Трамп дзеліць свет. Дасье ў карыкатурах

Тэрытарыяльныя амбіцыі Трампа выклікалі сапраўдны перапалох сярод палітыкаў і натхнілі шматлікіх мастакоў на новыя карыкатуры.

Дональд Трамп, які зойме пасаду прэзідэнта ЗША праз тыдзень, за апошнія дні заявіў аб прэтэнзіях на землі адразу некалькіх краін. Першай «ахвярай» стала Канада. 6 студзеня Трамп напісаў, што, на яго думку, многія канадцы хацелі б, каб іх краіна стала 51-м амерыканскім штатам. Канадская эліта, натуральна, у шоку. Кіраўнік МЗС Канады адзначыла, што Трамп дэманструе «поўную адсутнасць разумення таго, што робіць Канаду моцнай краінай». Зрэшты, як бачым па зместу карыкатур, слоўнай сваркай справа не скончыцца. Тым больш, што Трамп збіраецца ўвесці 25-працэнтныя тарыфы на імпарт з Канады ў першы ж дзень на пасадзе кіраўніка дзяржавы.

photo_2025_01_12_16_19_43.jpg

Іншая тэрытарыяльная прэтэнзія Трампа — Грэнландыя, найбуйнейшы ў свеце востраў, аўтаномія ў складзе Даніі. Напярэдадні Калядаў Трамп заявіў, што валоданне і кантроль над Грэнландыяй — «абсалютная неабходнасць» для ЗША. Сапраўды, кантроль над Грэнландыяй можа дазволіць ЗША ўзмацніць прысутнасць у Арктыцы, на дне якой залягаюць карысныя выкапні, уключаючы вуглевадароды, на ацэначную суму да 10 трыльёнаў долараў, а магчыма — у разы больш. Хоць ліберальная прэса ў ЗША лічыць, што Трамп проста марыць пагуляць у гольф сярод айсбергаў, што адлюстравана на малюнку з часопіса New Yorker.

photo_2025_01_12_16_19_45.jpg

Наступная тэрытарыяльная прэтэнзія Трампа — кантроль над Панамскім каналам, адной з найважнейшых водных артэрый свету, якая злучае Панамскі заліў Ціхага акіяна з Карыбскім морам і Атлантычным акіянам. Да 1999 года ён кантраляваўся ЗША, але зараз належыць дзяржаве Панама. 21 снежня Трамп абвінаваціў Панаму ва ўсталяванні «смяхотна» высокіх тарыфаў за карыстанне Панамскім каналам і прыгразіў запатрабаваць яго вяртанне пад кантроль ЗША. У адказ прэзідэнт Панамы заявіў, што «кожны квадратны метр Панамскага канала і прылеглых да яго тэрыторый належыць Панаме і будзе належаць ёй і надалей». Тым не менш, шмат хто, уключаючы мастакоў, лічыць, што Трамп можа заблакаваць артэрыю. Магчыма, такім чынам. 

photo_2025_01_12_16_19_47.jpg

8 студзеня 2025 года Дональд Трамп заявіў аб планах перайменаваць Мексіканскі заліў у «Заліў Амерыкі». Паводле яго слоў, гэта стане часткай новай стратэгіі ягонай адміністрацыі. Прэзідэнт Мексікі Клаўдыя Шэйнбаўм з гумарам адказала на ідэю з «Амерыканскім залівам», прапанаваўшы назваць Паўночную Амерыку «Мексіканскай Амерыкай». Адрэагавалі і карыкатурысты. Адзін з іх жартам заклікаў перайменаваць Мексіканскі заліў у Акіян Трампа.

photo_2025_01_12_16_19_49.jpg

Зрэшты, ёсць рэгіёны, якія Трампу па барабане. Мяркуюць, што сярод іх і Украіна. На гэтым малюнку Трамп здае Украіну Пуціну без кансультацый з Зяленскім.

photo_2025_01_12_16_19_51.jpg

У большасці экспертаў няма сумневаў — прэтэнзіі да Канады, Мексікі, Панамы, Даніі для Трампа гэта толькі размінка. Напэўна, патрабаванні будуць выстаўлены і да іншых дзяржаў. Карыкатурысты ўжо актыўна працуюць над тэмай, як Дональд Тамп бачыць будучую карту свету. На гэтым варыянце ЗША ўключаюць Канаду, але адмаўляюцца ад Аляскі на карысць Расіі і Паўднёвай Амерыкі — на карысць Кітая. Зрэшты, гэта ўсяго толькі вясёлыя фантазіі. Рэальнасць можа быць куды больш вар’яцкай.

photo_2025_01_12_16_19_53.jpg