5 цікавых фактаў пра перамогу Трампа

47-мы, ён жа 45-ты прэзідэнт ЗША сёньня, верагодна, самы шчасьлівы чалавек ва ўсім сьвеце. Выбарчая кампанія, якая скончылася для яго трыюмфам, прынесла шэраг акалічнасьцей, на якія варта зьвярнуць увагу.

Амэрыканская паштовая марка

Амэрыканская паштовая марка

Розьніца ў аддадзеных галасах – як палова насельніцтва Беларусі

За кандыдата ад Рэспубліканскай партыі, папярэдне, аддалі свае галасы 71 мільён амэрыканцаў, кандыдатка ад дэмакратаў здабыла прыблізна 65,8 мільёны прыхільнікаў. Верагодна, да абвяшчэньня фінальныхлічбаў разрыў паміж кандыдатамі толькі вырасьце.

5 мільёнаў галасоў перавагі – гучыць досыць сур'ёзна, асабліва калі прыгадаць некаторыя нядаўнія прыклады. Так, 8 гадоў таму, калі Трамп атрымаў большасьць галасоў Калегіі выбарнікаў, па агульнай колькасьці аддадзеных галасоў ад жыхароў ЗША ён прайграў тагачаснай суперніцы Хілары Клінтан – 62,9 супраць 65,8 мільёнаў.

У 2000 годзе Джордж Буш-малодшы таксама перамог сярод галасоў Калегіі і стаў прэзідэнтам, але насельніцтва з перавагай у 500 тысячаў галасоў схілялася на карысьць Альбэрта Гора: 50,4 млн супраць 50,9 адпаведна.

А напрыклад у 1960 годзе кандыдатаў падзялілі ўсяго каля 100 тысячаў галасоў. Тады ў выніку перамог Джон Кэнэдзі, а прайграў Рычард Ніксан.

Плякат 1896 года. Уільям МакКінлі

Плякат 1896 года. Уільям МакКінлі

Другі прэзідэнт ЗША ў гісторыі, якому атрымалася пераабрацца праз 4-гадовую паўзу

Першы падобны выпадак здарыўся больш за стагодзьдзе таму – ў 1892 годзе. Коратка нагадаем пра тую гісторыю: 4 лістапада 1884 года адбыліся выбары. Гровэр Кліўленд вылучаўся ад Дэмакратычнай партыі, а яго канкурэнтам быў рэспубліканец Джэймс Блэйн. Па выніках кандыдаты набралі амаль ідэнтычную колькасьць галосоў выбарцаў – 48,85% у Кліўленда супраць 48,28% у Блэйна. Але, як вядома, у ЗША сістэма абраньня прэзідэнта крыху больш складаная, і па выніках галасоў, якія атрымлівае кожны штат, прэзідэнтам быў абвешчаны Гровэр Кліўленд. Яго вынік – 219 электаральных галасоў супраць 182 у рэспубліканца.

На выбарах 6 лістапада 1888 года кандыдат ад Рэспубліканскай партыі Бэнджамін Харысан скарыстаўся крыўдай, якую палітыка Кліўленда выклікала сярод ветэранаў Грамадзянскае вайны. Кліўленд перамог у агульнай колькасьці галасоў сярод грамадзянаў ЗША – 48,6% супраць 47,8% у Харысана, але што больш істотна, набраў значна меньш электаральных галасоў – 168 супраць 233 у рэспубліканца Бэнджаміна Харысана, які і стаў новым, 23-м прэзідэнтам ЗША.

На чарговых выбарах, якія адбыліся 8 лістапада 1892 года, твар да твару зноў сышліся даўнія знаёмыя, 22-гі і 23-ці прэзідэнты ЗША. Кліўленд перамог у агульнай колькасьці галасоў сярод грамадзянаў ЗША – 45,9% супраць 43% у Харысана. А сярод калегіі выбарнікаў Гровэр Кліўленд здабыў цэлых 277 галасоў, у той час як Харысан задаволіўся толькі 145.

І вось праз 132 гады гісторыя амаль паўтарылася. Больш за тое, калі ў ХІХ стагодзьдзі пабітым застаўся Харысан, дык у ХХІ – Харыс.

Глядзіце таксама

Трамп удзельнічаў у выбарах трэці раз – да яго так рабілі ўсяго некалькі кандыдатаў

Дзьве перамогі ў 2016 і 2024 гадах былі разбаўленыя ў Трампа паразай у 2020 годзе. Раней кандыдат на прэзідэнта ЗША быў у бюлетэнях тры і болей разоў вельмі і вельмі рэдка. Перад Дональдам падобны фокус выкідваў іншы рэспубліканец – Рычард Ніксан. Пры гэтым ён пачаў з паразы ад Джона Кэнэдзі ў 1960-м, пазьней прыходзіў у сябе 8 гадоў, і атрымаў дзьве бліскучыя перамогі ў 1968 і 1972 гадах адпаведна. Зрэшты, любыя добрыя ўспаміны па сабе ён уласнаручна выкарчаваў пасьля Ўотэргэйту.

4 разы на выбарах удзельнічаў і перамагаў прадстаўнік Дэмакратычнай партыі Франклін Рузвэльт – у 1932, 1936, 1940, 1944 гадах.

Гровэра Кліўленда мы ўжо ўзгадвалі вышэй. Таксама былі падобныя выпадкі напачатку ХІХ стагодзьдзя: сябар Тадэвуша Касьцюшкі Томас Джэфэрсан прайграў на Трэціх прэзідэнцкіх выбарах у 1796 годзе, каб пазьней атрымаць перамогу ў 1800 і 1804 гадах.

Падобным чынам Эндру Джэксан прыйшоў у гонцы другім у 1824 годзе, але выйграў два наступныя разы ў 1828 і 1832 гадах.

Трамп перамагае жанчынаў

Толькі двойчы на выбарах прэзідэнта ад адной з галоўных партыяў ЗША ўдзельнічалі кабеты. Абодва разы гэта адбылося на нашых вачах. Першая і другая спроба скончылася паразай ад Дональда Трампа.

Узгадаем, як у 2016 годзе фаварытка букмэкераў і шматлікіх аналітыкаў дэмакратка Хілары Клінтан у драматычным фінале выбараў прайграла Трампу зь лікам 307-224, паводле галасоў Калегіі выбарнікаў.

Сёлета ж іншая прэтэндэнтка ад дэмакратаў Камала Харыс (пакаль невядомыя канчатковыя вынікі) прайграла з падобным вынікам.

Зрэшты, нават на гэтых выбарах была яшчэ адна жанчына – Джыл Стайн з малалікай Зялёнай партыі, а таксама шэраг ноўнэйм кандыдатаў абодвух палоў.

Глядзіце таксама

Самы сталы прэзідэнт

20 студзеня 2025 года, калі Дональд Трамп афіцыйна стане 47-м прэзідэнтам ЗША, ён адначасова з гэтым стане самым немаладым у гісторыі чалавекам, які будзе займаць гэтую пасаду.

На момант інаўгурацыі яму будзе 78,5 гадоў. Такі чынам ён на некалькі месяцаў перабье «рэкорд» папярэдніка – Джо Байдэна, якому ў пачатку 2021 было 78 гадоў і 2 месяцы. Такая мода пайшла. Эйджызм не працуе.

Да гэтых зуброў рэкордам валодаў Рональд Рэйган, якому падчас пачатку свайго другога тэрміну было 73.

А калі зірнуць з іншага боку – самым маладым прэзідэнтам ЗША ў гісторыі быў рэспубліканец Тэадор Рузвэльт. У 1901 годзе яму споўнілася 42 гады. На другім месцы Джон Кэнэдзі з 43 пражытымі гадамі напярэдадні прэзідэнцтва, а на трэцім – саксафаніст Біл Клінтан, якому ў 1993 годзе споўнілася 46.

Глядзіце таксама