Эканаміст адрэагаваў на хлусню Лукашэнкі пра Еўропу, якая адмовілася ад нафты РФ і «страціла суверэнітэт»
Аляксандр Лукашэнка абурыўся, што еўрапейцы папракаюць яго ў страце суверэнітэту, а самі купляюць энерганосьбіты ўтрая даражэй. «Суверэнітэт у эканоміцы — гэта магчымасць мысліць не па логіцы каліфа на гадзіну», — каментуе ў адказ эканаміст Дзмітрый Крук.
Сёння на сустрэчы з міністрамі замежных спраў дзяржаў-членаў АДКБ Лукашэнка заявіў: «Яны, еўрапейцы, папракаюць вас (і мяне ў тым ліку), што мы суверэнітэт тут губляем і гэтак далей. Ды Гасподзь з вамі! Вы даўно яго ўжо страцілі. Як можна ацаніць і як можна ставіцца да таго, што яны адмовіліся ад танных энерганосьбітаў з Расіі і бяруць у 3-5 разоў даражэй? Гэта што такое?
Нахілілі, у
патрэбнае месца шыла ўставілі, і засталося зусім няшмат, каб яны паваліліся і
валяліся на зямлі, і яны яшчэ папракаюць кагосьці ў страце суверэнітэту! Якога
суверэнітэту?»
Папулісцкія заявы Лукашэнкі пракаментаваў для «Нашай Нівы» эканаміст Дзмітрый Крук. Ён разважае пра тое, што насамрэч гарантуе суверэнітэт эканоміцы.
— Магчымасць штосьці адхапіць хутка і танна наўрад ці можа нават у самым спекулятыўным запале мець штосьці агульнае з суверэнітэтам.
Суверэнітэт
у эканоміцы — гэта, перш за ўсё, магчымасць па сваім меркаванні абіраць шлях
развіцця краіны, захоўваючы як мага болей інструментаў (ступеняў свабоды) для
гэтага і карыстацца гэтымі інструментамі.
Суверэнітэт
у эканоміцы — гэта таксама магчымасць мысліць не па логіцы каліфа на гадзіну,
а-ля «стала не да юру, абы вынесці скуру» і «пасля нас хоць патоп», а мысліць аб будучыні
краіны на працяглым часавым гарызонце.
У гэтым
рэчышчы краіны Еўропы свядома адыходзяць ад залежнасці ад бензакалонкі,
гаспадар якой — вар'ят па мерках сённяшняга свету, нягледзячы на тое, што
пакуль яго газ / бензін нейкі час можа быць таннейшым (што між іншым далёка не
факт).
Прадказальнасць,
разуменне партнёра і давер да яго ў кантэксце эканамічнага суверэнітэту —
нашмат больш важныя рэчы, чым бягучая цана. Менавіта таму краіны, якія мысляць
такімі катэгорыямі, застаюцца суверэннымі і ўстойліва развіваюцца больш за 200
гадоў. А тыя, хто паставіў на нізкія цэны на энерганосьбіты, па ўсіх базавых
эканамічных паказчыках перасталі развівацца апошнія мінімум 10 гадоў і ўсё
больш адстаюць ад «недальнабачных» суседзяў.
Больш за тое, у выніку склалася такая татальная
залежнасць ад гаспадара бензакалонкі, што весці ўсур'ёз гаворку пра
паўнавартасны эканамічны суверэнітэт на сёння немагчыма».