Топ-10 фільмаў пра бацьку і бацькоўства

19 сакавіка ў шэрагу, пераважна каталіцкіх, краінаў адзначаецца Дзень Бацькі. Гэтая ўрачыстасьць прыпадае на сьвяткаваньне дня сьвятога Юзэфа, мужа Марыі. У гэты дзень ушаноўваюць бацькоў за іх ахвярнасьць і непахісную любоў. Каб адзначыць гэтую падзею, мы падрыхтавалі аўтарскую тэматычную падборку з дзесяці лепшых фільмаў. Прыемнага прагляду!

Кадр з аднаго з фільмаў нашай падборкі

Кадр з аднаго з фільмаў нашай падборкі

Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.

Нумар 10. Крамэр супраць Крамэра (Kramer vs. Kramer). 1979

kramer_vs._kramer_2.webp

Драма пра апеку над дзіцём дваіх бацькоў, што вырашаюць разыйсьціся. Дасьцін Хофман адлюстроўвае жыцьцё бацькі, які з асобы, арыентаванай на кар'еру, пераўтвараецца на вачах гледачоў у адданага самотнага бацьку. Хофман робіць свайго героя адначасова тонкім і глыбока кранальным.

Не меньш захапляльная і Мэрыл Стрып у ролі жонкі. Яе вобраз маці, якая змагаецца з чаканьнямі грамадзтва, асабістымі памкненьнямі і пачуцьцём віны, зьяўляецца ідэальным кінематаграфічным выступам.

Дэталі адносінаў пары раскрываюць знаёмыя эпізоды жыцьця шматлікіх іншых людзей. Крамэр супраць Крамэра, але пасярэдзіне – маленькі Крамэр.

Нумар 9. Пельле-заваёўнік (Pelle erobreren). 1987

pelle_erobreren_1.jpg

Вельмі скандынаўскі фільм Біле Аўгуста, які распавядае пра гісторыю, якая адбылася ў далёкім 1877 годзе, калі маленькі Пельле разам за сталым бацькам, пасьля сьмерці маці, вымушаныя перабрацца са Швэцыі ў Данію. Аднак па прыбыцьці зь імі абыходзяцца як з прыслугай, што прывяло да глыбокага душэўнага перавароту ўражлівага Пельле.

Бацька ў выкананьні лепшага швэдзкага актора ўсіх часоў – Макса фон Сюдава – спрабуе неяк зарабіць пару кронаў, і разам з тым прасякнуты сваім дзіцём. Дзьве з паловай гадзіны мы будзем сьведкамі іх сумеснага жыцьця на новай радзіме. На экране гэты час ахопіць год жыцьця Пельле, які мусіць заваяваць сваё права на годнае жыцьцё.

Нумар 8. Малы (The Kid). 1921

the_kid_1.webp

У гэтай стужцы герой Чарлі Чапліна сустракае маленькага хлопчыка проста на вуліцах вялікага горада, і становіцца для яго адзінымі дзьвярыма ў дзіўны і небясьпечны сьвет тагачаснага грамадзтва.

Чаплін выкарыстоўвае шэраг прыёмаў, каб перадаць эмоцыі і ўчынкі герояў, не абапіраючыся на дыялёгі. Гледачы ў нейкі момант могуць забыць, што перад іх вачыма нямы фільм: на столькі якасна граюць два асноўных акторы.

Аператарская праца, хоць і простая па сучасных мерках, эфектыўна перадае настрой і атмасфэру кожнай сцэны. Чарлі падкрэсьлівае кантраст паміж шумным горадам і больш інтымнымі момантамі – паміж Валацугай і дзіцём.

Нумар 7. Тата ў камандзіроўцы (Otac na službenom putu). 1985

otac_na_sluzbenom_putu_2.jpeg

Магчыма такім самым адказам адгукаюцца на чарговыя і чарговыя пытаньні дзяцей жонкі беларускіх палітвязьняў. Тата ў камандзіроўцы — драматычны фільм Эміра Кустурыцы, які атрымаў залатую пальмавую галіну ў Канах.

Мы ўбачым трагедыю маленькага хлопчыка, чый тата апынуўся ў засьценках чырвоных камісараў у Югаславіі, калі пасьля Другой сусьветнай іх лідэр Ціта шукаў ворагаў сярод прыхільнікаў былога камрада Сталіна. Палітычныя справы, незразумелыя падзеі мы глядзім праз дзіцячыя вочы, ён ведае толькі адно, што яго бацька пакуль што зноў «у камандзіроўцы».

Нумар 6. Жыцьцё цудоўнае (La vita è bella). 1997

la_vita_e_bella_2.webp

Рабэрта Бэніньі пасьпеў атрымаць безьліч міжнародных узнагародаў і народнага прызнаньня ва ўсім сьвеце пасьля выхаду гэтай трагікамедыі. Пярліна антываеннага кіно, стужка спалучае жахлівыя рэчы Галакосту з адданай любоўю бацькі да свайго маленькага сына.

Італьянскі габрэй распрацоўвае гульню, каб паспрабаваць абараніць дзіця ад пякельных катаваньняў канцлягеру. Ён прымушае на хвіліну паверыць у рэальнасьць сваіх тэатральных практыкаваньняў нават нацысцкіх ахоўнікаў. А як у іх верыць маленькі хлопчык!

Мы трапім у дзівосны асьляпляльны сьвет Тасканы і ў змрочны смурод лягеру. Жыцьцё цудоўнае, што б хто не казаў.

Нумар 5. Кручаны мяч (Trouble with the Curve). 2012

trouble_with_the_curve_2.avif

Клінт Іствуд рэдка калі выступае толькі ў якасьці актора, за рэжысэра тут быў Робэрт Лорэнц. Іствуд выконвае ролю спартовага скаўта, які ўсё сваё жыцьцё знаходзіў будучых зорак спорту, але зараз ён імкліва старэе і губляе зрок. Якім жа чынам знайсьці новую зорку, калі ты не бачыш мяч?

Глыбокая псыхалягічная драма, якая больш чым пра вялікі спорт. Фільм пра непазьбежную рэальнасьць кожнага ў свій час – старасьць і не жаданьне прымаць яе. Мы станем сьведкамі спробаў героя Клінта Іствуда падмануць калегаў, сябе, час. Ён вымушаны наладзіць адносіны са сваёй дарослай дачкой у выкананьні Эмі Адамс, каб праз сумесную спартовую тэрапію знайсьці тое, чаго не хапала.

Нумар 4. Бацька (The Father). 2020

the_father_2.jpg

Рэжысэрскі дэбют Фларыяна Цэлера атрымаўся звышудалым. Стужка запрашае гледачоў у сьвет, дзе жыве Энтані, якога грае сапраўдны Энтані – Хопкінс. Гэта чалавек, які імкліва старэе, і разам з гэтым змагаецца з пагаршэньнем стану свайго розуму. У той час як гісторыя нібыта круціцца вакол зьніжэньня здольнасьцей героя, насамрэч гэта аўтарскае разважаньне аб сямейных адносінах. Асабліва складанай іх частцы  паміж састарэлымі бацькамі і іх дарослымі дзецьмі.

Іх узаемадзеяньне з дачкой, якое чаргуецца момантамі пяшчоты, расчараваньня і гора, яскрава ілюструе эмацыянальны ўдар, які дэменцыя наносіць не толькі хворым, але і іх блізкім.

Не забывайцеся цаніць хвіліны радасьці з сям’ёй.

Нумар 3. Містычная рака (Mystic River). 2003

mystic_river.jpg

Бездакорны твор мастацтва для вашай увагі. «Містычная рака» — гэта кінематаграфічны трыюмф, які сьведчыць пра здольнасьць Іствуда ствараць эфектнае кіно, незалежна ад жанру.

Гэта больш, чым таямнічы трылер. Стужка дасьледуе ўзаемапранікнёныя аспекты гора, смутку, віны і шнараў мінулага, якія застаюцца актуальнымі назаўжды.

Акторскі склад стужкі ўражвае магутнасьцю і бязьмежным талентам выканаўцаў, у прыватнасьці Шона Пэна, Кевіна Бэйкан і Ціма Рота.

Гледачы сутыкнуцца з забойствам дзяўчыны, дачкі героя Шона Пэна і наступным заблытаным рассьледаваньнем. Калі вам жадаецца паглядзець па-сапраўднаму выбітнае кіно – гэта тое, што трэба.

Нумар 2. Хросны Бацька (The Godfather). 1972

the_godfather_5.webp

Фрэнсіс Форд Копала мог сапраўды сканчваць кар’еру ўжо пасьля гэтай стужкі – і застацца ў пантэоне самых выбітных рэжысэраў.

Гісторыя сям’і Карлеонэ – Віта, які са спужанага сіцылійскага хлопчыка, у якога былі забітыя бацькі, стаў галавой самай значнай мафіёзнай сям’і Амэрыкі, а таксама яго дзяцей, перадусім – Майкла Карлеонэ.

У фільме па-майстэрску адлюстраваны бязьлітасны, але пераканаўчы сьвет арганізаванай злачыннасьці. Сцэнар, напісаны сумесна Копалай і аўтарам рамана Марыё Пьюза, зьяўляецца сапраўдным творам мастацтва, у якім лёгка спалучаюцца тэмы сям'і, вернасьці, улады і здрады.

Кожны герой стужкі валодае незабыўнай індывідуальнасьцю. Нават гангстэр, што зьявіцца на некалькі сцэнаў будзе мець сваю адметнасьць. Акторскі склад, быць можа, стаўся самым моцным ансамблем у гісторыі кіно. Марлон Брандо, Аль Пачына, Джэймс Каан, Роборт Дзювал, Даян Кітан, Джон Казале – кожнае з гэтых імёнаў выклікае піетэт.

Культавы пачатак фільма, у якім Віта Карлеонэ сядзіць у сваім фатэлі ў цёмным пакоі, трымае на каленях котку і выслухоўвае просьбы гасьцей вясельля сваёй дачкі – адзін з прыкладаў вытанчанай аператарскай працы, што будзе суправаджаць гледачоў напрацягу ўсёй карціны.

Нумар 1. Езус з Назарэту (Jesus of Nazareth). 1977

jesus_of_nazareth_3.webp

Напрацягу гісторыі кіно незьлічоную колькасьць разоў, яшчэ з ХІХ стагодзьдзя пачынаючы, рабіліся спробы экранізацыі жыцьця Збаўцы Езуса Хрыста. Гледачы пазнаёмяцца і з кінаўвасабленьнем сьвятога Юзэфа.

Былі, безумоўна, вартыя адаптацыі, былі і прахадныя карціны. Але кінаэталёнам можа служыць гэтая праца, створаная Франка Дзэфірэлі з Робэртам Паўэлам у галоўнай ролі.

Больш за 6 гадзінаў у рэжысэрскай вэрсіі фільма прамільгнуць як адно імгненьне. Чыстае мастацтва паводле самай галоўнай гісторыі ў гісторыі чалавецтва.

Прыемнага прагляду!