У Заслаўі адкрылі «партал у космас» — першы ў Беларусі Музей маляванкі

Райскія птушкі і лупавокія совы, бялюткія лебедзі і стракатыя папугаі, залатыя львы і рудыя лісы, прыгажуні і кавалеры, рамантычныя чоўны на серабрыстых хвалях, выкшталцоныя замкі ў далечыні, дзівосныя пальмы з бярозавымі галінкамі... Чаго толькі не пабачыш на беларускіх маляваных дыванах! Рэальнасць і фантастыка мудрагеліста пераплятаюцца ў адным з самых цікавых і самабытных кірункаў народнага дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва. Пра адкрыццё Музея маляванкі ў Заслаўі піша «Будзьма!».

1_723.jpg

Сёлетняя Ноч музеяў стала адметнай — у Заслаўі пад Мінскам ладзіў сваё адкрыццё першы ў Беларусі Музей маляванага дывана. Дакладней, улазіны: унікальная калекцыя дываноў гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе» пераехала ў былы панскі флігель сядзібы Пшаздзецкіх. Раней ён даваў прытулак Дому дзіцячай творчасці, а больш чым 10 гадоў таму будынак перадалі музею. І вось цяпер гэта храм наіўнага мастацтва — месца звышканцэнтрацыі крыху дзіўнаватай, іншасветнай прыгажосці.

Чаму гэты музей — сапраўдны партал у беларускі космас? Якія калекцыі можна там пабачыць і якім чынам яны збіраліся? Як быў знойдзены апошні дыван Язэпа Драздовіча? Колькі складае страхавы кошт дываноў Алены Кіш?

2_669.jpg

Сусветы далёкія і блізкія

На кампактных музейных плошчах размесціліся салідныя фонды: амаль 300 маляваных дываноў, сярод іх 180 твораў наіўных мастакоў. У фондах захоўваюцца дываны Фёдара Сухавілы, Ядзвігі Вайцешык, Генадзя Кузаўкова, Канстанціна Каспяровіча, Віктара Маркаўца і інш. Багата і такіх твораў, імёны аўтараў якіх згубіліся назаўжды. Прадстаўлены ўсе вобласці Беларусі, але больш за ўсё — Віцебшчына і Брэстчына, куды ладзіліся экспедыцыі. У самім Заслаўі атрымалася здабыць толькі адзіны маленькі дыванок з выявай гноміка — ён экспануецца ў залі Алены Кіш, над дзіцячым ложкам у кутку, дзе рэканструявана сялянская хата. У мястэчку раней пачаў праяўляцца культурна-урбанізацыйны ўплыў — таму маляванка хутка знікла.

3_599.jpg

Музей умоўна дзеліцца на 2 часткі: пастаянная і зменная экспазіцыя. Першая прысвечана двум беларускім геніям: залы «Дзіўны свет Алены Кіш» і «Сцяжынкамі Язэпа Драздовіча».

У музеі захоўваецца больш за 30 работ запачынальніка гэтага мастацкага кірунку — беларускага мастака, этнографа, пісьменніка Язэпа Драздовіча. Раўназначная па колькасці калекцыя яго работ маецца толькі ў Германавічах.

4_562.jpg

Творы дасканалыя па сюжэтах і кампазіцыі, захоўваюць перспектыву і прапорцыі. І гэта не дзіўна, бо гэта быў першы мастак-прафесіянал, які звярнуўся да маляванага дывана, займаўся гэтым з 1920-х па 1950-я. На палотнах можна пабачыць не толькі незямныя краявіды з азёрамі, але сераднявечныя замкі.

5_517.jpg

Мастак імкнуўся падарыць сялянам хоць кропельку мастацтва, каб яно красавала ў іх хатах. У залі стаіць шафа, распісаная яркімі птушкамі — гэта рэпліка, арыгінал застаўся ў вясковай хаце.

6_388.jpg

Гонар калекцыі — інсітныя шэдэўры геніяльнай беларускай мастачкі-прымітывісткі Алены Кіш. У 1930-я — 1940-я гады яна стварыла каля 300 дываноў, але да нашага часу дашло толькі 13. 11 захоўваюцца ў Заслаўі, яшчэ 2 — у прыватнай калекцыі ў Мінску.

7_280.jpg

У залі Алены Кіш зараз экспануюцца тры сюжэты: «Дзева на водах», «Рай», «Ліст да каханага». У яе творах зямное сплятаецца з міфалагічным, паўстае нетутэйшая ідылія, поўная хараства і смутку... Такі ж дваісты настрой перададзены ў скульптуры Уладзіміра Ламейкі, прысвечанай мастачцы. Дзяўчына сядзіць верхам на льве: калі зірнуць з аднаго боку — усмешка, з адваротнага — смутак...

8_189.jpg

Другая вялікая зона музейнай прасторы — зала для зменных экспазіцый. Зараз там экспануюцца дываны з калекцыі, якія паказваюць разнастайнасць і эвалюцыю гэтага мастацтва: дываны на цёмным і светлым фоне, кветкі і сюжэтныя кампазіцыі, вялікія плотны і кампактныя.

9_147.jpg

Першапачатковая канцэпцыя была больш шырокая — музей інсітнага мастацтва, а не толькі маляванкі. І цяпер яна часткова рэалізуецца: апроч дываноў, тут захоўваюцца і набойныя дошкі, і відзікі — малюнкі на шкле.

10_125.jpg

Прастора дапоўненая віртуальнай рэальнасцю — спроба пашырыць межы памяшкання. Надзеўшы VR-акуляры, можна «зайсці» ў сялянскую хату ці скласці дыван, як пазл. А яшчэ распрацаваны віртуальны тур па музеі, які маецца ў агульным доступе.

Часам карысна не проста наведаць музей, а паслухаць лекцыю ад навуковых супрацоўнікаў. Пра таямніцы маляваных дываноў распавялі старшы навуковы супрацоўнік Запаведніка Ігар Кандратовіч, намесніца дырэктара па навуковай рабоце Ксенія Сямашка і галоўны захавальнік фондаў Аляксандр Рак.

Ксенія Сямашка

Ксенія Сямашка

Аляксандр Рак

Аляксандр Рак

Тры лекцыі запар — і ты пачынаеш адчуваць сябе сапраўдным экспертам і можаш адказаць на любое пытанне, кшталту:

Маляваны дыван — унікальная беларуская з’ява?

Не. Падобны від творчасці існуе і ў іншых народаў — так званы наіў-арт. Інсітнае, наіўнае або мастацтва вылучаецца ў асобную галіну. Мастакі не маюць прафесійнай мастацкай падрыхтоўкі, але часам у такім стылі пішуць карціны і прафесіяналы.

Парадокс: пры ўсёй прастаце тэхнікі і наіўнасці сюжэтаў, наш маляваны дыван — з’ява высокамастацкая, філасофская, загадкавая. Яго насяляюць архітэпічныя вобразы, праявы несвядомага. Чорны прастакутнік — акно ў недасяжны свет сноў і летуценняў, партал у іншае вымярэнне. Беларускія маляваныя дываны — сусветна прызнаная каштоўнасць.

13_91.jpg

Як з’явіўся маляваны дыван?

Яго карані — у іншых відах народнай творчасці. Напрыклад, падобным чынам распісваліся куфры, шафы, батлейка (а яна вядомая яшчэ з 16 стагоддзя). Дзівосныя ўзоры на маляваных дыванах перагукаюцца з тымі кветкамі і арнаментам, што вышываліся на ручніках і кашулях.

14_89.jpg

Што такое макатка?

Гэтае пытанне часта задаюць музейшчыкам. Гэта адзін з відаў або фарматаў дываноў. Яны бываюць розных памераў. Уласна дываны займаюць усю сценку, яны сшываліся з дзвюх частак-полак даматканага палатна. Паўдываны — удвая меншыя, ужо з адной полкі. А макаткі — дыванкі малога фармату.

15_71.jpg

Чаму маляванкі «чорныя»?

Асновай для роспісу служыў лён, які мае натуральны шэры колер. Яго фарбавалі ў чорны колер — такі фон эфектна кантрастуе з яркімі малюнкамі, ствараючы моцнае ўражанне на гледача. Але часам фон рабілі белым ці пакідалі ў натуральным светла-шэрым выглядзе.

16_60.jpg

Чаму так шмат аднолькавых выяў?

Зусім не шмат! Так, падобных, кананічных сюжэтаў хапае — але ў кожнага аўтара яны набываюць сваё ўнікальнае гучанне. Напачатку, да 50-х гадоў дываны ствараліся ўручную, тым яны і каштоўныя. А познія арцельныя і фабрычныя дываны такой мастацкай варатасці не маюць, яны ўжо збольшага шаблонныя.

Што трэба было рабіць з дываном?

Вядома — павесіць на ганаровае месца над ложкам, каб сніць чароўныя сны... Часта такі твор служыў падарункам на вяселле і заставаў шчаслівай згадкай пра маладосць, каханне.

17_46.jpg

10 тысяч даляраў — танна ці дорага?

З 1920 па 50-я гады мінулага стагоддзя размаляваныя ўручную палотны ўпрыгожвалі сцены сялянскіх хат. Затым іх пачалі выцясняць дываны арцельнай вытворчасці, а потым і фабрычныя, з шышкінскімі мядзведзямі, лебедзямі і аленямі. Яны вядома, не маглі параўнацца па мастацкіх вартасцях з аўтарскімі работамі. А ў 1970-я — 1980-я гады гэтай мастацкай з’явай зацікавіліся прафесійныя мастакі, якія пачалі збіраць дываны і ствараць іх самастойна, у народным стылі — напрыклад, Аляксей Марачкін, Віктар Маркавец.

18_38.jpg

Можна бясконца ўглядацца ў таямнічы сусвет маляваных дываноў і гэтак жа бясконна хочацца слухаць расповеды пра пошукі па вёсках забытых скарбаў інсітнага мастацтва. Першыя экспедыцыя па зборы матэрыялаў ладзіліся на Віцебшчыну, у прыватнасці ў Глыбоцкі раён. Першае паступленне ў музейны фонд датуецца 1988 годам.

Апошні дыван Язэпа Драздовіча з лісіцай быў знойдзены ў 2004 годзе — яго жанчына выкінула ў сенцы, дзе палатно пагрызлі пацукі. На сёлетнім урачыстым адкрыцці музея спонсары падаравалі яшчэ адзін дыван Язэпа Драздовіча 1937 года, знойдзены на Глыбоччыне — вядомы сюжэт «Лісіца і вінаград».

У Пастаўскім раёне пашчасціла здабыць дыван «Дзяўчына і музыка», напісаны ў 1953 годдзе на прасціне. Падобных не існуе ў свеце. Яго аўтар, Іпаліт Ворса, сядзеў у сталінскіх лагерах, дзе яго талент выкарыстоўвала кіраўніцтва. Іншых матэрыялаў там не было, і таму мастак пісаў свае дываны на прасцінах. І працягнуў гэта рабіць, вярнуўшыся на радзіму.

19_44.jpg

На жаль, многія сучасныя людзі не разумеюць каштоўнасці маляваных дываноў, захоўваюць на іх бульбу ці зерне ці наогул выкідваюць. У такіх выпадках адзіны паратунак — крапатлівая рэстаўрацыя. І наадварот, некаторыя не пагаджаюцца аддаваць ці прадаваць дываны, часам называюць неверагодны кошт. Так, у Драгічынскім раёне людзі выстаівілі «цэннік» некалькі тысяч даляраў за работу аб’ектыўным коштам 500 у. а. Зразумела, што музей сабе такіх выдаткаў дазволіць не можа... Кошт многіх твораў вызначыць у грашах немагчыма — кожная маляванка адзінкавая, унікальная, бясцэнная. Напрыклад, страхавы кошт дываноў Алены Кіш вызначаецца ў 10 тысяч даляраў. Але насамрэч сёння яны каштуюць нашмат болей.

20_34.jpg

І ўсё ж калекцыя працягвае папаўняцца. Часам людзі самі прапануюць музею свае сямейныя рэліквіі. Так, жанчына з Ліды, убачыўшчы тэлеперадачу пра выставу дываноў, патэлефанавала ў музей і даслала маляванку з хаты сваёй маці — «Дзяўчыны на вадзе» невядомага аўтара.

Інсітнае мастацтва інтуітыўна зразумелае і сімпатычнае людзям. Гэта было бачна па тым, з якім замілаваннем падчас Ночы музеяў дарослыя і дзеці разглядалі маляванкі. «У нас такая ж карцінка вісела ў Слуцку над ложкам, выкінулі...» — шэпчуцца дзве сяброўкі. «Глядзі, гэта ж нашыя Фенечка і Маруся!» — паказвае маці дачцэ макатку невядомага аўтара з двума коцікамі.

Маляваныя дываны натхняюць мастакоў і сёння. Пакуль супрацоўнікі музея чыталі лекцыі, ва ўтульным дворыку ладзіліся майстар класы па роспісе маляваных дываноў. Іх праводзілі Вераніка Насевіч і Вольга Хачкова. А побач у веснавой зеляніне гарманічна глядзеліся творы выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў і цэнтра творчасці.

21_33.jpg

Музей зладзіў у гэты вечар сапраўднае свята для мясцовых жыхароў і шматлікіх гасцей. Гучалі жывая музыка і спевы ад Дзіцячага тэатра спеваў «Пацеркі» (Заслаўскі гарадскі дом культуры). Выкладчык Заслаўскай дзіцячай школы мастацтваў Аляксандр Баравік прэзентаваў сола-паці на скрыпцы. А пазней гасцей чакаў жывы джаз ад інструментальнага ансамбля «International band» (Белдзяржуніверсітэт культуры і мастацтваў).

22_42.jpg

Ноч музеяў скончалася, але наведаць Музей беларускай маляванкі можна ў любы час. Запрашаем! Заслаўе, вул. Дачная, д. 13.