Ядзерная мара Лукашэнкі здзейснілася, што далей? Меркаванне Аляксандра Фрыдмана

Пакуль Хрэнін і Шайгу ў Мінску падпісвалі дакументы, якія вызначаюць парадак захоўвання расійскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі, Лукашэнка абдымаўся ў Крамлі з Пуціным. Нацешыцца ажыццяўленнем трыццацігадовай мары яму не далі. Пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

Ілюстрацыйныя выява, створана нейрасеткай

Ілюстрацыйныя выява, створана нейрасеткай


— Сітуацыя сапраўды выглядала дзіўнай. Ядзерная зброя для Лукашэнкі — мара, да якой ён імкнуўся дзесяцігоддзі, — кажа Аляксандр Фрыдман. — І вось яна рэалізавалася, у Беларусь прыязджае такая важная персона ў расійскім палітыкуме, як Шайгу, а Лукашэнкі ў Мінску няма. Ці сапраўды не знайшлося магчымасці развесці гэтыя падзеі па розных датах, ці адбылося нешта іншае — цяжка зразумець. Сапраўды, у Мінску праходзіць саміт міністраў абароны АДКБ, але, думаю, прычына не ў тым: Шайгу пры жаданні здолеў бы і прыляцець у Мінск, і сустрэцца з Лукашэнкам. 


Можна ўявіць, што Расія вырашыла абставіць падпісанне дакументаў як тэхнічную працэдуру, каб Лукашэнка дадаткова не піярыўся на тэме ядзернай зброі, прынамсі, пакуль, мяркуецца, што гэта можа не спадабацца Кітаю. Але гэтая версія на ўзроўні спекуляцый.
— Ці мяняе ядзерная зброя ў Беларусі геапалітычныя расклады ў рэгіёне?
— Мы пакуль не ведаем, ці сапраўды завязуць ядзерную зброю ў Беларусь, хаця яны абавязкова абвесцяць, што зробяць гэта. Але прынцыпова сітуацыя не зменіцца, як мне падаецца. У пэўным сэнсе ядзерная зброя падвышае палітычную вагу Лукашэнкі, але я не бачу, на што яна можа прынцыпова паўплываць. Заходнія аналітыкі зыходзяць з таго, што нейкія дзеянні супраць Расіі на тэрыторыі Расіі падвышаюць верагоднасць ядзернага адказу з расійскага боку. Таму Захад і асцерагаецца даваць Украіне зброю, якая можа дабіваць да расійскай тэрыторыі.
Але што мы бачым апошнім часам? Што паказваюць рэйды расійскіх добраахвотнікаў УСУ на тэрыторыю Расіі? Акцыі адбываюцца на расійскай тэрыторыі — на тэрыторыі ядзернай дзяржавы. І што? Ніякага адказу з боку Масквы няма, наадварот, у Крамлі хочуць «перагарнуць старонку», каб увогуле не згадваць пра тое, што адбывалася ў Белгарадскай вобласці.


А што прынцыпова можа змяніць ядзерная зброя для Беларусі? Выглядае на тое, што нічога не зменіцца: ядзерная зброя, як заяўляе Шайгу, будзе цалкам пад кантролем Расіі. І ў гэтым сэнсе ўжо не важна: яна знаходзіцца ў Беларусі або ў Калінінградскай вобласці. Тым больш, што на Захадзе і без таго лічаць Беларусь краінай, якая знаходзіцца пад поўным ваенным кантролем. Так, прапаганда будзе крычаць, што ў Лукашэнкі ёсць ядзерная зброя, ці, як выказаўся Такаеў у Маскве, у Беларусі і Расіі «нават ядзерная зброя — адна на дваіх». У сітуацыі, калі няма пагрозы ядзернай вайны, ядзерная зброя нічога не мяняе.
Калі ж пагроза ядзернай вайны будзе, а ядзерная зброя будзе завезена ў Беларусь і выкарыстана, тады для Беларусі наступяць жахлівыя наступствы. Расійская ядзерная зброя на тэрыторыі Беларусі ў выпадку ядзернага супрацьстаяння робіць краіну мішэнню. У гэтым сэнсе сітуацыя робіцца больш небяспечнай.
Лукашэнка будзе пачувацца больш трывала, тым больш што прапаганда, нягледзячы на расійскія заявы, будзе весці свае гульні, сам Лукашэнка будзе казаць пра дамоўленасці з Пуціным, што рашэнне аб прымяненні ядзернай зброі будзе прымацца пасля кансультацыяй з ім. Безумоўна, ён будзе падвышаць сваю вагу. Але новага геапалітычнага раскладу праз ядзерную зброю я не бачу.
Нічога надзвычайнага не адбылося, таму і рэакцыя з боку Захаду вельмі стрыманая. Еўрасаюз вельмі спакойна канстатаваў, што занепакоены размяшчэннем ядзернай зброі, напэўна, у такім жа рэчышчы выкажуцца і ядзерныя краіны (ЗША, Францыя). Пасля абвяшчэння пра хуткае размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі ўсе прызвычаіліся да гэтага. А сённяшняе падпісанне дакументаў — толькі фармалізацыя прынятых раней рашэнняў.
— Ці падвышае ядзерная зброя шанцы Лукашэнкі на палітычнае выжыванне?
— Варта адзначыць некалькі момантаў.
Усё залежыць ад таго, які доступ атрымае Лукашэнка да ядзернай зброі: ці будзе ўдзельнічаць у рашэннях, ці будзе выступаць статыстам.


Амерыканская ядзерная зброя знаходзіцца на тэрыторыі Германіі, а нямецкі персанал таксама з’яўляецца часткай амерыканскага ядзернага праекта, ёсць такая фармулёўка — нямецкі саўдзел у амерыканскім ядзерным праекце. На тэрыторыі Германіі ёсць амерыканская ядзерная зброя, ёсць мясцовы персанал, які прымае ўдзел у яе абслугоўванні, але апошняе слова пра выкарыстанне зброі прымаюць амерыканцы. Калі ЗША вырашаць вывесці ядзерную зброю з тэрыторыі Германіі, то немцы змогуць выказаць толькі шкадаванне.
Але ёсць і савецкі прыклад. Калі СССР завозіў ядзерную зброю на тэрыторыю краін-сатэлітаў ва Усходняй Еўропе, то мясцовае кіраўніцтва нічога не ведала, мясцовых вайскоўцаў не дапускалі да абслугоўвання, а персанал забяспечваў Савецкі Саюз.
І тут узнікае пытанне: які сцэнар абяруць расіяне? Пуцін жа казаў, што Расія робіць тое ж самае, што і заходнія кіраўнікі. Дык чаму немцам можна абслугоўваць ядзерную зброю, а беларусам нельга? У Расіі робяць выгляд, што арганізуюць працэс па заходнім прыкладзе. Але мне, шчыра кажучы, не верыцца: зыходзячы з савецкага менталітэту, расіяне будуць дзейнічаць не па амерыкана-нямецкім сцэнары, а па савецкім. Але калі Расія лічыць Беларусь ужо часткай РФ, як БССР з’яўлялася часткай СССР, то могуць дазволіць беларусам абслугоўваць ядзерную зброю. Але СССР не дапускаў да ядзернай зброі палякаў або немцаў: так, сацыялістычныя браты, але народ іншы. Як цяпер Расія ўспрымае Беларусь — вось пытанне. Калі ў Расіі лічаць, што беларусы — гэта тыя ж рускія, а беларуская армія проста філіял расійскай арміі, то-бок на 100% пад іх кантролем, то тэарэтычна і беларусаў можа дапусціць да ядзернай зброі. Але я думаю, што сёння сітуацыя не такая: няма адчування стоадсоткавага кантролю над беларускай арміяй, значыць, і доступу да ядзернай зброі яна не атрымае.