«Развод па-казахстанску». Чаму Такаеў не стане Лукашэнкам
Калі ў Маскве Лукашэнка з Пуціным, задаволеныя, паціскалі адзін аднаму рукі на подыуме, на форуме выступаў прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў. Саюзнікам варта было б паслухаць, што казаў іх калега пра Саюзную дзяржаву.
«Ёсць канцэптуальная рэальнасць, або спецыфіка, якую нам трэба ўлічваць, — гэта наяўнасць у ЕЭС Саюзнай дзяржавы ў асобе Беларусі і Расіі. Канцэптуальная і ідэалагічная аснова гэтага саюза дастаткова сур'ёзная. Гэта ўзаемнае прызнанне агульнасці, прызнанне культурнай, моўнай, рэлігійнай ідэнтычнасці. Гэта значыць прызнанне наяўнасці аднаго народа, — цытуе Касыма-Жамарта Такаева tengrinews.kz. — У сусветнай палітычнай гісторыі створаны ўнікальны прэцэдэнт, або феномен стварэння дзяржавы па формуле "Дзве краіны — адна дзяржава"... З адзінай палітычнай, юрыдычнай, валютнай, культурнай, гуманітарнай прасторай. З адзіным саюзным урадам, з адзіным саюзным парламентам. Я прашу прабачэння, і нават ядзерная зброя адна на дваіх зараз».
Лукашэнка з Пуціным выглядалі вельмі занятымі адзін другім, каб зразумець сказанае.
Які сігнал паслаў Такаеў сваім саюзнікам? Пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
— Словы Такаева ўспрынялі як крытыку, як канцэптуальнае пытанне: нават «Пул первого» прыводзіць ягонае выказванне як прызнанне інтэграцыйных поспехаў.
Галоўная мэта Такаева палягала ў тым, каб абазначыць ролю Казахстана ў гэтых працэсах. Прамова Такаева выразна адрознівалася ад прамовы Лукашэнкі. Лукашэнка выступаў у ролі падпявалы — гэта яго звычайная роля ў Расіі: казаць тое, што падабаецца Пуціну; Такаеў выказаўся асцярожна. Мне здаецца, ён прывёў гэты прыклад, каб падкрэсліць асаблівую ролю Казахстана: маўляў, глядзіце, яны паводзяць сябе так, а мы не такія. У ягоных словах гучалі перабольшанні (наўрад ці іх можна аднесці да недасведчанасці) пра адзіную валюту, адзіны ўрад. Яны дзейнічаюць па схеме «дзве краіны — адна дзяржава». А затым ён перайшоў да Казахстана: маўляў, гэтая гісторыя не пра нас, гэта пра іх. Такаеў вельмі элегантна прадэманстраваў прысутным, што ён не такі, і як бы Лукашэнка ні агітаваў пераходзіць на расійскі бок, Такаеў не збіраецца станавіцца Лукашэнкам. Казахстан не збіраецца адмаўляцца ад свайго курсу і надалей будзе прытрымлівацца нейтральнай узважанай пазіцыі па вайне.
— Ці можна трактаваць заяву Такаева як дыстанцыяванне Казахстана ад галоўных інтэгратараў?
— Такаеў разумее, што ўсе гэтыя паездкі ў Расію, асабліва ў кантэксце санкцыйнай палітыкі, на фоне выдадзенага ордара на арышт Пуціна, — няўдзячная справа. Таму ён праяўляе сябе ў Расіі вельмі асцярожным. Безумоўна, ён паводзіць сябе па-сяброўску, абдымаецца з імі — усе гэтыя рытуалы прысутнічаюць. Так было і 25 траўня, так было і 9 траўня.
Але кожную сваю паездку ў Маскву Такаеў выкарыстоўвае, каб збалансаваць сітуацыю і абгрунтаваць сваю, адрозную, пазіцыю: так было 9 траўня, а напярэдадні размаўляў з расійскімі медыя і паведаміў, што не будзе дапамагаць Расіі абыходзіць санкцыі, тое ж самае адбылося і зараз. Такаеў паказаў, хто ёсць хто: з аднаго боку яны — славянскія браты, назавём гэта так, у якіх амаль усё адзінае, а ён — зусім іншы.
— Адбываецца развод па-казахстанску: хочаце ваяваць — ваюйце, а мы ідзем сваім шляхам, мы шукаем новых партнёраў.
— Прыкладна так: мы ад вас не адмаўляемся, усё што можна, з вас выціснем, вашу сітуацыю выкарыстаем на ўсе 100 адсоткаў, у тым ліку санкцыйныя праблемы. Але ваша вайна — гэта вайна вайна, ваша любоў — гэта ваша любоў — гэтая гісторыя не пра нас.