Ці нашым, ці вашым. Чаму прэтэнзіі Трампа да Грэнландыі і Панамы можна зразумець

Галоўнай тэмай на планеце застаецца чаканне інаўгурацыі новага амерыканскага прэзідэнта і яго рыторыка, за якой можна ўгледзець экспансіянісцкія намеры. Але з гэтымі намерамі не ўсё так проста.

Калаж uainfo.org

Калаж uainfo.org

Дональд Трамп мусіць прыняць прысягу 20 студзеня. Дэмакратычная частка свету з трывогай чакае, якой будзе знешняя палітыка новага-старога прэзідэнта ЗША. Сам ён толькі памнажае страхі міжнароднай супольнасці, робячы такія заявы, ад якой скалынаецца сусветная інфармацыйная прастора.

Галоўныя тэзы скандальнага палітыка тычацца не толькі вайны ва Украіне, але і тэрытарыяльных прэтэнзій да іншых дзяржаў. Канадзе прапануецца стаць 51-м штатам ЗША. Грэнландыю Вашынгтон хоча ці тое купіць, ці тое анексаваць. У Панамы амерыканцы збіраюцца забраць кантроль над знакамітым каналам, што злучае два акіяны — Атлантычны і Ціхі.

Як успрымаць такія заявы эпатажнага Трампа? Няўжо дэмакратычныя ЗША могуць сапраўды ўзяць прыклад з пуцінскай Расіі і зрабіцца дзяржавай-агрэсарам? І што тады? Амерыка далучыцца да сусветнай «восі зла», разбурыўшы еўраатлантычную салідарнасць і ўвогуле сусветны светапарадак?

Вядома, хутчэй не, чым так. І вось чаму.

Глядзіце таксама

Наконт Канады чуткі моцна перабольшаныя

Па-першае, Канаду варта адразу вынесці за дужкі. Эксперты адзначаюць, што вербальныя інтэрвенцыі ў яе адрас з боку новай амерыканскай адміністрацыі — у тым ліку дзівакаватага мільярдэра Ілана Маска — не больш чым тоўсты палітычны тролінг. Гэтыя краіны занадта блізкія адна да адной, каб больш буйная агрэсіўнічала ў дачыненні да менш буйнай. У такім выпадку для Вашынгтона выдаткаў будзе нашмат больш, чым здабыткаў.

Канада — паспяховая дзяржава, паводле апытанняў, яе насельніцтва выступае рэзка супраць далучэння да ЗША, дый яшчэ вялікае пытанне, ці патрэбна гэта самім амерыканцам. Карацей, гэты пункт «паслявыбарчай праграмы» новага прэзідэнта трэба проста выкрасліць.

Калі на нешта і разлічвае Трамп у Канадзе, то спрабуе перацягнуць частку электарату на бок правага істэблішменту. Сёлета там мусяць прайсці парламенцкія выбары, у канадскай палітыцы рэй даўно вядуць лібералы і сацыялісты, а новы амерыканскі прэзідэнт, як вядома, мае выразны правы светапогляд. Таму яму важна, каб у суседняй краіне поспех мелі больш блізкія да яго ідэйна кансерватары.

З Грэнландыяй і Панамай справа іншая, але да нейкага сілавога сцэнару тут наўрад ці дойдзе. У выпадку з Канадай у Трампа тролінг, з гэтымі двума тэрыторыямі — гульня ў ціск.

«Кітай не будзе тут кіраваць»

Галоўным апанентам ЗША ў сусветнай палітыцы і эканоміцы прэзідэнт-рэспубліканец лічыць Кітай, і тут з ім не паспрачаешся. Кім сябе ні лічыла пуцінская Расія, сёння яна не больш чым геапалітычны адмарозак з ядзернай дубінай. Свет жа — двухпалярны, на адным полюсе Вашынгтон, на другім — Пекін. Канкурэнцыя з КНР — у гэтым бачыць сваю галоўную місію Трамп.

Кітай ні з кім не ваюе. Нават не спяшаецца анексаваць мяцежны Тайвань, які лічыць сваёй спрадвечнай тэрыторыяй. Почырк кітайскіх камуністаў — паўзучае паўсюднае пранікненне “мяккай сілай”. Гэта найперш інвестыцыі, купля актываў, шырокае крэдытаванне. З наступным кантролем важных частак чужой эканомікі і натуральным узмацненнем уплыву.

Пекін рупіцца ў гэтым кірунку ў Афрыцы, Лацінскай Амерыцы, мы бачым, як гэта адбываецца і ў лукашэнкаўскай Беларусі. Будучы аўтарытарнай дзяржавай, КНР заходзіць са сваімі прапановамі і ў краіны, дзе на выбарах лічаць галасы. І, вядома, дэмакратычным Штатам гэта не даспадобы. Але калі адміністрацыя Джо Байдэна ставілася да гэтага досыць ліберальна, то каманда Трампа настроеная нашмат больш рашуча.

Вядома, нейкі баявы канфлікт паміж двума звышдзяржавамі нават уявіць сабе складана. Незваротныя наступствы вельмі добра разумеюць з абодвух бакоў. Але дакладна можна сказаць, што ў бліжэйшыя чатыры гады абвострыцца менавіта эканамічная канкурэнцыя. Нельга выключаць і чарговай гандлёвай вайны з дапамогай розных абмежаванняў і мытных пошлін.

Панама і яе судаходны канал тут важны складнік. Як і Грэнландыя — альбо адразу Данія, чыёй аўтаноміяй з’яўляецца вялікі востраў. Справа ў тым, што ў абодвух гэтых лакацыях узрастае, як мяркуецца, кітайскі ўплыў.

Значэнне для глабальнага гандлю 80-кіламетровага канала, які злучае два акіяны, немагчыма пераацаніць. Гэта грандыёзна важны лагістычны маршрут, які робіць нашмат больш выгаднай, хуткай і таннай дастаўку грузаў паміж кантынентамі. Гэтую водную артэрыю напрыканцы 19-га стагоддзя пачалі будаваць французы, але потым нешта пайшло не так, і вырашальны ўнёсак у будаванне быў унесены Штатамі некалькімі дзесяцігоддзямі пазней.

Доўгі час амерыканцы фактычна і валодалі каналам, пакуль у 70-х гадах мінулага стагоддзя прэзідэнт Джымі Картэр не пагадзіўся перадаць яго панамцам.

Сёння Дональд Трамп незадаволены, што, па-першае, Панама бярэ занадта вялікую плату за праход праз канал амерыканскіх гандлёвых караблёў, па-другое — што Кітай павялічыў трафік сваіх грузаў гэтым маршрутам. Але асаблівую занепакоенасць абраны прэзідэнт ЗША мае наконт таго, што кітайцы адмініструюць канал.

Паводле інфармацыі New York Times, двума марскімі партамі на процілеглых канцах гэтага воднага шляху кіруе ганконгская кампанія CK Hutchison Holdings, якая падпарадкоўваецца Пекіну. Улады Панамы спрабуюць гэта абвяргаць, маўляў, толькі мы тут гаспадары, але схільны да тэорый змоваў Трамп наўрад ці прыме такую рыторыку на веру. Таму ён і заяўляе: «Кітай кіруе Панамскім каналам. Гэтага не будзе».

Вельмі важны востраў

Грэнландыя таксама з’яўляецца вельмі важным месцам на глобусе. Востраў, які амаль цалкам пакрыты лёдам, мае велізарную плошчу (у 10 разоў большую, чым, напрыклад, у Вялікабрытаніі) і пры гэтым зусім слаба населены. Там жыве менш за 60 тысяч чалавек.

Гэтая зямля каштоўная як у ваенным, так і ў эканамічным сэнсе.

З гледзішча абароны гэта добры апорны пункт у Арктыцы. Тут выгадна мець вайсковыя базы, кантраляваць частку халоднага акіяну, і гэта абарона найперш ад Расіі. Уласна, базу на востраве ЗША ўжо маюць, але хочуць пашырыць прысутнасць, бо пагрозы за апошні час узраслі.

З гледзішча эканомікі тут таксама велізарны патэнцыял. Грэнландыя багатая на карысныя выкапні — нафту, газ, рэдказямельныя металы, мінералы. Актыўная здабыча іх пакуль не праводзіцца праз неспрыяльныя кліматычныя ўмовы, але ж тэхналогіі ўдасканальваюцца, а сусветнае пацяпленне ніхто не адмяняў.

Грэнландыя — частка Даніі, але мае вельмі шырокую аўтаномію. Плюс імкнецца да незалежнасці, і Капенгаген ставіцца да гэтага з разуменнем. Пасля набыцця суверэнітэту пэўны час востраў будзе ні ў НАТО, ні ў Еўрасаюзе. Пытанне бяспекі ў яго пакуль не вырашанае.

Пекін заглядваецца на Грэнландыю і гэтага не хавае. Кітайцы спрабавалі набыць тут парты, іншую інфраструктуру, хацелі атрымаць права на распрацоўку радовішчаў. Пакуль ім гэта не ўдалося, але пытанне канчаткова не закрыта.

У Вашынгтоне гэта бачаць і непакояцца. Геаграфічна гэты востраў блізкі да Паўночнай Амерыкі, і мець там фарпост КНР — сумнеўнае задавальненне. Таму Трамп адкрыта і кажа, што ЗША павінны кантраляваць гэтую тэрыторыю. Ці купіць, ці падпісаць нейкую дамову, ці нешта яшчэ. Грэнландыя і Данія выступаюць супраць, але камунікацыя паміж бакамі вядзецца.

Трамп супраць Еўропы?

Так, прэтэнзіі новага амерыканскага прэзідэнта да Панамы і Грэнландыі — гэта частка глабальных прэтэнзій увогуле да дэмакратычнага свету. І ў першую чаргу, вядома, да Еўропы.

Логіка Трампа тут прыблізна такая. Злучаныя Штаты забяспечваюць бяспеку Еўропы, бо з’яўляюцца найбольшым донарам НАТО як у сэнсе грошай, так і ў сэнсе зброі. Краіны ЕС пры гэтым сквапяцца на прапарцыйныя адлічэнні ў альянс, таму што спадзяюцца на «парасон» ЗША. У дадатак еўрапейцы партнёрацца з Кітаем, яшчэ зусім нядаўна актыўна гандлявалі з Крамлём, гуляюцца ў рэалпалітык, абы зарабіць, бо грошы не пахнуць. А тое, што гэта можа пахіснуць сусветную архітэктуру бяспекі, іх не турбуе.

Вельмі рэльефна ў гэтым сэнсе Трамп выказаўся яшчэ ў 2018-м, у сваю першую прэзідэнцкую кадэнцыю, калі раскрытыкаваў нямецкія ўлады за будаўніцтва «Паўночнага патока-2». «Нямеччына плаціць мільярды долараў у год Расіі, а мы абараняем гэтую краіну ад Расіі. Яны будуюць газаправод, мэта якога — плаціць мільярды долараў у казну Расіі. Я лічу гэта абсалютна непрымальным», — сказаў тады амерыканскі прэзідэнт, і яго словы сталі яшчэ больш зразумелымі, калі праз чатыры гады расійцы ўварваліся ва Украіну.

Тыя ж самыя падыходы, як выглядае, працуюць і ў дачыненні да Панамы і Грэнландыі. Ім кіраўнік Белага дома нібыта кажа: вам трэба вызначыцца, з кім вы, пазіцыя «і нашым, і вашым» не пройдзе. Такі прэсінг саюзнікаў нескладана зразумець. Застаецца спадзявацца, што гэтыя вербальныя інтэрвенцыі прывядуць у выніку да кампрамісаў, а не сур’ёзных канфліктаў.

Ад канфліктаў якраз выйграе не свабодны свет, а міжнародны прафсаюз дыктатур.