Страты Расіі ў вайне ва Украіне перавысілі 800 тысяч чалавек

Ідзе 1049-ты дзень поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Расія ліхаманкава спрабуе выціснуць сілы Украіны з Курскай вобласці, але УСУ працягваюць атакі на расійскай тэрыторыі. Па падліках украінскага боку, страты Расіі ад пачатку вайны перавысілі 800 тысяч чалавек — гэтая лічба ўлічвае не толькі забітых, але і параненых.

56_big_1.jpg

За мінулыя суткі на ўсіх участках фронту зафіксавана 218 баявых сутыкненняў. Курскі плацдарм, які ўтрымліваецца ўкраінскімі сіламі абароны расійскія войскі штурмавалі 94 разы. Таксама 67 разоў расійцаў ішлі ў атаку на Пакроўскім і Курахоўскім кірунках, паведамляе Генштаб УСУ.

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 13 разоў. Столькі ж атак зафіксавана на Врэмаўскім кірунку.

* * *

Сілы абароны Украіны дасягнулі новых поспехаў на тэрыторыі расійскай Курскай вобласці. Прасоўванне пацвярджаюць геалакацыйныя кадры, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

УСУ нядаўна прасунуліся ў паўднёвай частцы Бердына, а таксама ў цэнтры населеных пунктаў Рускае Парэчнае і Новасотніцкае (усе на паўночны ўсход ад Суджы).

Расіяне паспрабавалі выкарыстаць гэтыя атакі арміі Украіны для сваёй атакі ў іншых месцах украінскага плацдарма. Так, геалакацыйныя кадры 5 студзеня паказваюць, што войскі РФ прасунуліся на захад ад Малой Локні (на паўночны захад ад Суджы).

«Узмацненне ўкраінскіх наступальных аперацый у Курскай вобласці можа быць пачатковымі этапамі ўзгодненай ўкраінскай аперацыі ў Курскай вобласці або ў іншых месцах тэатра ваенных дзеянняў, хоць ISW не гатовы даць які-небудзь канкрэтны прагноз», — пішуць эксперты.

* * *

Расійцы актывізаваліся ў Харкаўскай вобласці. Войскі РФ акупавалі населены пункт Лазавая Ізюмскага раёна Харкаўскай вобласці (вёску з даваенным насельніцтвам 131 чалавек) і спрабуе прасунуцца ў Новую Круглякоўку, гаворыцца ў паведамленні DeepState.

Аналітыкі DeepState паведамілі, што пасля пэўнага зацішша адбываецца актывізацыя ворага на розных участках фронту.

* * *

Расійцы ў ноч на 7 студзеня запусцілі па тэрыторыі Украіны 38 беспілотнікаў тыпу «шахед». Супрацьпаветранай абароне ўдалося збіць 28 дронаў, паведамілі Паветраныя сілы УСУ.

Яшчэ 10 варожых беспілотнікаў лакацыйна страчаныя, тры з іх паляцелі ў кірунку Расіі.

* * *

Агульныя баявыя страты расійскай арміі ў вайне з Украінай з 24.02.22 па 07.01.25 арыентыровачна склалі каля 800.010 чалавек. УСУ за мінулыя суткі знішчылі 1970 расійскіх салдат.

472445447_950892710557141_7663798449037847101_n.jpg

* * *

Генерал-лейтэнант у адстаўцы Кіт Келаг, які павінен стаць спецыяльным прадстаўніком Трампа ва Украіне і Расіі, планаваў наведаць Кіеў для сустрэчы з украінскімі лідарамі ў пачатку студзеня, але візіт быў скасаваны, паведамляе Reuters.

Указваецца, што каманда Келага рыхтавала сустрэчы з афіцыйнымі асобамі ў іншых еўрапейскіх сталіцах, у прыватнасці ў Рыме і Парыжы, але гэтых сустрэч таксама не будзе. Reuters піша, што ні Келаг, ні прадстаўнік амбасады Украіны ў Вашынгтоне не далі адказаў на пытанне аб адмене візіту.

«Трамп неаднаразова заяўляў падчас перадвыбарнай кампаніі, што можа вырашыць вайну ва Украіне на працягу 24 гадзін пасля ўступлення на пасаду, але ён не дамогся значнага прагрэсу ў гэтым кірунку. Аднак спроба хутка згарнуць канфлікт застаецца ключавым прыярытэтам ягонай новай адміністрацыі», — гаворыцца ў публікацыі.

Чакаецца, што Келаг прыедзе ва Украіну пасля ўступлення Трампа на пасаду, хоць дата візіту яшчэ не вызначаная.

* * *

Краіны Еўропы ў хуткім часе могуць аказацца «пад моцным ціскам» у межах дасягнення пагаднення з Расіяй, заявіў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.

«Неўзабаве на нас могуць аказваць моцны ціск з мэтай дасягнення пагаднення з Масквой. Але на якое пагадненне можа пагадзіцца разумная Еўропа? Вядома, не на простае пагадненне, якое дазволіць Маскве аднавіцца», — падкрэсліў Сікорскі.

Ён адзначыў, што Еўропа значна мацнейшая, чым лічаць у Маскве, тады як Расія значна слабейшая, чым думаюць многія еўрапейцы:

«Украіна заслугоўвае міру, яна мае патрэбу ў міры. Але гэта павінен быць мір на справядлівых умовах, а не капітуляцыя. Мы не павінны накладаць жорсткія часовыя абмежаванні на нашу падтрымку, бо гэта будзе заахвочваць Расію працягваць ваяваць», — сказаў ён.