ФСБ-пранкеры Ваван і Лексус пад выглядам Парашэнкі дазваніліся да Ціханоўскай, але аблажаліся
На інтэрв'ю да кіраўніка АНТ Марата Маркава прыйшлі пранкеры Ваван і Лексус, якіх звязваюць з расійскімі спецслужбамі. Яны паказалі відэа розыгрышу Святланы Ціханоўскай. Праўда, у пранку, які прапаганда выстаўляе як сенсацыйныя прызнанні, нічога сакрэтнага папраўдзе не прагучала, піша «Н*ша Ніва».
Відэа паказалі асобнымі кавалкамі. Калі яго запісалі, не
называецца. Святлана Ціханоўская і іншыя прадстаўнікі Офіса падключыліся да
званка па відэасувязі. У адказ на пытанні пранкераў агучылі фактычна тое ж, што
кажуць на інтэрв'ю і міжнародных сустрэчах.
Так, Ціханоўская расказвала, што яны адстойваюць пазіцыю,
каб не здымалі санкцыі на калій з Лукашэнкі.
Пасля да размовы падключыўся Валер Кавалеўскі, які тлумачыў,
хто лабіруе зняцце санкцый — краіны Паўднёвай Еўропы з сувязямі ў Лацінскай
Амерыцы (Бразілія была адным з асноўных спажыўцоў беларускага калію).
Ціханоўская разважала таксама пра размяшчэнне расійскай
ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, што гэта вялікая пагроза, бо пасля будзе
цяжка выгнаць расійскіх вайскоўцаў.
Пра полк Каліноўскага палітык сказала, што яны
падпарадкуюцца Узброеным сілам Украіны і дэмсілы не могуць загадаць ім
вызваліць Беларусь, бо добраахвотнікі знаходзяцца ў падначаленні ва ўкраінскай
арміі.
Пасля гэтага да размовы далучыўся іншы дарадца Ціханоўскай —
Франак Вячорка, які валодае ўкраінскай мовай, і стаў размаўляць на ёй. На гэтым
відэа АНТ перарываецца, але, відаць, пасля гэтага «Парашэнка» прапанаваў
паслухаць украінскі гімн.
«Навошта?» — спытала на гэту нечаканую прапанову
Ціханоўская.
«Прабачце, Пятро Аляксеевіч набухаўся пасля сустрэчы ў
Бруселі і з вамі хацеў бы бухнуць, калі што, як прыедзем, сустрэнемся», —
сказаў іншы пранкер, які прыкідваўся памочнікам Парашэнкі.
«Ну, мы не бухаем», — адказала Ціханоўская.
Гэты пранк Ваван і Лексус назвалі падарункам для Маркава.
Уладзімір Кузняцоў (Ваван) дадаў таксама, што яны рабілі ад
імя Ціханоўскай пранкі з рознымі палітыкамі і фондамі.
На сітуацыю з пранкерамі на АНТ адрэагаваў у сваім тэлеграм-канале журналіст Зміцер Гурневіч.
«Ваван і Лексус, якія датэлефенаваліся Ціханоўскай, прадставіўшыся Парашэнкам — прадаўцы паветра, — напісаў журналіст. — Іх званок прапагнада прадае як "Ціханоўская раскрыла ўсе таямніцы". Паслухаў і рагатаў ад іх бездапаможнасці.
Ціханоўская з камандай адказвалі так, як і ў інтэрв'ю
журналістам. Па-сутнасці, яны паўтарылі тое, што гаварылі ўжо шмат разоў. Там і
зачапіцца няма за што. Таму пранкерам на паслугах ФСБ давялося надзімаць шчокі,
нібыта ў іх руках апынулася суперсакрэтная інфармацыя. Іх нават прыцягнулі ў
студыю да прапагандыста Маркава.
Але на чым пагарэлі гора-ФСБэшнікі? На нярускай мове. Калі
Франак Вячорка пачаў размаўляць па-ўкраінску, яны не змаглі працягваць размову. «Парашэнку» прапанавалі гаварыць на яго роднай мове, а ён не змог.
Тупыя.
Наша мова «гэта наш шчыт і наш меч. ФСБ не дасць рады».
У 2014-м гэтыя ж пранкеры разыгралі Аляксандра
Лукашэнку. Яму пазванілі пад выглядам сына былога прэзідэнта Украіны Віктара
Януковіча і пыталіся пра магчымасць палітычнага прытулку. Пасля пранка
звольнілі прэс-сакратарку Лукашэнкі Наталлю Пяткевіч. Той пранк здарыўся на
фоне імкнення Лукашэнкі заняць нейтральную пазіцыю па сітуацыі ў Крыме і
Данбасе.