472-гі дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: атакі на Адэскую, Сумскую, Харкаўскую вобласці і абстрэл Крыма

Вайна паступова перамяшчаецца на расійскую тэрыторыю, але расійцы па-ранейшаму працягваюць абстрэлы тэрыторыі Украіны па-за лініяй фронту.

Ва Украіне ідзе 472-гі дзень вайны. Ілюстрацыйнае фота: faceboook.com/GeneralStaff.ua

Ва Украіне ідзе 472-гі дзень вайны. Ілюстрацыйнае фота: faceboook.com/GeneralStaff.ua


***

Падчас расійскай атакі беспілотнікамі на Адэскую вобласць сіламі СПА ВСУ знішчаныя ўсе дроны «Shahed-131/136», паведамляе аператыўнае камандаванне «Поўдзень». У выніку падзення абломкаў адбыўся пажар. Паводле папярэдняй інфармацыі, загінулі тры чалавекі, больш за 10 атрымалі раненні. Выбухной хваляй пашкоджаныя некалькі жылых дамоў. Інфармацыя пра пацярпелых удакладняецца.

Таксама ўкраінскія сілы СПА збілі дзве з васьмі ракет наземнага базавання (тып удакладняецца) і 20 з 35 ударных дронаў «Shahed-136/131», выпушчаных расійскімі войскамі мінулай ноччу з раёна ўсходняга ўзбярэжжа Азоўскага мора, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ. Паводле іх звестак, па адным з аператыўных аэрадромаў у Палтаўскай вобласці быў нанесены ўдар балістычнымі і крылатымі ракетамі тыпу «Іскандэр», а таксама іранскімі БПЛА; Харкаўскую вобласць абстралялі ўдарнымі дронамі.

За мінулыя суткі расійцы здзейснілі 16 абстрэлаў Сумскай вобласці, усяго зафіксавана 133 выбухі, паведамляецца ў Telegram ваеннай адміністрацыі рэгіёна. Удакладняецца, што абстрэлам падвергліся Юнакоўская, Белапольская, Мірапольская, Краснапольская, Шалыгінская, Новаслабадская, Вялікапісараўская абшчыны.

Пры абстрэле расійскімі войскамі Карабельнага раёна Херсона параненыя двое валанцёраў — мужчыны 52 і 25 гадоў. Яны аказвалі дапамогу людзям, якія пацярпелі ад падтаплення, паведаміў кіраўнік Херсонскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін. Паводле яго, параненыя дастаўленыя ў шпіталь.

***

Сістэма супрацьпаветранай абароны збіла раніцай у суботу ў Крыме дзве ўкраінскія балістычныя ракеты, паведаміў так званы «кіраўнік» анексаванага РФ паўвострава Сяргей Аксёнаў. «Раніцай сіламі СПА збітыя дзве балістычныя ракеты, запушчаныя ўкраінскім АТРК "Гром-2". У выніку атакі ахвяр і пацярпелых няма», — напісаў ён у сваім Telegram-канале.

Пра перыядычную працу СПА ў Крыме і Севастопалі паведамляецца са жніўня 2022 года, адзначае «Інтэрфакс». У асноўным гаворка ідзе пра невялікія беспілотнікі, паведамлялася таксама пра два адбітыя напады балістычных ракет.

У Крыме і Севастопалі дзейнічае высокі, «жоўты», узровень тэрарыстычнай небяспекі, а таксама рэжым сярэдняга ўзроўню рэагавання.

***

Белгарадскі губернатар Вячаслаў Гладкоў паведаміў пра аднаго пацярпелага і пашкоджаннях пры абстрэлах з боку Украіны за мінулыя суткі

«Па Шэбекінскай гарадской акрузе выпушчана 82 адзінкі розных боепрыпасоаў, зафіксавана восем скідаў выбуховых прылад з БПЛА. У Шэбекіне ўдары наносіліся па краях горада. Пацярпелых няма», — напісаў Гладкоў.

Паводле яго звестак, таксама зафіксаваныя абстрэлы Новай Тавалжанкі, вёсак Мурам, Бялянка, Ніжняе Бярозава, Жураўлёўка, Нехацееўка, Разумнае, Цішанка, Смародзіна і Дронаўка. Загінулых няма, пацярпела адна жанчына, але ад шпіталізацыі яна адмовілася.

У Белгарадзе, паводле інфармацыі Гладкова, на офісны будынак упаў беспілотнік з выбуховым прыстасаваннем. Дэтанацыі не адбылося, але дрон загарэўся. Ніхто не пацярпеў.

***

Украіна за апошнія 48 гадзін правяла «значныя аперацыі» ў цэлым шэрагу раёнаў усходняй і паўднёвай часткі краіны, паведаміла брытанская выведка ў сваёй штодзённай зводцы ў Twitter. У ёй адзначаецца, што на некаторых участках украінскія войскі, верагодна, дамагліся «добрага прагрэсу», прабіўшы першую лінію расійскай абароны. Адначасова на іншых участках прагрэс «больш павольны».

Вынікі расійскіх войскаў брытанская выведка ацэньвае як «змешаныя»: некаторыя расійскія падраздзяленні праводзяць паспяховыя манеўрана-абарончыя аперацыі, у той час як іншыя адступалі «ў некаторым беспарадку», пры гэтым усё часцей паступаюць паведамленні пра тое, што расейцы нясуць страты, бо адступаюць праз свае ўласныя мінныя палі.

Брытанская выведка таксама звяртае ўвагу на незвычайна вялікую актыўнасць расійскай авіяцыі над Паўднёвай Украінай, дзе паветраная прастора ўяўляе для Расіі менш пагроз, чым у іншых рэгіёнах Украіны. Застаецца незразумелым, ці былі расійскія тактычныя авіяўдары эфектыўнымі, адзначаецца ў зводцы.

***

Суадносіны інфармацыі ў медыйнай прасторы адносна прычын катастрофы на Кахоўскай ГЭС, на думку спецыялістаў амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW), кажа на карысць таго, што расійцы наўмысна пашкодзілі плаціну. У гэтай сувязі эксперты ISW нагадваюць пра заявы адразу некалькіх незалежных адна ад адной крыніц. У прыватнасці, у нарвежскім Цэнтры сейсмічнага маніторынгу «NORSAR» паведамілі пра сейсмічныя даныя, якія паказваюць на выбух, зафіксаваны 6 чэрвеня ў 2.54 па мясцовым часе ў раёне ГЭС. Газета «The New York Times» прывяла словы высокапастаўленага супрацоўніка Белага дома пра тое, што амерыканскія спадарожнікі-шпіёны з інфрачырвонымі датчыкамі зафіксавалі выбух на плаціне. Выданне «The Wall Street Journal» прывяло меркаванні шэрагу інжынераў і экспертаў па боепрыпасах, якія таксама лічаць, што катастрофа адбылася ў выніку выбухаў у некалькіх найбольш уразлівых месцах збудавання.

***

У Херсонскай вобласці зніжаецца ўзровень вады пасля затаплення, якое адбылося з-за разбурэння плаціны Кахоўскай ГЭС. Паводле стану на вечар 9 чэрвеня ўзровень вады складаў 5 метраў. Пра гэта паведаміў у Telegram кіраўнік Херсонскай АВА Аляксандр Пракудзін. Усяго ў рэгіёне затоплена 35 населеных пунктаў, у вадзе знаходзяцца больш за 3700 дамоў. «Аднак вада адступае. Калі раніцай сярэдні паказчык узроўню вады дасягаў 5 метраў 38 сантыметраў, то да вечара ён знізіўся да 5 метраў. У Херсоне вада адышла да адзнакі 5 метраў 8 сантыметраў, што на 60 сантыметраў ніжэй за максімальны ўзровень», — заявіў Пракудзін.

***

Як паведаміў «Бі-бі-сі» каардынатар групы валанцёраў, якая працуе на левым — падкантрольным Расіі — беразе Дняпра, абстаноўка працягвае заставацца складанай:

  • На раніцу 10 чэрвеня ёсць 1751 заяўка на эвакуацыю з зоны затаплення (па некаторых адрасах знаходзяцца некалькі чалавек). У тым ліку ў вывазе маюць патрэбу 117 дзяцей, 32 маламабільныя чалавекі і 183 пенсіянеры.
  • Сваякі не могуць знайсці і аднавіць сувязь прынамсі з 395 людзьмі з населеных пунктаў Алешкі, Голая Прыстань, Крынкі і Каханы.
  • Валанцёрам вядомыя імёны двух чалавек, якія не дачакаліся дапамогі і загінулі падчас затаплення, адзін з іх 1948 года нараджэння.
  • Валанцёрам з ліку мясцовых жыхароў удалося заехаць у населены пункт Саланцы, дзе яны змаглі перадаць ваду, ежу і медыкаменты некалькім дзясяткам чалавек, якія трое сутак чакалі дапамогі. Таксама змаглі забраць некалькіх самых цяжкіх пацярпелых.

***

За мінулыя суткі расійцы нанеслі 8 ракетныя і 74 авіяцыйныя удары, здзейснілі 62 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах, паведамляе Генштаб УСУ. На вялікі жаль, ёсць загінулыя і параненыя сярод грамадзянскага насельніцтва, разбурана і пашкоджана бальніца ў горадзе Гуляйполе, прыватныя жылыя дамы горада Звягель Жытомірскай вобласці, пашкоджаны дом культуры ў Ачакаве Мікалаеўскай вобласці і іншая грамадзянская інфраструктура ў Адэскай вобласці.

Праціўнік засяроджвае асноўныя намаганні на спробах поўнай акупацыі Луганскай і Данецкай абласцей, працягваюцца цяжкія баі. За мінулыя суткі на паказаным участку фронту адбылося 34 баявыя сутыкненні.

Авіяцыя сіл абароны Украіны за мінулыя суткі нанесла 19 удараў па раёнах засяроджвання асабістага саставу і 2 — па зенітна-ракетных комплексах праціўніка.

Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі на працягу мінулых сутак разбілі 4 пункты кіравання, 6 раёнаў засяроджвання жывой сілы, узбраення і ваеннай тэхнікі, 3 склады боепрыпасаў і 5 артылерыйскіх падраздзяленняў праціўніка на агнявых пазіцыях.

Усяго ўкраінскія войскі ліквідавалі 890 расійскіх акупантаў, знішчылі 8 танкаў, 7 баявых браніраваных машын, 15 артылерыйскіх сістэм, адну РСЗА, 3 сродкі СПА, 16 БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню, 5 крылатых ракет, 18 аўтамабіляў і 5 адзінак спецыяльнай тэхнікі.