47 пытаньняў да Трампа ў дзень інаўгурацыі сорак сёмага прэзідэнта ЗША
Сёньня на пасаду «галоўнага палітыка сьвету» зноў заступіў Дональд Трамп. Якім будзе новы тэрмін палітыка – ня ведае ніхто. Імпульсіўны, непрадказальны, рашучы: такі набор якасьцяў можа прывесьці як да правалу, так і да трыюмфу. Мы дазволілі сабе задаць яму 47 пытаньняў.
Геапалітыка
Ці зьяўляюцца агучаныя вамі прэтэнзіі ў адносінах да Грэнляндыі вашымі асабістымі палітычнымі амбіцыямі, альбо гэта сапраўдная стратэгічная мэта Злучаных Штатаў Амэрыкі?
Ці варта ЗША разглядаць дадатковыя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі, ці ёсьць месца для перамоваў?
Якая ваша стратэгія, каб дапамагчы Ўкраіне выйграць вайну супраць Расеі?
Падчас першага тэрміну вашага прэзідэнцтва два гады рэспубліканцы кантралявалі Палату прадстаўнікоў і Сенат. Чаму вы не здолелі дамагчыся ад іх фінансаваньня будаўніцтва сьцяны з Мэксікай на паўднёвай мяжы?
Якія крокі вы зробіце для ўмацаваньня партнэрства ЗША з такімі арктычнымі краінамі, як Данія і Канада?
Якую ролю павінна граць ЗША ў разьвіцьці дэмакратыі ў Беларусі?
Ці падтрымліваеце вы працяг ваеннай і фінансавай дапамогі Ўкраіне? Калі так, тады як вы гарантуеце яго эфектыўнае выкарыстаньне?
Як вы будзеце супрацьстаяць росту ўплыву Кітая ў Афрыцы, Латынскай Амэрыцы і Паўднёва-Усходняй Азіі?
Як прэзідэнт самай уплывовай краіны, ці плянуеце вы надаваць вялікую ўвагу праблеме зьмены клімату?
Ці прымальна для вас, каб Іран меў ядзерную зброю?
У чым састаіць ваш плян па вяртаньні дадому ізраільскіх і амэрыканскіх закладнікаў, якія застаюцца ў руках тэрарыстаў з ХАМАС у Газе?
Ці пашлеце вы амэрыканскія войскі абараняць Тайвань, калі Кітай уварвецца на выспу?
Вы некалі выказалі думку, што Пуцін павінен мець больш свабодныя рукі, каб рабіць тое, што ён хоча ў Эўропе. Наколькі гэта актуальна 20 студзеня 2025 года?
Як вы будзеце змагацца з хваляй антысэмітызму, якая разьліваецца па ўсім сьвеце, у тым ліку ЗША?
Ці могуць ЗША спрыяць барацьбе з парушэньнямі правоў чалавека ў Ганконгу, не падрываючы адносінаў ЗША і Кітая?
Урады Саўдаўскай Арабіі, Катара і ААЭ інвеставалі мільярды даляраў у фонд, якім кіруе Джарэд Кушнэр, ваш зяць, нягледзячы на тое, што ён мае мала досьведу ў інвэставаньні. Ці ня думаеце, што яны спрабуюць паўплываць на вас падобным чынам?
Калі б Украіна ўступіла ў NATO, як бы вы паставіліся да патэнцыйнай эскаляцыі з Расеяй?
Ці лічыце вы, што ЗША павінны ваенна ўмешвацца ў любы цяперашні сусьветны канфлікт?
Ці лічыце вы ідэю аб стварэньні дзьвюх дзяржаваў у Ізраілі жыцьцяздольнай?
Ці лічыце вы мілітарызацыю Арктыкі неабходным крокам для бясьпекі ЗША?
Ці неабходнае далейшае пашырэньне NATO, і калі так, тады якія краіны варта разглядаць у якасьці сяброўства ў альянсе?
ЗША
Ваш былы віцэ-прэзідэнт і экс-кіраўнік адміністрацыі адкрыта кажуць, што вы непрыдатны для таго, каб быць прэзідэнтам. Як вы лічыце, чаму так шмат вашых уласных прызначэнцаў так думаюць?
Ці гатовыя вы да рэзкага канфлікту з чальцамі Рэспубліканкай партыі, якія не падтрымліваюць вас? І ці вы разглядаеце магчымасьць стварэньня ўласнай партыі ў сувязі з гэтым?
Які ваш плян па скарачэньні патоку наркотыкаў у ЗША з краінаў Паўднёвай Амэрыкі і Мэксікі?
Ці пратрымаецца Ілан Маск у вашай адміністрацыі прынамсі да канца 2025 года?
Вы крытычна ацанілі ліквідацыю лясных пажараў у Лос-Анджэлесе ў пачатку 2025 года. Як гэта можна было зрабіць лепш?
6 студзеня 2021 года вы падбухторвалі ўзброены натоўп да беспарадкаў, заклікалі прыхільнікаў ісьці на Кангрэс і «біцца як чорт». Вы лічыце такія метады палітычнай барацьбы прымальнымі для ЗША?
Вашымі прыхільнікамі былі параненыя больш за 140 супрацоўнікаў паліцыі. У іх чэрапна-мазгавыя траўмы, зламаныя рэбры, адзін з іх нават страціў частку пальца. Але вы неаднаразова абяцалі памілаваць людзей, якія зрабілі гэта. Так і будзе?
У часе вашага кіраваньня адбылося найбуйнейшае аднаразовае павелічэньне дзяржаўнага доўгу ў гісторыі ЗША, часткова з-за рэагаваньня на COVID-19. Што вы будзеце рабіць, каб скараціць дзяржаўны доўг?
Вас абвінавацілі ў 34 крымінальных злачынствах, у тым ліку ва ўтойваньні выплаты 130 тысячаў даляраў зорцы фільмаў для дарослых. Спадар Трамп, у красавіку 2018 года вы сказалі журналістам, што ня ведалі пра выплаты той канкрэтнай асобе. Але ваш уласны адвакат прызнаў, што гэта было няпраўдай. Дык чаму мы мусім верыць іншым вашым словам?
Чым ваша іміграцыйная палітыка на другі тэрмін будзе адрозьнівацца ад першай?
Як вы будзеце рэгуляваць крыптавалюты і лічбавую эканоміку?
Вы прапанавалі вялікія тарыфы на тавары, якія паступаюць у ЗША. Многія кіраўнікі прадпрыемстваў і эканамісты кажуць, што гэта падвысіць спажывецкія кошты. Ці гэта сапраўды так?
Вы заклікалі да масавай дэпартацыі нелегальных мігрантаў. Каго канкрэтна вы б дэпартавалі — усіх, хто знаходзіцца ў ЗША нелегальна, ці толькі асобныя групы?
Як вы будзеце абараняць свабоду слова ў эпоху культуры адмены?
Асабістае
Якое самае вялікае памылковае ўяўленьне людзей пра вас?
Наколькі вашыя адносіны з жонкай Мэланіяй Трамп уплываюць на ваш эмацыйны фон? І як гэтыя адносіны адбіваюцца на прыняцьці рашэньняў?
Хто найбольш паўплываў на вас, як на палітыка?
Экстрэмальная сьпякота, моцныя штормы і паводкі становяцца ўсё больш распаўсюджанымі зьявамі. Тым не менш, вы назвалі зьмену клімату «не нашай праблемай». Вас турбуе сьвет, які вы пакідаеце ўнукам?
Ці для вас дапушчальна перасьледваць палітычных апанэнтаў?
Вы спрабавалі адмяніць вынікі выбараў 2020 года пасьля перамогі Байдэна. Вы верыце ў амэрыканскую дэмакратыю?
Ці вы выкарыстоўвалі ўладу прэзідэнта, каб узбагаціць сябе і сваю сям'ю?
Чаму амэрыканцы павінны давяраць вам цяпер больш, чым у 2016 годзе?
Праз чатыры гады вам будзе 83. Ці плянуеце вы сысьці на пенсію?
Якая лепшая парада з тых, што вы калі-небудзь атрымлівалі?
Якія вашы адносіны з Богам? Вы вызнаеце сябе неканфэсійным хрысьціянінам. Якую ролю гэтая вера адыгрывае ў вашым штодзённым жыцьці?
Якім прэзідэнтам вам жадалася б застацца ў гісторыі?