Дональд Трамп гатовы ўвесці новыя санкцыі, калі Пуцін не пойдзе на здзелку па Украіне
Прыярытэтам для Украіны з’яўляецца заканчэнне «гарачай фазы» вайны, лічыць прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. А прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прызнаўся, што не ведае, ці гатовы Пуцін да перамоваў па спыненні агню. І прыгразіў Пуціну новымі санкцыямі. Ідзе 1064-ты дзень шырокамаштабнай узброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі Аляксандра Лукашэнкі.
Сітуацыя на фронце застаецца складанай. Праціўнік, выкарыстоўваючы сваю перавагу ў жывой сіле і тэхніцы, безупынна атакуе нашы пазіцыі. Украінскія абаронцы стойка стрымліваюць націск акупантаў, наносячы ворагу значныя страты. У цэлым, за мінулыя суткі зафіксавана 121 боесутыкненне, гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ за 22 студзеня
Па ранейшаму самым напружаным застаецца Пакроўскі кірунак, дзе адбылася палова ўсіх атак расіян — 61. На Ліманскім кірунку войскі РФ атакавалі 13 разоў, спрабуючы ўклініцца ва ўкраінскую абарону паблізу Капанкі, Цернаў.
На Краматорскім і Тарэцкім кірунках зафіксавана па шэсць атак расіян. На Новапаўлаўскім кірунку расіяне за мінулыя суткі здзейснілі восем штурмаў у напрамках Врэмаўкі, Канстанцінопаля і Вялікай Навасёлкі.
Сілы абароны Украіны працягваюць аперацыю ў Курскай вобласці Расіі, адбіўшы сем штурмаў арміі РФ. Пры гэтым расійская авіяцыя нанесла 23 авіяўдары па ўласнай тэрыторыі, скінуўшы пры гэтым 31 КАБ.
* * *
У ноч на 22 студзеня Сілы абароны Украіны паспяхова адкінулі праціўніка паблізу населеных пунктаў Шаўчэнка і Удалае. У той жа час, піша, аналітычны праект DeepState, расійскія войскі прасунуліся каля іншых населеных пунктаў Данецкай вобласці — ля Вялікай Навасёлкі, Ваздзвіжанкі, Славянкі і Срэбнага.
* * *
Увечары 21 студзеня ў Мікалаеве прагрымелі выбухі. Армія РФ атакавала горад сям'ю ўдарнымі дронамі, ёсць пашкоджанні жылых дамоў, аб'ектаў інфраструктуры і ёсць пацярпелая жанчына сярод мірнага насельніцтва.
* * *
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заклікаў кіраўніка Расіеі Уладзіміра Пуціна заключыць пагадненне, каб спыніць вайну ва Украіне. Трамп падкрэсліў, што працяг канфлікту разбурае Расію, наносячы ёй значныя эканамічныя і чалавечыя страты.
«Ён (Пуцін) не можа быць у захапленні, — сказаў Трамп. — У яго справы ідуць не вельмі добра. Што ён пакутуе... Ён не вельмі добра выглядае... Я думаю, што ён быў бы вельмі рады скончыць гэтую вайну».
Трамп паведаміў, што прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сказаў яму, што хоча заключыць пагадненне пры ўмове, што гэта прывядзе да ўстойлівага спынення вайны, якое будзе прымальным для Украіны. «Зяленскі хоча заключыць пагадненне. Я не ведаю, ці хоча Пуцін. Магчыма, не. Я не ведаю», — адзначыў Трамп.
Таксама Трамп заявіў, што, хутчэй за ўсё, увядзе новыя санкцыі супраць Расіі ў выпадку, калі Пуцін не сядзе за стол перамоваў па Украіне.
* * *
Пасля заключэння пагаднення аб спыненні агню, для прадухіленне новага нападу Расіі, Украіне спатрэбяцца еўрапейскія міратворцы. Іх колькасць павінна быць не меншай за 200 тысяч чалавек, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, піша Reuters.
«200 тысяч — гэта мінімум. Гэта мінімум, а інакш нічога», — сказаў Зяленскі.
Гэтую лічбу ён агучыў зыходзячы з таго, што войска Расіі будзе складаць 1,5 мільёна чалавек, а ва Украіны будзе палова гэтай колькасці. І адзначыў, што міратворцы — толькі частка неабходных Украіне гарантый бяспекі.
Варта адзначыць, што 200 тысяч чалавек, — гэта ўся армія Францыі станам на 2020 год.
* * *
Таксама прэзідэнт Украіны сказаў, што Украіна ніколі не пагодзіцца на кампраміс, што прадугледжваў бы прызнанне акупаваных тэрыторый часткай Расіі — нават пад ціскам усіх хаўруснікаў: «Хай хоць усе хаўруснікі свету аб'яднаюцца — мы ўсё роўна не прызнаем акупаваныя тэрыторыі. Гэта немагчыма. Мы юрыдычна іх не прызнаем. Для нас яны заўсёды будуць заставацца акупаванымі тэрыторыямі, пакуль мы туды не вернемся».
Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што дыялог з Расіяй павінен адбывацца толькі з пазіцыі сілы, бо любая спроба ставіцца да агрэсара на роўных з'яўляецца паразай для Украіны: «Пуціна нельга суб'ектывізаваць у гэтых у гэтай гісторыі. Ён парушыў усё. Ён вінаваты, і павінен гэта ўсвядоміць. Але яго не спыніць, калі размаўляць з ім на роўных».
Зяленскі асобна адзначыў, што завяршэнне актыўнай фазы вайны з'яўляецца галоўным прыярытэтам для Украіны.