Будучыня Расіі: хто перашкаджае, той і дапаможа
«Гісторыю апошніх 100 гадоў Расіі можна ў святле гэтай гіпотэзы падзяліць на цыклы, вельмі ўмоўна — па 12 гадоў кожны, калі папераменна ў палітычным жыцці краіны дамінавалі то армія, то спецслужбы», — піша доктар гістарычных навук Уладзімір Пастухоў і прадказвае змену трэнду расійскай гісторыі дзесьці праз год.
«Трохі пра метафізіку ў феномене Прыгожына і Ко.
Дзесьці ў самым пачатку нулявых я крыху жартам, крыху ўсур'ёз прыдумаў тэорыю ваенна-чэкісцкіх цыклаў у дачыненні да палітычнай гісторыі савецкай і постсавецкай Расіі.
Спачатку я апублікаваў гэту тэорыю на паліт.ру і ў «Новай газеце», потым у разгорнутым выглядзе яна ўвайшла ў адну з маіх кніжак.
А цяпер, калі я назіраю за бягучымі палітычнымі перыпетыямі, дык раптам усвядоміў, што гэтая нічым не пацверджаная і мала на што падобная гіпотэза працягвае працаваць, і таму ёсць сэнс у вельмі кароткай форме пра яе нагадаць.
Згадаем, што ў Савецкай Расіі ніколі не было ўмоў для адкрытай палітычнай барацьбы, таму высвятленне адносін паміж рознымі фракцыямі эліты адбывалася ў закрытым рэжыме «сутычкі бульдогаў пад дываном».
У гэтай сутычцы розныя кланы вымушаны былі абапірацца на нейкую рэальную сілу: гэта значыць альбо на войска, альбо на палітычную паліцыю (АДПУ/НКУС/КДБ/МДБ/ФСБ).
Гэтыя дзве сілы знаходзіліся ў пастаяннай канкурэнцыі адна з адной, але ў кожны канкрэтны момант часу палітычна дамінавала адна з іх. Адпаведна, можна вылучыць вайсковыя і чэкісцкія перыяды.
Гісторыю апошніх 100 гадоў Расіі можна ў святле гэтай гіпотэзы падзяліць на цыклы, вельмі ўмоўна — па 12 гадоў кожны, калі папераменна ў палітычным жыцці краіны дамінавалі то армія, то ахранка.
- Перыяд з 1917 года (рэвалюцыя) па 1929 (заняпад НЭПа, уцёкі Троцкага) — час арміі.
- З 1929 года да пачатку вайны — эпоха Вялікага тэрору, палітычнага разгрому арміі і дамінавання палітычнай паліцыі.
- З 1941 года (пачатку вайны) да 1953-га (ваенны пераварот, арганізаваны Хрушчовым) — час відавочна быў за арміяй.
- З 1953-га па 1965-ты сам Хрушчоў пераважна абапіраўся на новае пакаленне чэкістаў.
- Эпоха Брэжнева, да пачатку яго заняпаду з 1965 па 1977 гады — час закладвання ядзернага парытэту і час арміі.
- Ад прыходу Андропава ў ЦК да 1989 года, калі адбыўся фактычны крах савецкай сістэмы, працягваўся вельмі важны цыкл дамінавання спецслужбаў, якія і вынасілі ў сваім чэраве Перабудову.
- З 1989 па 2001 год — час арміі, час губернатараў-генералаў і ўсялякіх лакальных войнаў, якімі яны рулілі.
- Перыяд з 2001 года, калі Пуцін упершыню праявіў сябе як самастойны гулец, і да 2013 года, калі ён падвёў Расію да вайны, стаў эпохай рэваншу спецслужбаў і прыніжэння арміі, сімвалам чаго была рэформа Сердзюкова.
- З уступленнем Расіі ў вайну пачаўся новы армейскі цыкл, візітнай карткай якога былі Пуцін з Шайгу ў тайзе.
- Унутры гэтага цыкла мы пакуль жывём, але яго фінішная прамая ўжо праглядаецца з пагорка.
Змену цыкла з чэкісцкага на армейскі ў 2013 годзе я паспеў прадказаць за некалькі гадоў да анексіі Крыма.
Надышоў час зрабіць наступны крок — і прадказаць вяртанне спецслужбаў на першую лінію ў 2024–2025 гадах.
Зыходзячы толькі з логікі цыклаў, можна меркаваць, што вайну гэту будзе разрульваць не войска, а ФСБ, якая таксама выйдзе пераможцам у спаборніцтве па перакідванні адказнасці за СВА «на суседа».
Армія, наадварот, асуджана стаць палітычным «казлом адпушчэння», і ёй наўрад ці ўдасца выкруціцца з гэтага капкана. Для таго і патрэбны Прыгожын, каб праз год ужо для самай апошняй бабулькі ў самым далёкім куце Расіі не было сумневаў, хто ж ва ўсім гэтым вінаваты.
З некаторай доляй упэўненасці можна выказаць здагадку, што воляй-няволяй (дзякуй Мінюсту за падказку) ФСБ згуляе ролю калектыўнага «иноагента» — замежнага агента — і стане драйверам змяненняў, якія сёння нам усім здаюцца неймавернымі. Усё будзе, як у Гайдая: хто нам перашкаджае, той нам і дапаможа...»