На «Азоўсталі» знаходзяцца мінімум 5 беларусаў

Прадстаўнікі батальёна Кастуся Каліноўскага агучылі колькасць беларусаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі марыупальскага заводу «Азоўсталь». Верагодна, на дадзены момант не меней за 5 нашых суайчыннікаў абараняюць аточаны расейскімі вайскоўцамі завод.





Прадстаўнікі беларускага батальёну распавялі Белсату, што апошні раз сувязь з байцамі была 4 дні таму.
«Яны ўдала ваююць і не толькі трымаюць абарону, але яшчэ і робяць вылазкі насустрач ворагу. Гэта не проста пазіцыйная вайна, але адбываецца тактычная вайна, каб на вуліцах гораду нават знішчаць ворагаў», — паведаміў прадстаўнік батальёну Ян Мельнікаў.
Вайскоўцы адзначаюць, што сітуацыя ў Марыупалі застаецца цяжкай. У абаронцаў «Азоўсталі» сканчаецца ўзбраенне, ежа і пітная вада.
Вайскоўцы паведамляюць, што амаль 80 % абаронцаў паранены, мала спяць і пры тым удала вядуць абарону і нават робяць контрнаступы.
«Тое, што афіцыйна распавядаюць — зараз на заводзе больш за 500 параненых і сярод іх большасць з параненнямі вядуць абарону «Азоўсталі». Нават калі сканчаліся медыкаменты для цывільных, то вайскоўцы аддавалі ім свае. Тое самае можна сказаць і пра складанае становішча з вадой і ежай. Праблема вялікая і рэсурс амаль вычарпаны. Лічаныя дні засталіся», — дадаў Ян Мельнікаў.
Беларускія вайскоўцы адзначаюць, што сітуацыя ў Марыупалі патавая. Хлопцы кажуць, што казаць пра дэблакаду зараз немагчыма, бо пакуль ва Украіне не хапае неабходнай артылерыі і СПА.
Складанасць і ў тым, што горад знаходзіцца недалёка ад мяжы з Расеяй, Чорнае мора застаецца заблакаваным для падтрымкі.