Камала Харыс: «Калі мы прайграем выбары, мы прызнаем вынікі. Гэтым дэмакратыя адрозніваецца ад тыраніі»
Віцэ-прэзідэнт ЗША і кандыдат ад Дэмакратычнай партыі Камала Харыс афіцыйна прызнала сваю паразу на прэзідэнцкіх выбарах 2024 года. Яна павіншавала Дональда Трампа з перамогай і паабяцала забяспечыць мірную перадачу ўлады.
Камала Харыс, якая прайграла прэзідэнцкія выбары, выступіла перад сваімі прыхільнікамі і заклікала іх не адчайвацца і верыць у тое, што гэта толькі часовая параза ў барацьбе за дэмакратычныя каштоўнасці.
«Я ведаю, шмат каму здаецца, што наступаюць цёмныя часы, але — дзеля ўсіх нас — я вельмі спадзяюся, што гэта не так», — сказала яна і паабяцала дапамагчы ў мірным працэсе перадачы ўлады адміністрацыі Трампа.
Харыс падзякавала за падтрымку сваім прыхільнікам, сваёй камандзе, свайму мужу, а таксама прэзідэнту Джо Байдэну і заявіла, што «вельмі ганарлівая гонкай, якую мы правялі».
Канчатковыя вынікі яшчэ не падведзеныя, аднак перамога Трампа непазбежная: ён ужо дакладна перамог у пяці з сямі штатаў, ключавых для абодвух кандыдатаў, і ўпэўнена лідзіруе ў Невадзе і Арызоне, дзе падлік галасоў яшчэ працягваецца.
На гэты раз дэмакраты прайгралі рэспубліканцам не толькі Белы дом, але і большасць у Сенаце, хоць канчатковы расклад сіл там таксама яшчэ трэба будзе вызначыць.
На падвядзенне канчатковых вынікаў галасавання можа сысці некалькі дзён. Аднак Камала Харыс ужо дала зразумець, што — у адрозненне ад свайго суперніка, які адмовіўся ў 2020 годзе прызнаць перамогу Джо Байдэна, — яна паважае выбар амерыканскага народа, які сказаў ёй пераканаўчае «не», і падпарадкуецца волі выбаршчыка.
Харыс паведаміла, што ўжо патэлефанавала Дональду Трампу, павіншавала яго і паабяцала аказаць яму падтрымку ў працэсе мірнай перадачы ўлады.
«Фундаментальны прынцып амерыканскай дэмакратыі — калі мы прайграем выбары, мы прызнаем вынікі. Гэты прынцып адрознівае дэмакратыю ад манархіі або тыраніі. І любы, хто хоча, каб людзі давяралі яму, павінен паважаць гэта», — заявіла яна.
Харыс таксама падкрэсліла, што амерыканцы «лаяльныя не канкрэтнаму прэзідэнту ці партыі, а Канстытуцыі ЗША».
Дзеючы прэзідэнт ЗША Джо Байдэн таксама павіншаваў Трампа з перамогай і запрасіў яго ў Белы дом для абмеркавання перадачы ўлады. Паводле інфармацыі Associated Press, дату сустрэчы ўзгодняць «у найбліжэйшай будучыні».
Эксперты адзначаюць, што перамога Трампа можа прывесці да значных змен у знешняй палітыцы ЗША, у тым ліку ў адносінах да Украіны і НАТА. Таксама чакаюцца змены ў эканамічнай палітыцы і падыходах да міграцыі.
Аднак варта адзначыць, што рэалізацыя многіх абяцанняў Трампа будзе залежаць ад падтрымкі Кангрэса і магчымых юрыдычных перашкод. Таксама застаецца адкрытым пытанне, як новая адміністрацыя будзе вырашаць існуючыя міжнародныя крызісы і ўнутраныя праблемы ЗША.