Алкаеў: відэазапіс пакарання Захаранкі існуе, і я хутка яго ўбачу
Аўтар кнігі «Расстрэльная каманда» Алег Алкаеў працягвае расследаванне выкраданняў беларускіх апазіцыянераў.

На думку Алега Алкаева, былога начальніка мінскага СІЗА № 1, у якім прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды, трэба назваць імёны ўсіх, хто перашкаджаў расследаванню спраў аб іх знікненні. Пра
гэта ён заявіў у інтэрв'ю Deutsche Welle.
— Навошта вы нядаўна наведалі Беларусь, бо гэта небяспечна для вас?
— Не хачу перадаручаць свае справы іншым людзям. Я сабраў патрэбную мне інфармацыю, шукаў сляды загінулых апазіцыянераў. Існуе шмат версій, напрыклад, што іх парэшткі перазахавалі і спалілі.
Адной з мэт майго візіту была, у прыватнасці, відэакасета з запісам пакарання экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі.
— Чаму вы вырашылі самастойна працягнуць расследаванне?
— Я хачу падкрэсліць, што гэтыя справы замяць не атрымаецца, таму што яны не маюць тэрміну даўнасці. І адказнасць за папушчальніцтва пры расследаванні такога роду злачынстваў таксама
бестэрміновая. Нагадаю, што ў 1999-2000 гадах у Беларусі зніклі палітычныя праціўнікі Аляксандра Лукашэнкі — экс-кіраўнік МУС генерал Юры Захаранка, былы намеснік старшыні Вярхоўнага савету
Віктар Ганчар, бізнесовец Анатоль Красоўскі і журналіст Зміцер Завадскі. Я звяртаю ўвагу на тое, чаму больш за 10 гадоў не прасоўваецца следства па гэтых справах.
Прынята лічыць, што асноўная віна ляжыць на кіраўніцтве краіны. Але нельга выключаць і адказнасць работнікаў следчага апарата, якім матэрыялы перадаваліся з рук у рукі, а расследаванне так і не
зрушылася з месца. Напрыклад, чаму следчая Сьвятлана Байкова, якая першыя два гады вяла справу аб знікненні Захаранкі, ведаючы ўсе абставіны, адводзіла следства ў бок?
Яна шукала Юрыя Захаранку ў Нямеччыне, дзе ён нібыта хаваўся. Па беларускім тэлебачанні нават паказвалі кадры дома, дзе «пасяліўся» зніклы генерал. Але ж следчая выдатна разумела,
дзе трэба шукаць яго цела. Віна ляжыць не толькі на ёй, я назаву і іншыя імёны.
— Каго менавіта тычыцца ваша расследаванне?
— Адказных асоб пракуратуры, МУС і КДБ. У Беларусі толькі шэсць Генеральных пракурораў памяняліся за апошняе дзесяцігоддзе, і кожны проста абавязаны быў расследаваць гэтыя справы. Бо кожны
год усе яны сцвярджалі, што следства ідзе. Нагадаю, што ў распараджэнні пракуратуры больш за дзесяць гадоў знаходзіцца рапарт начальніка Галоўнага ўпраўлення крымінальнай міліцыі МУС генерала Мікалая
Лапаціка.
Ён пісаў былому у той час кіраўніком МУС Уладзіміру Навумаву аб датычнасці да выкраданняў людзей камандзіра СОБРа Дзмітрыя Паўлічэнкі, а таксама сакратара Савету бяспекі Віктара Шэймана. Але Навумаў
і Шэйман звальвалі адзін на аднаго адказнасць, калі распавядалі, як ідзе следства, дэпутату Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Хрыстасу Пургурыдэсу, які прыязджаў у Беларусь для правядзення
незалежнага расследавання.
— Якія сведчанні мы мелі вы для напісання кнігі «Расстрэльная каманда»?
— 14 снежня 1999 году я ўбачыў у «Камсамольскай праўдзе» ў чорных рамках партрэты Захаранкі, Ганчара і Красоўскага з датамі іх знікнення. Успомніў, што менавіта ў гэтыя дні
ў мяне канфіскоўвалі расстрэльны пісталет з глушыцелем, які выкарыстоўваўся для выканання смяротных прысудаў.
Пачаў збіраць інфармацыю і даведаўся, што Юры Захаранка заўважаў за сабой сачэнне, якое вялі людзі на чырвоным BMW. Тады такая машына была рэдкасцю, яна належала кіраўніку СОБРа Дзмітрыю Паўлічэнку.
Я разумеў, што за ім стаіць нехта яшчэ, і думаў, да каго звярнуцца са сваімі падазрэннямі. Пры гэтым шчыра лічыў, што прэзідэнт нічога не ведае.
Падчас выпадковай сустрэчы расказаў пра ўсё Уладзіміру Навумаву, якога неўзабаве прызначылі кіраўніком МУС. Паўлічэнка быў арыштаваны, рыхтаваўся арышт былога сакратара Савету бяспекі Віктара
Шэймана. Але пайшоў зваротны працэс. Усе, хто вёў гэтую справу, тагачасныя старшыня КДБ і генпракурор, былі знятыя з пасадаў, а мяне папярэдзілі, каб маўчаў.
Але потым у апазіцыйныя СМІ ад былых следчых пракуратуры трапілі копіі дакументаў па справах аб зніклых апазіцыянерах. Тады мяне шукалі нават у адпачынку, каб я даў абвяржэнне. Я выехаў у Нямеччыну і
прыняў рашэнне тут застацца. У мяне таксама былі копіі часопісу ўліку, дзе былі зафіксаваныя дні выдачы расстрэльнага пісталета. Цяпер яны знаходзяцца ў Хрыстаса Пургурыдэса. Так што
«Расстрэльная каманда» была напісана па дакументах, маіх назіраннях і паказаннях сведак.
— Вы згадалі пра відэазапіс пакарання Юрыя Захаранкі. Пра яго даўно ходзяць размовы. Вы самі яго бачылі?
— Запіс існуе, і я хутка яго ўбачу. Тыя, хто зрабіў копіі, былі не прасцякі. У мінулым годзе мне прапаноўвалі купіць касету за 250 тысяч долараў, але ў мяне няма такіх грошай.
— А вы не думалі, што ваш інтарэс хтосьці можа выкарыстоўваць і адвесці па ілжывым следзе?
— Як мяне можна выкарыстоўваць? Я проста цікаўлюся тым, чым абавязаны былі цікавіцца следчыя пракуратуры, і збіраю факты для новай кнігі. Я мог бы апрацаваць існуючы матэрыял і выдаць новую,
добра чытаную кнігу. Але будучаму следству па гэтых справах спатрэбяцца не эмоцыі, а факты.
Кажуць, па заканчэнні часу цяжка шукаць доказы, тым больш, схаваныя глыбока ў зямлі. Але ёсць шмат сведак, якія ведаюць, хто і што рабіў, і яны гатовыя адказваць на пытанні. Вядома, на ўмовах
ананімнасці. Пакуль я шмат чаго не магу распавядаць. Мы не ў цацкі гуляем, за злачынствы такога роду належыць расстрэл. Бо ў Беларусі смяротнае пакаранне пакуль яшчэ ніхто не адмяніў. І тыя, каму яно
можа пагражаць, будуць абараняцца сур’ёзна.
Паводле Радыё Свабода