«Калі ўбачым сустрэчны канструктыў — супер». Пра што размаўлялі каліноўцы і Святлана Ціханоўская
Упершыню з пачатку вайны ва Украіне прадстаўнікі палка Каліноўскага сустрэліся з лідаркай дэмакратычных сіл Беларусі Святланай Ціханоўскай. Паводле слоў байца падраздзялення з пазыўным «Марк», размова праходзіла спакойна. «Крычаць і перакрыкваць кагосьці — гэта нешта несур'ёзнае, — адзначыў ён. — Мы можам размаўляць вельмі ціха і пры гэтым чуць адзін аднаго». Пра тое, што абмяркоўвалі на сустрэчы, Марк распавёў «Люстэрку».
Сярод тых, хто ўдзельнічаў у гутарцы, таксама былі дэпутат
Вярхоўнай рады Украіны Аляксей Ганчарэнка, народны дэпутат ад кіруючай партыі
«Слуга народа» Багдан Ярэменка.
— Давайце пачнём з таго, як вы трапілі на гэту сустрэчу і
хто яе арганізаваў?
— Мы не так даўно выехалі з Бахмута. Цяпер у нас час
навучання. Мне сказалі, што з ініцыятывы ўкраінскіх дэпутатаў, якія добра
ставяцца да палка і ў якіх баліць душа за будучыню Беларусі, будзе арганізаваны
медыятарскі зум са Святланай Ціханоўскай <...>, каб беларусы, якія хочуць
жыць у нармальнай дэмакратычнай краіне, пачалі размаўляць.
— Калі ўкраінскі бок загаварыў пра сустрэчу, як адрэагавалі
ў палку? Да гэтага было адчуванне, што ў падраздзялення і Офіса не
атрымліваецца кантактаваць.
— Я гляджу на гэту сітуацыю так: у нас з'явілася магчымасць
данесці свае думкі, задаць пытанні і атрымаць на іх адказы. І, можа быць, гэта
неяк палепшыць нашу сітуацыю.
— Пра што гаварылі?
— Святлана Георгіеўна выказала сваё захапленне байцамі палка
Каліноўскага. Такая стандартная працэдура. Словы ад палітыка. Што мяне
цікавіла. У «Дзядзькі» і «Ігара» (пабрацімы Марка, якія таксама ўдзельнічалі ў
гутарцы) былі свае пытанні.
Я падняў пытанне, што са жніўня 2022 года створаны Аб'яднаны
пераходны кабінет, у сілавы блок якога ўваходзяць дзве структуры: структура
BYPOL і структура Сахашчыка. Я спыніўся на структуры Сахашчыка. Спытаў, ці разумее Святлана Георгіеўна, што адбываецца ў гэтым
падраздзяленні. Яна адказала, што плюс-мінус валодае сітуацыяй. Я патлумачыў,
што стварэнне [падобных] падраздзяленняў прымушае людзей разгубіцца. Яны не
разумеюць, да каго ісці. У выніку мы размываем рэзервы, якія маглі б у нас
быць, якіх мы маглі б навучыць, з якімі мы б разам атрымлівалі баявы досвед,
каб прымяніць яго для вызвалення Беларусі.
Другая думка, якую я хацеў данесці: спадзявацца на несілавы сцэнар вызвалення Беларусі не варта. [Лукашэнка] ужо 30
гадоў трымае краіну, і яна з кожным днём усё больш і больш становіцца падобнай на канцэнтрацыйны лагер. Дакладней, гэта ён і ёсць. Святлана Георгіеўна
патлумачыла, што яна займаецца маніторынгам сітуацыі ў Беларусі і што людзі
чакаюць, калі іх прыйдуць і вызваляць. «Гэта цалкам няправільнае
меркаванне», — адказаў я. Мірную рыторыку трэба забыць і распавядаць
людзям праўду. Казаць, што ім трэба аб'яднанне (я не маю на ўвазе аб'яднанне
палка і Офіса) і разуменне агульнай мэты. Мы павінны не кветкі кідаць і крычаць
«Жыве Беларусь», а «кактэйлі Молатава». Калі ўся нацыя зразумее, што нам не па дарозе з гэтым рэжымам і палітыкай, якую ён праводзіць, толькі тады мы зможам
змяніць сітуацыю.
— Удакладню з нагоды вашых пытанняў. Вы казалі Святлане, што
не варта ствараць падраздзяленні накшталт беларускай вайсковай часці, пра
якую распавядаў Валерый Сахашчык?
— Гэта часць стваралася пампезна, але, наколькі я ведаю,
адтуль сыходзіць шмат людзей, людзі расчароўваюцца. Гэта паказвае, што
структура створана і спрыяе адтоку добраахвотнікаў, якія маглі б прыйсці да
нас.
Да таго ж рэвалюцыя 2020 года была рэвалюцыяй крэатыву.
Рэжым жа працягваў дзейнічаць так, як было напісана ў іх метадычках
<...>. Сахашчык — кадравы савецкі ваенны. Ён думае сапраўды гэтак жа. Ён
паехаў, дамовіўся і стварыў часць. Але вялікі Савецкі Саюз (Расію) не зможа
перамагчы маленькі Савецкі Саюз — Беларусь. Гэта не працуе.
— Вы не абмяркоўвалі сваё ўзаемадзеянне з гэтай часцю?
— Не, але Святлана Георгіеўна сказала, што бачыць, які
вялікі ўклад уносіць полк. Што Кабінет гатовы прыняць нашага прадстаўніка, каб
была магчымасць больш размаўляць. Яна сказала: «Прыязджайце да нас». На што
мы пасмяяліся і адказалі, што нам прасцей у Бахмут зайсці, чым у Вільню
прыехаць. Мы ўсё ж такі вайскоўцы.
— Што адказала вам Ціханоўская на словы пра сілавы сцэнар?
— У мяне было адчуванне, што чалавеку трэба гэта прыняць.
Чаканне, што Лукашэнка памрэ ці заўтра Расія прайграе і ён зменіць рыторыку —
гэтага не адбудзецца. Наш шлях магчымы толькі пасля поўнага разгрому рэжыму.
Яна адказала, што да гэтага трэба прызвычаіцца. Мы ёй казалі, што людзям трэба даваць іншы парадак дня і тлумачыць: цудаў не бывае. Надзея на мірны пратэст — гэта
размыванне парадку дня. Пладзіць «ждуноў», якія будуць думаць, што іх вызваляць, — гэта
толькі на руку рэжыму.
Скрыншот з сустрэчы
— Ёсць нешта канкрэтнае, што б вы хацелі атрымаць ад
Кабінета?
— Нашы пажаданні, каб Святлана Георгіеўна агітавала людзей
уступаць у наша падраздзяленне і тлумачыла, навошта гэта. А таксама каб мы ад Аб'яднанага пераходнага кабінета не толькі чулі словы, але і мелі падтрымку. Мы — баявое падраздзяленне, у нас многае завязана на валанцёрстве і
дапамозе, пачынаючы ад машын, заканчваючы дронамі. Гэта ўсё нам трэба, таму што
вайна — вельмі дарагое задавальненне.
— Ці ёсць нешта канкрэтнае, пра што вы дамовіліся?
— Напэўна, агучыць гэта мы не можам. На сустрэчы мячык быў
на нашым полі. Мы зрабілі пас Святлане Георгіеўне і чакаем крокаў у адказ. Калі
ўбачым сустрэчны канструктыў — супер. Значыць, гутарка была нездарма. А калі ўсё
скаціцца ў нейкае маўчанне, значыць, наш рух нецікава Кабінету. І мы будзем
працягваць далей рухацца ў тым кірунку, які мы для сябе выбралі.
— Для чаго палку ісці на кантакт з Офісам?
— Для нас няма розніцы — Офіс гэта ці палітычная арганізацыя.
Калі мы глядзім у адзін бок і аб'яднаны агульнай мэтай (а мэта — звяржэнне рэжыму Лукашэнкі і свабодныя дэмакратычныя выбары), то мы гатовы глядзець у гэты бок з усімі. У нас няма прадузятага стаўлення ні да каго.
— Калі полк, як вы заяўляеце, вызваліць Беларусь, што будзе
далей?
— Мы гатовы стварыць платформу для правядзення
дэмакратычных выбараў. Калі палітыкі падзяляюць гэту ідэю, яны могуць
увайсці ў кааліцыю (але кааліцыя — гэта не значыць дзяльба чагосьці). Наша
галоўная задача — каб прайшлі выбары і людзі змаглі зрабіць свой выбар. Мы [у
гэты перыяд] будзем сачыць за аховай парадку ў краіне. Глядзець, каб не
адбылася сітуацыя, як у 2014-м ва Украіне. Каб «ветлівыя людзі» на бусіках не
прыехалі ў Гомельскую вобласць і не сталі яе ў нас адціскаць. Стварэнне
платформы — гэта стварэнне нармальнай абстаноўкі, у якой людзі б адчувалі сябе
абароненымі.
— Ці спатрэбіцца ў гэты перыяд палку дапамога палітычных
сіл? Напрыклад, штаба Ціханоўскай, Бабарыкі.
— Безумоўна, хацелася б размаўляць з аднадумцамі і разумець,
што людзі бачаць гэту сітуацыю гэтак жа, што няма паветраных замкаў. Нас чакае вельмі вялікая, вельмі цяжкая і небяспечная праца. І чым больш людзей да
нас далучыцца, тым большай будзе верагоднасць, што гэта рэвалюцыя будзе з
найменшымі стратамі.
— На другую сустрэчу са Святланай вы дамаўляліся?
— Пра гэта будуць дамаўляцца іншыя людзі. Ёсць тыя,
каму даручана нейкае ўзаемадзеянне і пачынанне размовы. Мы чакаем. Калі я буду
мець магчымасць, прыеду і на тую сустрэчу.