць, каб у саюзніка не здарылася іншых зруйнавальных перамог. Жалезная логіка.

Карацей, вялікі стратэг і чалавек глабальнага маштабу. Спецыяліст па ЗША, НАТА, ЦРУ, плане Далеса, дыпламатычных альянсах і геапалітычных балансах. Учора раскрыў вочы кіраўнікам спецслужбаў калектыўнай бяспекі на планы падступнага Захаду. Толькі што сакрэтныя карты не паказваў. Але затое выдаў галоўную буржуінскую таямніцу. Аказваецца, ім трэба, каб Украіна перамагла.

Уяўляеш! Мы з табой думалі: «навошта Захад пастаўляе Украіне зброю?», «чаму ўводзіць супраць Расеі санкцыі?», «для чаго стварае ўсякія кааліцыі?», «што ён такога наогул задумаў?». А яно ж вунь як выходзіць. Вунь якая ў Захаду, аказваецца, «залатая мара». Сам бы ў жыцці не здагадаўся. А сёе-тое здагадаўся. Таму што вялікі майстар геапалітычных стратагемаў.

Грандыёзная ж была задума два гады таму — запіраціць самалёт Ryanair. Пратасевіча, дзеля якога саджалі самалёт, праўда, прыйшлося адпусціць. І Соф'ю Сапегу не атрымалася ўтрымаць у якасці суцяшальнага прыза.

Аднак затое ўсім паказаў сваю геапалітычную веліч. Застаўся без Пратасевіча, Сапегі, але з санкцыямі, банам на палёты і статусам саўдзельніка агрэсіі. Вось не пасадзіў бы самалёт — дык быў бы і без Пратасевіча з Сапегай, і без санкцый. А так адразу бачны стратэгічны геній і здольнасць да доўгатэрміновага планавання.

P. S. Зрэшты, пра стратэгічны геній усё было зразумела яшчэ задоўга да таго, як сокалы скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.