Камандзір «Азова»: Нават калі Лукашэнку апраўдаюць, мы знойдзем яго, мы знойдзем усіх

Камандзір брыгады «Азоў» Дзяніс Рэдыс Пракапенка, як і тысячы іншых вайскоўцаў, да апошняга абараняў Марыупаль і здаўся, толькі атрымаўшы адпаведны загад. Цяпер ён знаходзіцца ў Турцыі і не можа вярнуцца дадому да заканчэння вайны — такімі былі ўмовы яго абмену на ўкраінскага алігарха-калабаранта Віктара Медведчука. 

bogdan_krotevich.jpeg

Цяпер часова кіруе падраздзяленнем Багдан Таўр Кратэвіч, 30-гадовы маёр Нацгвардыі Украіны, які, як і многія абаронцы «Азоўсталі», вярнуўся з расійскага палону ў верасні 2022 года. З ім пагаварыла «Л*стэрка».

Саўндтрэкам інтэрв'ю сталі выбухі — падчас размовы кіеўская СПА адбівалася ад чарговага ракетнага ўдару Расіі. Кратэвіч гучыць шчыра: разважае пра помсту Лукашэнку, звяртаецца да беларускіх вайскоўцаў і прапануе беларускім партызанам выкарыстоўваць тактыку Талібана. Гэта вялікае інтэрв'ю з чалавекам, які хоча пакінуць войска — але толькі калі праціўнік будзе знішчаны, а краіна дэакупаваная.

Азоў, палон, расійская армія

— У вас пазыўны Таўр. Што ён значыць?

— Таўры — гэта адны з першых пасяленцаў Крыма. Яны жылі на тэрыторыі, якая называлася Таўрыда, або Таўрыка. Я сам з Сімферопаля, і мой пазыўны ўказвае на маю радзіму.

— Што з сябе цяпер уяўляе брыгада «Азоў»?

— У нас больш за 7000 вайскоўцаў у штаце. Асноўная задача — укамплектаваць брыгаду і ісці ў контрнаступленне. На гэты момант некаторыя падраздзяленні ўжо вядуць баявыя дзеянні на паўднёвым кірунку. Пэўныя прэвентыўныя наступальныя дзеянні ўжо пачаліся, мы ў іх удзельнічаем. Атрымліваецца, што частка падраздзялення знаходзіцца на палігоне, праводзіць зладжванне, а частка выконвае баявыя задачы на перадавой.

Нам трэба больш людзей. Цяпер ёсць добрая ўнутраная канкурэнцыя паміж падраздзяленнямі ва Украіне. ГУР шукае людзей, Нацгвардыя таксама, мы шукаем.

— Колькі «азоўцаў» застаецца ў палоне? У якім яны стане?

— На гэты момант — каля 1100 чалавек. Гэта жанчыны і мужчыны рознага ўзросту, раскіданыя па розных гарадах Расіі і акупаванай тэрыторыі.

Сітуацыя складаная, па апошніх абменах мы бачым, што перыядычна ў дачыненні да байцоў ужываўся фізічны і псіхалагічны гвалт. Гэта залежыць ад групы ахоўнікаў, якая заязджае на тую ці іншую турму. Нашы байцы расказвалі, што калі прыязджаюць асобы каўказскай нацыянальнасці, то яны ставяцца да палонных нядрэнна. А сібіракі паводзяцца як звяры. А яшчэ ты можаш проста не спадабацца камусьці, і цябе будуць забіваць. Проста чалавек устаў не з той нагі. Да людзей, якія знаходзяцца ў палоне, ставяцца як да рабоў, як да ўласнасці і часам горш. Ахоўнік лічыць, што можа рабіць усё што хоча з тым, хто знаходзіцца ў палоне. Гэта людзі без маральных якасцей і элементарнага выхавання. Я б назваў іх неандэртальцамі.

— Дзе самая вялікая канцэнтрацыя палонных з «Азова»?

— Данецк або Таганрог.

— Як вы цяпер ацэньваеце расійскую армію?

— Яна на вельмі нізкім узроўні. Сур’ёзна. Год таму яны былі больш падрыхтаваныя. Але тады лагістыку яны наогул не пралічылі. Падраздзяленні зайшлі і ўперліся ў ТРА і наша войска. І далей яны пачалі паміраць. Яны не думалі, што будуць адступаць. Гэта было, з ваеннага пункту гледжання, не арганізавана. І нашы артылерыя і авіяцыя пачалі іх размотваць. Асноўная частка дэсантных войскаў на паўночным кірунку была знішчана не ў стралковых баях, а падчас адыходу.

На гэту тэму ў нас была доўгая размова з прадстаўнікамі ГРУ Расійскай Федэрацыі і чачэнскай групоўкі «Ахмат», калі я сядзеў у палоне. Яны пагадзіліся, што Расія прайграла ў планаванні. Яны страцілі многіх спецыялістаў. І гэта было тады. А цяпер наша армія за год навучылася ваяваць лепш, чым за папярэднія восем гадоў. А Расія мабілізаваных сюды закідвае… (на фоне чуваць выбух). О, у нас СПА працуе.

— Брытанскія эксперты лічаць, што за гэты год расіяне пачалі ваяваць лепш.

— Як па мне, нічога не змянілася. Калі б яны навучыліся лепш ваяваць, яны б праводзілі манеўры. Яны не правялі ніводнай нармальнай спланаванай аперацыі. Бахмут — гэта стандартная схема: станавіся наперад, ні кроку назад, можа, памры, а можа, не. Яны ваююць вельмі па-дурному. Цяпер напярэдадні контрнаступлення яны проста засылаюць «Шахеды» па Кіеве. Навошта?

Узімку, калі расійская армія біла па энергетыцы (на фоне чуваць выбух), гэта было нядрэнна з пункту гледжання дызмаралі (на фоне чуваць выбух). Цяпер яны б’юць па Кіеве (на фоне чуваць выбух). Што гэта дасць, калі прыляціць у цывільную інфраструктуру? Яшчэ больш матывацыі ўкраінцам ваяваць і знішчыць праціўніка. Гэтыя снарады яны маглі выкарыстоўваць крыху інакш (на фоне чуваць выбух), як — я не буду гаварыць. Вучыць іх я не збіраюся (на фоне чуваць выбух).

Яблык, Гомель, Кадыраў

— Вы былі ў расійскім палоне з 20 траўня да 21 верасня 2022 года, вы ўжо шмат разоў і падрабязна расказвалі пра тое, што там адбывалася, я толькі хачу спыніцца на некалькіх дэталях. Перад выхадам з «Азоўсталі» вы паклалі лязо пад вусцілку, навошта?

— Так. Яго, праўда, у мяне знайшлі, а ў пабраціма — не.

— Навошта вы гэта зрабілі?

— Расійскія турмы славяцца сваімі здзекамі. У мяне ёсць некалькі момантаў, на якія я б не пайшоў. Тое ж згвалтаванне для мяне непрымальнае. Я альбо ўскрыюся, альбо паспрабую кагосьці забіць.

— Калі вы расказвалі, як прымалася рашэнне пра выхад з «Азоўсталі», вы сказалі: «Але на той момант у нас было 600 параненых, і 300 з іх проста гнілі — людзі павольна паміралі». Жонка аднаго з абаронцаў «Азоўсталі» нам у інтэрв'ю гаварыла: «Там антысанітарыя, перавязачных матэрыялаў няма ўжо даўно — выкарыстоўваюцца падручныя сродкі, ампутацыі праводзяцца без анестэзіі». У якіх умовах вы там былі? Дзе вы спалі? Што елі? Як выжывалі?

— Чалавек прыстасоўваецца да вельмі складаных умоў. Гэта не перадача «Выжыць любой цаной». Тут цябе яшчэ хочуць забіць, і не проста са стралковай зброі, а авіяцыяй і артылерыяй. У нас было дзве задачы — знішчыць праціўніка і выжыць. Дзе спаць? Ды на падлозе. Што есці? Што трапілася, то і ясі. Я неяк знайшоў на «Азоўсталі» яблык. Досыць зморшчаны, але свежы. Я прынёс яго на камандны пункт і аддаў камандзіру, ён яго падзяліў на ўсіх, хто быў. Мы з’елі яблык. Гэта быў элемент шчасця ў той момант.

Калі б нам не аддалі загаду спыніць абарону горада, то мы б прастаялі яшчэ месяц ці паўтара. Так, мы худнелі, мала елі і спалі. Але прастаялі б. Але мы б панеслі страты, а тыя, хто павольна гінуў, загінулі б.

— Дзе вы знаходзілі ежу?

— У нас быў тылавы пункт кіравання на «Азоўсталі». Мы сабралі туды ўсю ежу. Потым яго разбамбілі. І многія байцы хадзілі туды, даставалі з-пад завалу прадукты і пад абстрэламі неслі іх да сябе. Потым мы сабралі інфармацыю, у каго колькі ежы, і падзялілі яе на колькасць асабовага складу. І так спланавалі некалькі месяцаў.

Порцыі, натуральна, мы рабілі маленькія абсалютна для ўсіх, ад камандзіра да салдата. Але калі ты каля разбомбленай крамы знайшоў «Снікерс», то гэта твой «Снікерс». Што хочаш, тое і рабі з ім: можаш падзяліцца з пабрацімамі, сам з’есці ці жанчыне з дзіцем падараваць.

— Ваш абмен адбываўся ў Чарнігаўскай вобласці, ці былі задзейнічаны прадстаўнікі Беларусі?

— Мы калі ляцелі з Масквы, я разумеў, што будзе абмен. Вочы нам заматалі, але агляду трохі было. Я ўбачыў, як пад’язджаюць аўтобусы з машынамі. На машынах нумароў не было, а на аўтобусах былі беларускія. Там былі расіяне і беларусы. Яны забяспечвалі перамяшчэнне з самалёта ў аўтобус і далей.

— У якім горадзе самалёт прызямліўся? Гомель?

— Я шчыра не ўспомню, але Гомель мы праязджалі.

— Беларусы ўступалі з вамі ў кантакт?

— Не, ім было забаронена з намі гаварыць.

— У палоне вас катавалі?

— На допытах — не. Адзін раз этапавалі, і там было фізічнае ўздзеянне.

— Білі?

— Так. Нас перавозілі з Аляноўкі (пасёлак пад Данецкам), завялі ў самалёт і там моцна прэсавалі.

— Што яны гаварылі пры гэтым?

— Куды пайшоў рускі карабель? Трэба казаць не «Слава Украіне», а «Слава Расіі». У мяне рукі і вочы завязаны, яны падыходзяць і пачынаюць на галаве скакаць. Яны жартавалі, што цяпер будзе беспарашутнае дэсантаванне, што адвязуць да Рамзана Ахматавіча. Гэта іх вечная тэма. А я ляжу і думаю: «Яны ганарацца тым, што да Кадырава цяпер павязуць. Называюць яго па імені і імені па бацьку, паважаюць, напэўна. А гэта той чалавек, які хваліўся, што ў 16 гадоў забіў першага рускага».

Там быў адзін самы базарлівы, я яго, на жаль, не бачыў, так бы знайшоў пасля вайны. Ён падыходзіў да кожнага і пытаў: «Хто такі? Колькі рускіх дэсантнікаў забіў?» Я кажу: «Начальнік штаба». Ён мне ў адказ: «Пісар?»

— Вам пасля вызвалення было сорамна?

— Так. Бо мяне не абмянялі апошнім. Перад палонам я сястры пісаў паведамленне, што ў першую чаргу даставайце салдат, разведчыкаў, снайпераў і г. д., а ў самым канцы — кіраванне і штабы. Для мяне заўсёды быў прыкладам памерлы сенатар Джон Макейн, які ў В’етнаме трапіў у палон. Ён быў сынам адмірала ВМС ЗША і камандуючага Ціхаакіянскім флотам, таму яму прапанавалі хуткае вызваленне, але ён адмовіўся: «Чым я лепшы за маіх сяброў, якія сядзяць тут? Я выйду разам з усімі». І ён пяць гадоў праседзеў у палоне. Тое, што я выйшаў раней за свой асабовы склад, мяне грызе.

— Як выглядалі іншыя байцы пасля абмену?

— Як пасля Асвенціма. У мяне была парушана толькі дыкцыя. Амаль увесь час я прабыў у адзіночцы і развучыўся размаўляць. Байцоў раскідалі па розных зонах. Іх амаль не кармілі. Яны выйшлі ў горшым стане. Ты абдымаеш чалавека і можаш усе рэбры пералічыць, скура ды косці. Амаральна? Гэта занадта мяккае слова. Я лічу, што менталітэт расіян са стагоддзя ў стагоддзе фарміраваўся на катаваннях і прыніжэннях. Творчасць у іх развіта лепш за ўсё ў катаваннях.

Смерць, алкаголь, помста

— Калі паглядзець вашы інтэрв'ю, вы вельмі спакойна расказваеце пра трупы. Адкуль такая вытрымка?

— Гэта не вытрымка, а прафдэфармацыя. У кожнага вайскоўца ёсць выбар: звар’яцець і спіцца альбо зразумець, што свет такі. Мы, грамадзяне постсавецкай прасторы, прывыклі, калі пасля вайны ўсе бухаюць. Нават дыялог у фільме «9 рота» быў:

— З Афгана прыйдзеш, што рабіць будзеш?

— Піць буду.

— Гэта ясна. Тыдзень пап’еш, а потым?

— Зноў піць буду.

— А далей?

— І далей піць буду, пакуль не забуду ўсё.

Чалавек сустракае на вайне жахі: адарваныя рукі, падпаленыя целы, усё самае страшнае, што можна ўявіць. Ты можаш спіцца, знаркаманіцца пасля гэтага — альбо зразумець, што свет заўсёды быў такі. Войны адбываюцца праз чалавечыя амбіцыі. І нават калі ў нас скончыцца вайна, гэта ўсё роўна дзесьці будзе працягвацца. Цяпер многія пытаюць: што ты рабіў да вайны, што рабіў падчас вайны? Акей. А што мы рабілі, калі ў Грузіі была вайна, а ў Сірыі? Я не люблю крывадушнасці. Трэба быць сумленным і ўмець прызнаваць свае памылкі.

Я зразумеў, што свет такі і будзе, напэўна, горшы. Ва ўсёй гэтай гісторыі мяне з каляіны выбіла Буча. Там пагалоўна ўблюдкі зайшлі і ўчынілі масавае згвалтаванне і забойства палонных са звязанымі рукамі. Нічога чалавечага.

Праз прафдэфармацыю я магу спакойна казаць пра забойствы, бо гэта вайна. На вайне галоўнае — забіць праціўніка.

— Як для вас выглядае страх вайскоўца?

— Самае страшнае — гэта згвалтаванне і забойства цывільных. Гэта дзесьці адбываецца, і ты не можаш паўплываць. У гэты момант ты адчуваеш дзікую нянавісць, жаданне помсціць і забіваць. Калі выжыву, то праз 10−20−30 гадоў прыеду і падарву нахран брыгаду, якая была ў Бучы. Яны не мусяць застацца беспакаранымі.

— Як шукалі нацыстаў пасля вайны?

— Напэўна, так. Але тут трэба цэлую брыгаду знайсці. У Марыупалі ўсё было ў меншых маштабах, чым у Бучы, бо расіяне былі заняты вайной з намі. Так, яны знішчалі будынкі, там людзі згаралі жыўцом, але ў іх не было часу так масава хадзіць па дамах, шукаць жанчын і гвалтаваць іх.

Ціханоўская, Лукашэнка, вайна ў Беларусі

— Давайце пагаворым пра нашу краіну. Вы нядаўна заявілі: «Калі мы будзем заходзіць у Беларусь узброенымі сіламі (не ведаю, можа, Польшча нам у гэтым дапаможа), 90% насельніцтва проста падтрымае і ўкраінскія, і польскія войскі». Адкуль у вас такая ўпэўненасць?

— Я бачыў акцыі пратэсту ў 2020 годзе. У мяне шмат знаёмых беларусаў, мы камунікуем. У нас менталітэт вельмі моцна падобны. Я думаю, што ўкраінец можа зразумець беларуса, а беларус — украінца. Але яны абодва не змогуць зразумець расіяніна. Гэта маё меркаванне. Дарэчы, пасля гэтага выказаўся экс-намеснік міністра абароны Польшчы Скшыпчак, ён заклікаў рыхтавацца да народнага паўстання ў Беларусі і магчымага патоку ўцекачоў, а таксама падтрымаць добраахвотнікаў, калі тыя пачнуць аперацыю супраць Лукашэнкі.

У кожнага паўстання мусяць быць твары і лідары. На жаль, я пакуль не бачу лідара ў беларускай апазіцыі, які можа сказаць: «Бярыце ў рукі зброю і ваюйце». Наш прэзідэнт, калі расіяне ўрываліся, адкрыта сказаў, што трэба ваяваць і бараніць краіну. Я не галасаваў за Зяленскага, але на мяне гэта паўплывала. Кожны лідар мусіць камандаваць і аддаваць загады. Так, гэтыя загады могуць пацягнуць смерці людзей. Але калі вы цяпер не пачняце ваяваць, то вас усіх па адным пачнуць вылоўліваць і павольна забіваць.

На жаль, калі я глядзеў на вашы акцыі пратэсту, я бачыў, як іх супакойвалі. А тых, хто не супакойваўся, называлі правакатарамі. Будзьце ўпэўненыя, ва Украіне ў 2014 годзе гэтак жа казалі. Тых, хто праводзіў акцыі прамога дзеяння, называлі правакатарамі. Калі б не дацягнулі тады, у нас было б цяпер, як у Беларусі. Усіх бы пасадзілі і пачалі забіваць. Мы пайшлі супраць бязмежжа. Цяпер у вас бязмежжа, у Расіі бязмежжа. Кактэйль Молатава можа зрабіць дзіця ў хатніх умовах. Калі б я быў бацькам хаця б аднаго дзіцяці на акупаванай тэрыторыі або ў дзяржаве, дзе нелегітымны прэзідэнт і мянтоўская ўлада, то я б задумаўся: «Ці хачу я, каб мае дзеці жылі ў гэтым?»

У Беларусі мусіць быць разгорнуты партызанскі рух. Для гэтага дастаткова пяці чалавек. Калі пяць чалавек збяруцца, арганізуюцца ў групу і будуць гатовы аддаць жыццё за свабоду сваёй краіны, тады гэта можна назваць пачаткам партызанскага руху. І ўсё, што ім трэба рабіць, — падрываць склады, знішчаць лагістычныя шляхі і г. д.

— У нас ужо былі «рэйкавыя партызаны», якія цяпер сядзяць у калоніях, аднаму чалавеку ногі прастрэлілі падчас затрымання.

— Калі гэта было?

— Пасля пачатку вайны.

— Тут я магу даць параду. Менш карыстайцеся тэлефонам, паглядзіце на тактыку талібаў. Проста перадавайце ўсё з рук у рукі і людзям, якім вы давяраеце. У нас жа ёсць полк Каліноўскага, я думаю, яны маглі б працаваць як партызаны на тэрыторыі Беларусі.

— Вы з кімсьці сустракаліся з палка?

— На жаль, не. Але я ведаю Яна Мельнікава, ён камандзір батальёна «Волат» палка Каліноўскага. Мы пазнаёміліся ў «Правым сектары» ў 2014 годзе падчас рэвалюцыі годнасці. Дастаткова адукаваны чалавек, ён мне вельмі імпануе. Наколькі я ведаю, яны цяпер ваююць пад Бахмутам.

— У «Азове» ёсць беларусы?

— Ёсць беларусы, адзін з іх цяпер знаходзіцца ў палоне.

— Хто гэта?

— Я не ведаю, ці ёсць інфармацыя пра яго ў таго боку. Таму не хачу гаварыць. За час існавання «Азова» беларусы сыходзілі і прыходзілі. Добра я ведаю аднаго, і ён цяпер у палоне. Дастаткова эрудзіраваны, прынцыповы чалавек з завышаным пачуццём справядлівасці.

— Хто для вас беларусы цяпер?

— Беларус беларусу розніца. Беларусы ў форме, якія працуюць на Лукашэнку, — гэта ворагі. На мяжу з Беларуссю я гляджу як на ўчастак фронту. Я вельмі спадзяюся, што зараз у вас пойдзе партызанскі рух. Калі ў мяне атрымаецца хаця б 1% унесці ў тое, што Беларусь стане свабоднай, то я пастаўлю сабе галачку ў асабісты дзённік.

— Што б вы сказалі беларускім вайскоўцам?

— Майце сумленне або гонар. Я ведаю, што рэжым вельмі моцны ў плане кантролю інфармацыі і прапаганды. Ёсць такі фільм «Жыве Беларусь» (гісторыя музыкі, які трапляе ў войска і сутыкаецца з дзедаўшчынай. — Заўв. рэд.), я яго паглядзеў і напісаў знаёмаму ў Мінск: «Слухай, бачыў такое кіно, у вас сапраўды так ці гэта перабольшана?» Ён адказвае: «Я зараз забіваю ў Google назву фільма і думаю, калі мне пастукаюць у дзверы».

Трэба разумець, што ёсць ужо пакаленне, якое вырасла пад прапагандай Лукашэнкі, і яно пайшло ў войска. Магчыма, іх бацькі служылі і казалі: «Ёсць дзяржава, ёсць прэзідэнт, яго трэба слухаць». Што магу параіць? Калі будзе заходзіць украінская армія ці польская з беларусамі ў Беларусь, проста застаньцеся дома, а ўсе астатнія выходзьце гуляць.

— Асабіста вы гатовы ваяваць у Беларусі?

— Так, чаму не? З таго моманту, як з тэрыторыі Беларусі зайшлі войскі, для мяне дзяржаўны лад, які ў вас у краіне, — гэта вораг. Я яго гатовы знішчыць. Яны мусяць панесці адказнасць. Рана ці позна. Нават калі Лукашэнку апраўдаюць, мы знойдзем яго, мы знойдзем усіх. Гэта будзе ўкраінскі Масад.

— Вы б хацелі сустрэцца з Ціханоўскай?

— Мне цікава было б насамрэч. Маё асабістае меркаванне — праз прызнанне і легітымнасць яна павінна несці адказнасць за Беларусь. Яна не павінна падмануць давер народа.

Я лічу, што Малдова можа папрасіць падтрымкі Украіны, і мы Прыднястроўе ім за дзень перадамо. Схлусіў — за тры дні. Мы б забралі адтуль расіян, каб было на каго мяняць сваіх. З Беларуссю, магчыма, будзе лягчэй. Я думаю, што супраціву нават з вайсковага боку не будзе. Галоўнае — захапіць прэзідэнцкі палац і паставіць туды Ціханоўскую або іншага лідара беларусаў. Вось вам улада. А мы зможам вызваліць украінскія войскі, якія на паўночным кірунку прыкрываюць тэрыторыю, бо хто яго ведае, як яно можа пайсці: заўтра Лукашэнка зразумее, што ён можа памерці, захоча стаць вялікім палкаводцам і скажа: «Усё, наступаем на Украіну». Калі ў Беларусі будзе нармальная дэмакратычная ўлада, то мы можам наконт гэтага фронту не турбавацца. Мы перакідваем нашы войскі ад мяжы з Беларуссю і працягваем контрнаступленне.

— Хіба тады расіяне не зойдуць да нас?

— Я неяк не ўбачыў, што яны ў Белгарад пайшлі. А гэта, дарэчы, іх тэрыторыя. У іх няма кім. Белгарад, Курск не перакрыты. Яны туды нават ТРА не закінулі. Кім яны пойдуць? Зноў мабілізаваць? Плюс у вас шмат лясоў, танкамі асабліва не паваюеш.

— У Лукашэнкі яшчэ з’явілася тактычная ядзерная зброя.

— Калі?

— У канцы траўня ішла яе дастаўка ў Беларусь.

— Я вельмі скептычна стаўлюся да гісторыі з ядзернай зброяй. Амерыканцы знішчылі два японскія гарады. Акей. Я не эксперт у гэтым пытанні, але, каб знішчыць Кіеў ядзернай зброяй, трэба шмат ракет.

— Я пра тое, што Лукашэнка можа захацець яе выкарыстаць па тых, хто прыйшоў ваяваць супраць яго ў Беларусь.

— Гэта трызненне (смяецца). Гэта большае трызненне, чым «Шахедамі» страляць па Кіеве. Войскі ж расканцэнтраваны. Ударыць ён ядзернай ракетай кудысьці і знішчыць адзін батальён. Што з гэтага возьмеш? На шчасце, вашы вайскоўцы ваяваць не ўмеюць. У іх няма такога досведу.

Я ўпэўнены, што ўсё цывільнае насельніцтва проста выйдзе на вуліцы падтрымліваць войскі, якія зайшлі. А потым самі разбірайцеся з ТЯЗ. Віншую, у вас цяпер будзе ядзерная зброя ў дэмакратычнай краіне. Зможаце абмяняць на нейкія плюшкі ад Захаду.

Пра праварадыкальныя погляды, Пратасевіча і любоў да вікінгаў

— Ведаю, што вы ўжо стаміліся ад гэтых пытанняў. Але не магу не спытаць, бо расійская прапаганда даволі актыўная ў Беларусі. Як вы ацэньваеце рэпутацыю «Азова» да поўнамаштабнай вайны і цяпер? Што змянілася?

— Нас прызналі як прафесійнае вайсковае падраздзяленне. Трэба разумець, што нас вельмі моцна палітызавалі і звязвалі з неанацызмам. У 2014 годзе быў сабраны на той момант добраахвотніцкі батальён, і натуральна, што, калі ішлі баі, ніхто не раздзяваў байцоў і не глядзеў на татуіроўкі. Хочаш ваяваць? Пагналі. Набралі хлопцаў, сярод 300−400 чалавек было некалькі з праварадыкальнымі татуіроўкамі, яны дзесьці сфатаграфаваліся са сцягам або партрэтам Гітлера. І тут падраздзяленне трапляе пад расійскую прапаганду: «Глядзіце, у іх нацысты». Нікому ж не важна, што гэтых хлопцаў адразу выгналі з падраздзялення. У любым войску ёсць такія людзі.

Мы жывём у прававой дзяржаве, у нас забаронены камуністычныя і нацысцкія сімвалы. На гэты момант у нас такіх людзей няма зусім. Адзінае што ў аднаго з байцоў былі руны на навушніках, прыязджаў фатограф з Германіі, зрабіў фота. Адна з рун была аддалена падобная да свастыкі, і мы праводзілі расследаванне. Баец аказаўся аматарам серыяла «Вікінгі». Падабаюцца яму руны. А аматараў вікінгаў у нас шмат, на гэту тэму мы пакутуем.

— Чаму?

— Ёсць прыклады ваеннай годнасці. Іх некалькі ў свеце: напрыклад, крыжакі, вікінгі, самураі. Вайсковец мусіць шукаць сабе прыклад. Наша гісторыя моцна пераплецена з вікінгамі. Для нас гэта прыклад людзей, якія цалкам аддаюцца вайне. Многія байцы ў гэтым знаходзяць натхненне.

— Якая ідэалогія ў «Азова» цяпер?

— Украінскі нацыяналізм. Кожны тыдзень, у панядзелак і пятніцу, на шыхтаванні мы чытаем «Малітву ўкраінскага нацыяналіста». У нас няма выразна прапісанай ідэалогіі, што азовец мусіць быць такім і такім. У нас розныя людзі, хтосьці з байцоў анімэшны шаўрон носіць. Гэта зусім маладыя хлопцы, якім па 18 гадоў. Гэта ўжо не вікінгі. Вікінгі — гэта мой узрост, можа, трохі маладзейшыя або старэйшыя за мяне. Ёсць дарослыя мужчыны, якім 50−55 гадоў. Яны жылі ў СССР і не любяць яго.

Галоўнае ў «Азове» — ты мусіш любіць дзяржаву Украіна і быць прафесійным вайскоўцам. Мы ўжо даўно адышлі ад таго, што мы проста пацаны, добраахвотнікі, якія сабраліся натоўпам і пайшлі ваяваць за краіну, калі трэба. Не. «Азоў» — гэта падраздзяленне спецыяльнага прызначэння, адно з самых прафесійных. А калі вернецца камандзір Дзяніс Пракапенка, мы падымем наш узровень і станем самай падрыхтаванай брыгадай ва Украіне, а можа, нават у свеце.

— Сярод азоўцаў ёсць людзі з праварадыкальнымі поглядамі?

— Не. Мы цяпер набіраем людзей, я ўсіх асабіста не раздзяваў і не глядзеў татуіроўкі, але ў нас ёсць абавязковыя пытанні пра палітычныя, рэлігійныя, маральныя якасці на сумоўі. Мы за гэтым сочым. Нам дарагая наша рэпутацыя. Чалавек, які прыходзіць у «Азоў», ідзе станавіцца вайскоўцам, а не палітыкам. Пасля «Азова» можаш рабіць усё, чаго твая душа пажадае, толькі, калі ласка, не кажы, што ты экс-баец «Азова», гэта можа паўплываць на падраздзяленне. Дарэчы, а Пратасевіча выпусцілі?

— Выпусцілі і памілавалі. Ён ужо прапагандыстам дае інтэрв'ю.

— Што кажа?

— Што ў выпадку нападу на Беларусь пойдзе па прызыве і будзе абараняць краіну, хто б ні напаў.

— Я думаю, што Лукашэнка рыхтуецца да прыходу «Азова», каб сказаць: «Не-не, хлопцы, я ж вось адпускаў людзей на волю».

— Вы сачылі за лёсам Пратасевіча?

— Не. Я даведаўся, што ён быў у «Азове», калі самалёт з ім пасадзілі. Я тады быў камандзірам пяхотнага ўзвода, а ён у інфаслужбе. Мы не перасякаліся. Я сачыў больш за рэсурсам NEXTA. Спадзяваўся, што знойдзецца чалавек, які там напіша: «Бярыце кактэйлі Молатава і знішчайце». Калі б тады гэта зрабілі, то страт цяпер было б менш.

— «WashingtonPost» нядаўна напісала, што «Азоў» практычна не атрымлівае зброі ад заходніх краін, у тым ліку ад Злучаных Штатаў. Украінскія ўлады даюць «Азову» амерыканскую зброю?

— Мы атрымліваем заходнюю зброю, у тым ліку амерыканскую, проста не ў такіх маштабах. Заходняй зброі не так ужо і шмат, а падраздзяленняў ва Украіне дастаткова.

— Чаго цяпер не хапае ўкраінскай арміі?

— Самалётаў F-16. Нам патрэбна авіяцыя, каб мы панеслі менш страт падчас наступу.

— Калі і як скончыцца вайна?

— Я не ўпэўнены, што гэта адбудзецца сёлета. Але думаю, што стане на паўзу, у якім фармаце — гэта цікава. Цяпер будзе контрнаступленне. Усё залежыць ад таго, наколькі глыбока мы прасунемся. Мы можам стаць на межах 1991 года, а можа быць так, што нейкі кавалак нашай тэрыторыі яшчэ будзе акупаваны Расіяй. З Крымам было б прасцей разабрацца да 2022 года, цяпер, пакуль мы туды дойдзем, мы правядзём вельмі шмат баёў.

— Вы без вайны жыць зможаце, калі ўсё скончыцца?

— З задавальненнем. Я планаваў звольніцца. У верасні 2021 года я стаў начальнікам штаба палка «Азоў» і тады сказаў камандзіру, што ўсё роўна планую сысці вясной 2022 года, але нешта пайшло не так. Я не буду вайскоўцам 99%, калі вайна скончыцца.

— Чым зоймецеся?

— Магчыма, кнігі напішу. Я неяк сеў і напісаў 14 старонак, а на большае банальна няма часу. Але чым дакладна займуся, пачну разумець бліжэй да канца. Асноўная мая задача цяпер — вайна, знішчэнне праціўніка, дэакупацыя тэрыторый. Ведаеце, усё залежыць ад таго, наколькі потым панясуць пакаранне тыя, хто вінаваты. Калі панясуць, то я супакоюся і буду жыць сваё жыццё. А калі не, то, хутчэй за ўсё, працягну помсціць.