Тышкевіч: змены ў законе аб надзвычайным становішчы — спроба паставіць мыліцу на мыліцы
Палітаналітык Ігар Тышкевіч адзначае: «Умоўна кажучы, беларускім уладам падалося, што рыхтуецца напад — і без праблем можна ўводзіць ваеннае становішча».
Законапраект, што прадугледжвае змены ў цэлым шэрагу
заканадаўчых актаў па пытаннях бяспекі, унесены ў парламент РБ і апублікаваны
на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Сярод іншага, новаўвядзенні
закранаюць законы аб мабілізацыі, Узброеных сілах, надзвычайным і ваенным
становішчы.
Так, у пералік падстаў для ўвядзення ваеннага становішча прапануецца ўнесці «дзеянні іншай дзяржавы, якая дазваляе выкарыстоўваць сваю тэрыторыю трэцім дзяржавам, экстрэмісцкім фарміраванням для нападзення на Рэспубліку Беларусь», а таксама засылку «ўзброеных груп, наймітаў ці падраздзяленняў рэгулярных войскаў, якія прымяняюць узброеную сілу» супраць Беларусі.
А надзвычайнае становішча можа быць уведзена пры спробах «гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, узброенага мяцяжу, захопу дзяржаўнай улады, масавых і іншых беспарадкаў». Прычым права на яго ўвядзенне атрымлівае не толькі кіраўнік дзяржавы, але і Усебеларускі народны сход — у выпадку «бяздзеяння» першага.
Выглядае на тое, што беларускія ўлады ўспрымаюць як патэнцыйную небяспеку Полк К*ліноўскага альбо напалоханы дыверсіямі ў расійскім тыле і не жадалі б стаць другой Белгародчынай. Але, магчыма, проста падсцілаюць сабе салому на будучыню, каб мець магчымасць здушыць найменшыя пратэсты грамадства супраць рэжыму?
— Пра матывацыю можна думаць рознае, але па факце мы маем спробу пашырыць нагоды для ўвядзення ваеннага і надзвычайнага становішча, — зазначае ў інтэрв'ю «Филину» аналітык Украінскага інстытута будучыні Ігар Тышкевіч. — Таксама заўважу, што прапануюцца змены ў законе пра мабілізацыю.
На думку Ігара Тышкевіча, улады жадаюць мець магчымасць у любы момант увесці метады прамога, дырэктыўнага кіравання, не зважаючы нават на існую прававую базу — «фактычна, гаворка пра абсалютную ўладу, нават у параўнанні з тым, што ёсць цяпер у Беларусі».
— Вельмі цікавыя моманты ёсць у матывацыйнай частцы ўвядзення ваеннага становішча, — гаворыць Ігар Тышкевіч. — Акрамя засылкі ўзброеных груп, там сярод іншага згадваецца канцэнтрацыя войскаў, падрыхтоўка і гэтак далей — то-бок тое, што з’яўляецца суб’ектыўнымі рэчамі. Умоўна кажучы, беларускім уладам падалося, што рыхтуецца напад — і без праблем можна ўводзіць ваеннае становішча.
І гэта рэальна пашырае поле і магчымасці легальна, праз унясенне ў заканадаўства, у любы момант перайсці да прамога кіравання краінай. Прытым уведзенае ваеннае становішча можа працягвацца столькі, колькі трэба.
Яшчэ адна рэч мне разанула вока ў дакуменце: калі мы гаворым пра мабілізацыю і мабілізацыйную падрыхтоўку (закон аб ёй таксама прапануецца змяніць), то ва ўсіх абзацах раней пазначаныя «Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь» змяняюцца на «Узброеныя сілы», дзе згадвалася заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якое рэгулявала гэтыя пытанні, цяпер ідзе проста «заканадаўства».
І гэта вельмі моцная небяспека.
Калі на наступным этапе пачнуць казаць пра існуючую не на паперах, а ў рэальнасці так званую аб’яднаную групоўку войскаў, ці войска Саюзнай дзяржавы, то ўзнікае пытанне: паводле якога закона будуць мабілізаваць грамадзян Беларусі? І ў якіх войсках яны будуць служыць? «Узброеныя сілы» ці «Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь» — розніца істотная.
— Законапраект пашырае і пералік падстаў для ўвядзення надзвычайнага становішча — сярод іншага гаворка пра «ўзброены мяцеж». Але ж у Беларусі зброя напералік, нават таварыства паляўнічых і рыбаловаў узначальвае экс-кіраўнік МУС Ігар Шуневіч. То аб чым гаворка: улады настолькі не давяраюць уласнай арміі?
— Рэч у тым, што ўводзіцца новы тэрмін — «узброены мяцеж», але яго вызначэння ў беларускім заканадаўстве няма. Адпаведна, трактаваць гэту фармулёўку можна будзе вельмі шырока — пачынаючы ад таго, што на мітынгу хтосьці з дэманстрантаў кіне выбуховы пакет. Зброя? Так. Альбо мяцеж у вязніцы.
Фактычна, калі няма дакладнага вызначэння, то напоўніцу працуе свабода ўяўлення, фантазіі ў таго, хто зацікаўлены пры жаданні абвясціць мяцяжом што заўгодна.
Што да права ўвядзення надзвычайнага і ваеннага становішча, якое нададзена Усебеларускаму народнаму сходу пры «бяздзейнасці прэзідэнта», тут, мяркуе аналітык, пытанне да кваліфікацыі саміх беларускіх заканатворцаў.
— Лукашэнка разлічвае, калі давядзецца сыходзіць, мець для сябе рэзервовую пляцоўку — Усебеларускі народны сход. Але я б не так баяўся гэтай нормы. Па-першае, за такія рашэнні сход мусіць галасаваць поўным складам, а гэта дахалеры людзей. А па-другое, па дзейным заканадаўстве, улада і выканаўчыя працэдуры перадаюцца ўсё ж іншым органам — Радзе бяспекі, Саўміну і г.д.
І ў такім фармаце можна колькі заўгодна прапісваць паўнамоцтвы Усебеларускага народнага сходу, каб пацешыць самалюбства аднаго асобна ўзятага беларуса, але як гэта будзе працаваць у рэальнасці?
Уявім, што Лукашэнка пачаў транзіт, выдумаў сабе пасаду старшыні прэзідыума УНС — такі імператар, абкладзены з усіх бакоў падушкамі, і зверху падвешаны німб. Але што, калі наступнік вырашае весці іншую палітыку?
Вось нешта здарылася, сабралі УНС, Аляксандр Рыгоравіч стукнуў кулаком па стале і сказаў, што трэба ўвесці надзвычайнае становішча, прагаласавалі. Цудоўна. Але, на хвіліначку, у момант транзіту Рада бяспекі іншая, Савет Міністраў іншы, і наступнік мае ўсе магчымасці сказаць: дзякуйце, таварышы, але не. І ў выпадку патрэбы першае, што ён робіць — распускае той Усебеларускі народны сход.
Таму гэта прапанова — сведчанне дэградацыі сістэмы падрыхтоўкі заканадаўчых актаў. Ёсць жаданне напісаць новыя законы, але, калі ў абойме пры ўладзе ідзе негатыўны адбор і замест разумных выбіраюць паслухмяных, рана ці позна такія перлы здараюцца.
Ігар Тышкевіч прыводзіць красамоўны прыклад з нядаўняга мінулага:
— Давайце згадаем, як афіцыйны Мінск казаў пра саўдзел у агрэсіі супраць Украіны: мы, маўляў, ні на кога не нападалі, гэта Расія, мы толькі прадаставілі сваю тэрыторыю. А цяпер глядзім у Закон РБ «Аб ваенным становішчы», артыкул 4, дзе напісана, што прызнаецца нападам, незалежна ад абвяшчэння вайны, «…дзеянні іншай дзяржавы (кааліцыі іншых дзяржаў), якая дазваляе выкарыстоўваць сваю тэрыторыю трэцяй дзяржаве для нападу».
Атрымліваецца, што атачэнне Лукашэнкі, якое сцвярджала «мы не нападалі», распісваецца ў няведанні ўласнага заканадаўства. Я ўжо не кажу пра новую Канстытуцыю, 18 артыкул якой нормай прамога дзеяння выключае агрэсію з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Відавочна, гаворыць аналітык, што беларускія ўлады імкнуцца абкласціся падушкамі бяспекі на ўсе выпадкі жыцця. Аднак пры выжыванні ва ўмовах палітычнага крызісу на любую крытыку глядзяць як на праяву варожасці — і гэта тычыцца не толькі апанентаў рэжыму, але і тых, хто працуе на вертыкаль.
— Таму гэтыя людзі баяцца крытыкаваць, указваць нават на шчырыя «ляпы», якія пасля будуць біць па самім жа атачэнні Лукашэнкі. І яўных неадпаведнасцей, абсурду ў новых законапраектах проста не бачаць — альбо бачаць, але лічаць за лепшае прамаўчаць. Чым больш будзе такіх супярэчлівых момантаў, якія, з аднаго боку, развязваюць рукі, але з другога, дазваляюць рабіць што заўгодна ў абодва канцы, тым горш для самой сістэмы.
Ліхаманкавыя спробы ўнесці дадатковыя змены нават у свежыя законы («Закон аб надзвычайным становішчы», прыкладам, правіўся толькі летам 2021 года) выглядаюць як затыканне дзірак, спроба паставіць мыліцу на мыліцу або латку на латку на старой вопратцы. Аднак калі твая вопратка ператвараецца ў лахманы, куча новых лапікаў не робіць яе ані мацнейшай, ані зручнейшай. Гэтыя лапікі толькі муляюць, ты нібыта сам сябе заспакойваеш, але не ведаеш, дзе парвецца наступнага разу.