Крыніцы: Расійскую ядзерную зброю могуць размясціць пад Стоўбцамі
Тэлеграм-канал «Б*ларуская выведка» паведаміў аб імаверным месцы размяшчэння спецчастак тактычных ракет паветранага і наземнага базіравання. Паводле даных крыніц, гэтае месца — «Коласава» (25-ы арсенал в/ч 25819) у Стаўбцоўскім раёне. Менавіта там доўгі час працавала рабочая група ўпраўлення ракетна-артылерыйскага ўзбраення Мінабароны сумесна з расійскімі калегамі.
У часы СССР у арсенале захоўваліся самі спецчасткі і
абсталяванне для тэхнічнага абслугоўвання наземных сістэм, нагадвае тэлеграм-канал. Дарэчы, у
пачатку 90-х намеснік камандзіра па ўзбраенні, падпалкоўнік Жыхараў, быў
абвешчаны ў вышук у сувязі з масавым крадзяжом каштоўных металаў, якія
з'яўляюцца элементамі электрычных частак пускавых установак і боегаловак.
Крыніцы канала паведамляюць, што ЗРК С-400 «Трыумф» прыбыў у Коласава і будзе
размяшчацца на пазіцыі з мэтай прыкрыцця арсенала ад магчымай атакі
балістычнымі ракетамі, беспілотнікамі,
крылатымі ракетамі, стратэгічнымі бамбавікамі, знішчэння самалётаў РЭБ, радараў
і выведнікаў, тактычнай авіяцыі (напрыклад, F16).
Гэтак дарагая сістэма прыкрые арсенал, бо, паводле сабраных звестак, менавіта там — у Коласаве — і плануецца размяшчэнне спецчастак расійскай тактычнай ядзернай зброі.
28 траўня Мінабароны
паведаміла, што чарговы расійкі ЗРК С-400 прывезлі ў Беларусь.
Паводле даных
тэлеграм-канала «Б*ларускі Гаюн», эшалон, які перавозіў ЗРК С-400, быў
заўважаны менавіта ў раёне Коласава пад Стоўбцамі, а ў далейшым комплекс прыбыў
на тэрыторыю 25-га арсенала ракетна-артылерыйскага ўзбраення (в/ч 25819).
Паведамляецца, што ў бліжэйшы час комплекс заступіць на
баявое дзяжурства.
Нагадаем, днямі
міністры абароны Беларусі і Расіі Хрэнін і Шайгу падпісалі дакументы, якімі
рэгулюцца правілы размяшчэння і функцыянавання ядзернай зброі на тэрыторыі
Беларусі. Лукашэнка нават паспяшаўся заявіць, што тактычнае ядзернае ўзбраенне
ўжо нібыта вязуць з Расіі ў Беларусь.
Дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Вальфовіч у сваю чаргу паспрабаваў патлумачыць, навошта Беларусі ядзерная зброя. Падставай для яе размяшчэння ён чамусьці назваў клопат пра эканоміку і дабрабыт беларусаў.
«Што адбываецца сёння на тэрыторыі сумежных краін, на тэрыторыі перш за ўсё Польшчы, калі да 4% ВУП адводзіцца на патрэбы абароны на шкоду эканоміцы, на шкоду інтарэсам простых грамадзян», — запэўніваў беларусаў Вальфовіч.
«Ствараецца, па вялікім рахунку, наступальная групоўка, гэта бачна няўзброеным вокам. Каб астудзіць гэтыя галовы, Беларусь, вядома, можа пайсці гэтым жа шляхам і эканоміку перанацэліць на ваенныя патрэбы, пачаць павялічваць і разгортваць узброеныя сілы да колькасці ваеннага часу, але гэта ляжа вялікім цяжарам на эканоміку, на дабрабыт грамадзян, насельніцтва Беларусі», — патлумачыў ён.
«Людзі прывыклі жыць у камфорце, цывілізавана, прыгожа. Дык вось адным з элементаў, скажам так, стратэгічнага стрымлівання ў ваенным плане, вядома, з'яўляецца тактычная ядзерная зброя», — сказаў Аляксандр Вальфовіч.
Паводле яго слоў,
Захад проста не пакінуў Беларусі іншага выйсця. «Хаця, выводзячы ў 1990-х гадах
ядзерную зброю з Беларусі, Захад, перш за ўсё Злучаныя Штаты Амерыкі,
гарантавалі забеспячэнне бяспекі, адсутнасць якіх-небудзь санкцый у дачыненні
да Беларусі, сёння ўсё парушана.
Калі нейкі розум у галовах палітыкаў на Захадзе
застаўся яшчэ, вядома ж, яны гэту чырвоную рысу не перасягнуць. Таму што
прымяненне нават тактычнай ядзернай зброі прывядзе да незваротных наступстваў.
Гэта будзе, вядома, крайні крок. Але крок, апраўданы для таго, каб абараніць
нашу краіну».