Мечыслаў Грыб: Таталітарны рэжым не можа без рэпрэсій
Каб пазбавіцца таталітарнай спадчыны, трэба адмовіцца ад смяротнага пакарання, лічыць Мечыслаў Грыб — экс-спікер беларускага парламента, генералам, які амаль усё жыццё аддаў працы ў міліцыі.
Мечыслаў Грыб. Фота basta-news.net
Мечыслаў Грыб у 1967 годзе скончыў БДУ па спецыяльнасці «юрыст», і прайшоў шлях ад інструктара па палітыка-выхаваўчай рабоце Упраўлення аховы грамадскага парадку Віцебскага аблвыканкама да начальніка Упраўлення аховы грамадскага парадку МУС БССР і начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама. Генерал-лейтэнант міліцыі — першы ў Рэспубліцы Беларусь. Той, хто расследаваў да канца знакамітую справу маньяка Міхасевіча ў Віцебску.
Мечыслаў Іванавіч кажа, што спецыяльна гісторыяй смяротнага пакарання не займаўся. «Гэта занадта вялікая тэма. Гэта не проста інстытут, гэта і спосабы смяротнага пакарання. Ад часоў сярэднявечча людзей не толькі расстрэльвалі, але і тапілі, палілі, чацвертавалі. З іншага боку, яшчэ і тэма пра тое, за што чалавека пазбаўлялі жыцця — за шпіянаж, у ваенныя часы. За якія злачынствы яно прымяняецца», — тлумачыць ён.
Але, што тычыцца савецкіх часоў, Грыб кажа: не ўсё так кепска з гэтым пытаннем было нават пры Саветах.
Тры мараторыі напачатку стагоддзя
Мечыслаў Іванавіч распавядае, што за ХХ стагоддзе на тэрыторыі сучаснай Беларусі мараторый на смяротнае пакаранне ўводзіўся аж чатыры разы. «Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года, калі да ўлады прыйшлі сацыялісты, Часовы ўрад прыняў рашэнне пра адмену смяротнага пакарання. І афіцыйна гэтае смяротнае пакаранне было адмененае 25 сакавіка 1917 года. Але ў той час ішла Другая сусветная вайна, і ў чэрвені 1917 года смяротнае пакаранне было ўведзенае — але толькі за вайсковыя злачынствы.
Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў, смяротнае пакаранне, як ні дзіўна, таксама адмянялася, і неаднаразова. Напрыклад, Дэкрэт II Усерасійскага з’езда Саветаў ад 26 кастрычніка 1917 года ў тым ліку абвяшчаў і аб адмове ад смяротнага пакарання. Пратрываў гэты мараторый амаль год — 5 верасня 1918 года ў сувязі з прыняццем пастановы СНК РСФСР «Аб чырвоным тэроры» расстрэлы ўзнавіліся.
Пакуль ішла вайна, такога маштабнага кроку, як адмена смяротнай кары, зрабіць было немагчыма. Але ж вайна не вечная. І напачатку 1920 года сумеснай пастановаю Усесаюзнага цэнтральнага выканаўчага камітэта і Савета народных камісараў ад 17 студзеня 1920 года смяротная кара таксама адмянялася.
«Рэвалюцыйны пралетарыят і рэвалюцыйны ўрад Савецкай Расіі з задавальненнем канстатуюць, што разгром узброеных сіл контррэвалюцыі дае ім магчымасць адкласці ў бок зброю тэрору… Зыходзячы з вышэйвыкладзенага, Усерасійскі Цэнтральны Выканаўчы Камітэт і Савет Народных Камісараў пастанаўляюць: адмяніць прымяненне вышэйшай меры пакарання (расстрэлу) як па прысудах Усерасійскай надзвычайнай камісіі і яе мясцовых органаў, так і па прысудах гарадскіх, губернскіх, а таксама і Вярхоўнага пры Усерасійскім Цэнтральным Выканаўчым Камітэце трыбуналаў», — казалася ў гэтай пастанове.
Яе падпісалі людзі, якіх потым зрабілі «самымі крыважэрнымі ў гісторыі рэвалюцыі», — Уладзімір Ленін, Фелікс Дзяржынскі і Авель Енукідзе.
Праз пяць месяцаў, праўда, расстрэл ізноў стаў магчымым — 4 мая 1920 года быў прыняты загад Рэўваенсавета маладой савецкай краіны «Аб рэвалюцыйных ваенных трыбуналах». Расстрэлам магла карацца «контррэвалюцыйная» дзейнасць — але такія рашэнні маглі прымаць толькі рэвалюцыйныя ваенныя трыбуналы. То бок, тэарэтычна, смяротная кара дзейнічала толькі за ваенныя злачынствы і толькі ў ваенны час, а выносіць смяротныя прысуды маглі толькі ваенныя трыбуналы.
Аднак, як заўважыў Мечыслаў Грыб, паціху-палёгку «законы ваеннага часу» пераходзілі ў мірнае грамадзянскае жыццё. «Бо такая сутнасць таталітарнага рэжыму — ён не можа без рэпрэсій. Рэпрэсіі — гэта палітыка, гэта спосаб утрымання ўлады», — кажа Грыб.
Дарэчы, ніхто не задумваўся, чаму ў часы сталінскіх рэпрэсій прысуды выносіліся фактычна пазасудовым парадкам — «двойкамі» і «тройкамі»? І чаму для смяротнага пакарання была абраная такая фармулёўка — «15 год без права перапіскі»? Таму што фармальна прысуды выносіліся «па законе ваеннага часу», і тым самым стваралася бачнасць «рэвалюцыйнага трыбуналу», і бачнасць таго, што ніякіх смяротных прысудаў у краіне няма.
«Тройкі» як пазасудовы орган былі створаны 29 кастрычніка 1929 года цыркулярам АГПУ для папярэдняга разгляду следчых спраў і даклада на судовых пасяджэннях. А фармальна права выносіць смяротныя прысуды яны атрымалі толькі 30 ліпеня 1937 года.
…І адзін савецкі
Апошні савецкі мараторый на смяротнае пакаранне пратрываў даволі доўга. Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 26 мая 1947 года «Аб адмене смяротнага пакарання» гэта пакаранне было адменена ў мірны час, а злачынствы, за здзяйсненне якіх прадугледжвалася вышэйшая мера пакарання, караліся пазбаўленнем волі тэрмінам на 25 гадоў.
Затым смяротнае пакаранне Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 12 студзеня 1950 года «Аб прымяненні смяротнага пакарання да здраднікаў радзімы, шпіёнаў, падрыўнікоў — дыверсантаў» дапускалася як выключэнне з папярэдняга Указа. Прычым, відавочна, што гэта было зроблена спецыяльна з мэтаю рэпрэсіяў, пад так званую «ленінградскую справу» — справу, сфабрыкаваную супраць вышэйшых кіраўнікоў ВКП(б) з Ленінграда.
У далейшым, з 1954 года, смяротнае пакаранне дапускалася таксама ў дачыненні да асуджаных за забойства пры абцяжарваючых абставінах, а з 1960 года — і за асабліва буйныя фінансавыя злачынствы.
Канчаткова смяротнае пакаранне як выключная мера было ўстаноўлена Крымінальным кодэксам СССР 1961 года, распавядае Мечыслаў Грыб.
Такім чынам, уся гісторыя смяротнага пакарання ў СССР непарыўна звязаная з гісторыяй сталінскіх рэпрэсіяў. Смяротнае пакаранне неаднаразова адмянялася, але і неаднаразова ўводзілася. І ўводзілася яно менавіта напярэдадні рэпрэсіяў, каб надаць рэпрэсіям і забойствам бачнасць законнасці. А ўжо потым інстытут смяротнага пакарання пускаў карані і ў звычайным крымінальным пакаранні.
Пахаванне — таксама рэпрэсіі
Як мяркуе Мечыслаў Грыб, практыка выканання смяротнага пакарання, якая існуе ў Беларусі, таксама ёсць спадчынай менавіта сталінскіх рэпрэсіяў. Тое, што родзічам асуджанага не паведамляюць пра тэрміны выканання пакарання, не выдаюць цела, не выдаюць асабістыя рэчы расстралянага, не раскрываюць месца пахавання — гэта ўсё наступствы сталіншчыны.
«З савецкіх часоў нашы ўлады не разумеюць, што, калі ўжо прымянілі такую меру пакарання, не трэба здзекавацца з людзей. Не трэба хаваць таемна целы, трэба аддаваць гэтыя целы сваякам для пахавання і памінання, і гэтак далей. Ну, не мае дзяржава на гэта права — пазбавіць людзей памяці, хай і пра злачынцу. Гэта людзі павінны самі вырашаць, будуць яны яго помніць альбо не будуць. Ну, добра, вы пакаралі чалавека за злачынства смерцю — і па законе пакаралі. А за што вы караеце яго сваякоў, блізкіх, родзічаў? За што вы не даяце ім магчымасці схадзіць на могілкі?» — задае пытанне генерал-лейтэнант міліцыі.
«Я паразважаў, і думаю, што гэта звязана з рэпрэсіямі. Калі былі масавыя расстрэлы — у Курапатах, Лошыцы, іншых месцах. Тады трэба было хаваць патаемна, бо, калі б пра гэта тады расказалі, і людзі б туды пайшлі шукаць целы родных, пабачылі б, што там творыцца, — ад савецкай улады б нічога не засталося», — лічыць Грыб.
Пазбавіцца таталітарнай спадчыны?
Зараз, калі ўжо дзясяткі і сотні разоў асуджаныя сталінскія рэпрэсіі і сталінізм, здавалася б, прыйшоў час пазбавіцца такой таталітарнай спадчыны, як смяротнае пакаранне. Гэтае пытанне, па словах Мечыслава Грыба, з аднаго боку складанае, з іншага — не вельмі.
Складанасць, па ягоных словах, палягае ў тым, што на рэферэндуме 1996 года народ выказаўся за захаванне гэтай вышэйшай меры. А па законе, адмяніць рашэнне рэферэндуму можна толькі другім рэферэндумам. «І я не ўпэўнены, што народ выкажацца за адмену смяротнага пакарання», — кажа Грыб, хоць і сам ён з’яўляецца прыхільнікам такой адмены.
Значна прасцейшы шлях, па ягоных словах — увесці мараторый на смяротнае пакаранне і паглядзець, што з гэтага атрымаецца.
«Трэба разумець, што мараторый — гэта не адмена смяротнага пакарання. Гэта проста прыпыненне выканання смяротных прысудаў. Сёння, калі да смяротнага пакарання прысуджаецца два ці пяць чалавек, гэта зрабіць нескладана. Увогуле, прэзідэнт краіны можа зрабіць гэта проста сваім указам — нават не тлумачачы, чаму і навошта ён гэта зрабіў», — кажа Грыб.
Складана ўвесці мараторый альбо адмяніць смяротнае пакаранне было ў часы Вярхоўнага Савета. З шэрагу прычынаў, і найперш з той, што ў той час не было альтэрнатывы смяротнаму пакаранню ў выглядзе пажыццёвага зняволення. «Пажыццёвае» з’явілася ў беларускім заканадаўстве толькі ў 1997 годзе, і з таго часу колькасць асуджаных да пазбаўлення жыцця знізілася ў дзясяткі разоў.
Больш за тое, па словах Грыба, існуе і думка, што смяротнае пакаранне — гэта значна больш лёгкае пакаранне, чым пажыццёвае зняволенне. І лепш бы злачынца ўсё жыццё пакутаваў, чым «проста так» адышоў у іншы свет.
«Расія з 1996 года ўвяла мараторый на смяротнае пакаранне — і нічога. Пры той злачыннасці, што ёсць там, пры тэрактах, пры заказных забойствах, але тым не менш, існуе, не павалілася», — адзначае Грыб.
Паводле меркавання генерал-лейтэнанта міліцыі ў адстаўцы, праблему злачыннасці смяротнае пакаранне не вырашае. «Вырашыць яе толькі асэнсаванне непазбежнасці пакарання. Бо кожны не жадае несці адказнасці нават за самае дробнае злачынства. Калі ён будзе ведаць, што пакаранне непазбежнае, калі ў яго не будзе прыкладаў таго, што хтосьці зрабіў злачынства і пазбегнуў пакарання, ходзіць па вуліцы і гэтак далей — вось гэта з’яўляецца прафілактыкай злачыннасці. А не само пакаранне, будзь яно сто разоў жорсткае», — лічыць Грыб.
Увесці мараторый на смяротнае пакаранне, на думку Грыба, было б вельмі карысна. Хаця б паглядзець, што з гэтага атрымаецца. У любым выпадку, смяротнае пакаранне — гэта невыпраўляльная мера, а мараторый можна ўвесці, а можна і адмяніць.