Лідзія Ярмошына лічыць, што прамая дэмакратыя горш за дыктатуру
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына дала інтэрв'ю «Камсамольскай праўдзе» з нагоды зменаў у выбарчае заканадаўства.
6 траўня 2012 г. Выбаршчыкі кантона Гларус на плошчы вырашаюць палітычныя пытанні ўзняццем рукі — гэта прыклад прамой дэмакратыі ў Швейцарыі
Цяпер не будзе дазволена выносіць на рэферэндум пытанні, датычныя мытаў і збораў. Яшчэ раней было забаронена ўсенародна вырашаць бюджэтныя пытанні.
— Цікава, будаўніцтва АЭС ці продаж буйнога прадпрыемства, напрыклад,
Беларуськалія, да бюджэтных пытанняў адносіцца?, — спытала
журналістка «Камсамолкі».
— Гэтыя пытанні, вядома, не адносяцца да забароненых. Але калі пра
гэта пытацца, мы звяжам рукі ўраду. Усё адно што на прадпрыемстве праводзіць рэферэндум з нагоды таго, ці павінен дырэктар нешта прадаваць. Не вырашае ён гэта з працоўным
калектывам, — адказала старшыня ЦВК.
— Але людзі маглі б выказаць сваё меркаванне?
— А вы ўпэўненыя, што людзі могуць кампетэнтна адказаць? Напэўна,
шахцёры Беларуськалія адкажуць адным чынам, жыхары Мінска — іншым.
Гэта пытанні спецыяльнай кампетэнцыі, выносіць іх на рэферэндум — усё роўна што разам вырашаць лёс Тэатра оперы і балета. Калі народ абірае кіраўніка,
ён у любым выпадку бярэ на сябе рызыку за рашэнні, што прымаюцца. Гэта як у сям'і — даручаюць нешта аднаму члену сям'і, а ўсе астатнія знаходзяцца з ім у адной
лодцы.
— Але адна справа — пытанні тэатра, іншае — дзяржаўны доўг, напрыклад.
— Я не спецыяліст у галіне эканомікі, не змагу на гэтае пытанне
адказаць. Скацімся да таго, што без ўсеагульнага адабрэння практычна нічога немагчыма будзе зрабіць. Гэта будзе горш за дыктатуру.
Паводле kp.ru