Трамп вяртаецца. Пачынаецца новая эпоха
Палата прадстаўнікоў, сенат, прэзідэнт. Па выніках выбараў 5 лістапада рэспубліканцы захапілі ўсе заканадаўчыя органы ўлады ў ЗША.
Наогул такі расклад не ў навінку. У гісторыі Штатаў былі, хоць і нячаста, эпізоды, калі сланы (сімвал рэспубліканцаў) кантралявалі ўсе вышэйпералічаныя інстытуты. Апошні раз такі прэцэдэнт меў месца пры Эйзенхаўры.
Аднак сітуацыя, якая склалася пасля 5 лістапада 2024-га, зусім іншая. Справа ў тым, што на чале рэспубліканцаў стаіць непрадказальны экстравагантны Дональд Трамп, які абяцае самыя маштабныя сістэмныя рэформы і рашучы перагляд канцэптуальных падыходаў цяперашняй амерыканскай палітыкі.
Імплементацыя тых абяцанняў, якія ён раздаваў падчас выбарчай кампаніі, можа поўнасцю перакроіць краіну і свет. Дастаткова ўспомніць ідэю Трампа рэанімаваць дактрыну Манро — абмежаваць зону стратэгічных інтарэсаў Вашынгтона зонай Заходняга паўшар'я. Што да іншых рэгіёнаў, то там дамагацца сваіх мэтаў Амерыка можа за кошт лакальных саюзнікаў ЗША.
Не менш радыкальна гучыць тэма ўвядзення вялікіх мытных тарыфаў на імпарт тавараў у ЗША, што пагражае гандлёвымі войнамі з Кітаем і канфліктамі з Еўропай.
Нарэшце, Трамп мае намер адпомсціць клану Абама-Клінтан. Агрэсіўная антытрампаўская рыторыка падкантрольных яму медыяў, нібыта, штурхнула некаторых псіхічна хворых амерыканцаў спрабаваць забіць лідара рэспубліканцаў.
Чаму папуліста-радыкала Трампа падтрымала большасць амерыканцаў — гэта складанае комплекснае пытанне, адказы на якія яшчэ трэба атрымаць.
Напрыклад, паводле прэсы, Трамп мабілізаваў на свой бок моладзь: за кандыдата-рэспубліканца ўпершыню з 2008 прагаласавала рэкордная колькасць выбаршчыкаў маладзейшых за 30 гадоў. Гэта пры тым, што за Камалу Харыс па ходзе кампаніі «тапіла» ўся эстрада і зоркі Галівуду — куміры той самай моладзі. Як так атрымалася, што пакаленне інтэрнэту ў большасці падтрымлівае папулізм?
Збольшага трыумф Дональда можна растлумачыць запытам пераарыентацыі працы ўраду на ўнутраныя праблемы краіны. Калі ўнутры ЗША сыплецца сацыяльная сістэма і разбураецца інфраструктура, звычайнаму чалавеку не да геапалітыкі. Магчыма Трампу дапамагла постаць яго суперніка Камалы Харыс, якую ўспрымалі як пераемніка Джо Байдэна, чыё прэзідэнцтва цяжка назваць паспяховым.
Што да нашага рэгіёну, то для Украіны выбары ў ЗША пайшлі па самым горшым сцэнары. Напярэдадні выбараў Кіеў адкрыта крытыкаваў план Трампа неадкладна замарозіць канфлікт па лініі фронту. Цяпер офіс Зяленскага будзе вымушаны аператыўна мяняць канцэпцыю працы на міжнародным трэку і адаптавацца пад палітыку Трампа або паспрабаваць навязаць яму свае драфты па ўрэгуляванні вайны ва Украіне.
Зрэшты, у Маскве ніякай эйфарыі наконт поспеху Трамп не назіраецца. Па-першае, усе памятаюць першую кадэнцыю Трампа, чыя адміністрацыя хутчэй пікіравалася з Пуціным, а не наладжвала кантакты. Па-другое, рэспубліканцы не гамагенная маса, якая слепа падпарадкоўваецца свайму лідару. Унутры партыі ёсць праўкраінскія ястрабы. Глабальнай дээскалацыі таксама чакаць не варта, паколькі найбуйнейшыя абаронныя канцэрны ЗША фінансавалі Трампа. І гэтыя палітычныя вэксалі Трампу трэба абнаявіць.
Урэшце, спісваць дэмакратаў таксама рана. Нельга выключаць, што яны паспрабуюць аспрэчыць вынік галасавання ў судах ці ў фармаце вулічных пратэстаў. Да студзеня (калі пройдзе інаўгурацыя) можа здарыцца ўсё што заўгодна.