Топ-10 фільмаў да дня Канстытуцыі
Гэтае слова апошнія 30 гадоў значыць у Беларусі ня больш, чым пакамечаны шматок паперы, які ляжыць побач са сьметнікам. Разам з тым некалі мы мусім жыць паводле Асноўнага закона дзяржавы. Канстытуцыйныя правы шматкроць станавіліся натхненьнем для кінематаграфістаў. Мы склалі аўтарскі сьпіс з дзесяці лепшых стужак на гэтую тэму. Прыемнага прагляду!

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. Чырвоныя (Reds). 1981

Радыкальны амэрыканскі журналіст уцягваецца ў камуністычную рэвалюцыю 1917 года і спадзяецца прынесьці яе дух і ідэялізм у ЗША. Гучыць нібы фантастычна, але на тыя часы чырвань была ўласьціва і за акіянам. Яшчэ не прыйшлі часы актыўнага і пасьпяховага змаганьня з агентамі Крамля за акіянам.
У фільме два галоўныя героі прысьвячаюць вялікую частку свайго жыцьця камуністычнай дзейнасьці. Але ў цэнтры ўвагі людзі, а не дзейнасьць. Тры з кавалкам гадзіны мы становімся сьведкамі складанага чалавечага існаваньня. Галоўны герой у выкананьні Ўорэна Біці ўгаворвае гераіню Даян Кітан прыехаць зь ім на «рэальную гісторыю» ў краінаў саветаў. Яны становяцца сьведкамі «дзесяці дзён, якія ўзрушылі сьвет».
Па вяртаньні дадому герой Біці піша запісы відавочцы. Затым, пасьля расколу ў шэрагах камуністаў ЗША, Джэк вяртаецца ў 1919 у чырвоную Расею каб прадстаўляць ідэі сваёй групы ў плянах сусьветнай рэвалюцыі.
Нумар 9. Дантон (Danton). 1982

Гістарычная стужка Анджэя Вайды пра часы тэрору, што адбываліся ў Францыі пасьля рэвалюцыі. Галоўную ролю выконвае Жэрар Дэпардзье. У той час ён яшчэ не зьбіраў ураджай кавуноў з Лукашэнкам і не атрымліваў кватэры ў Грозным ад Кадырава. Тады Жэрар быў французскім акторам нумар 1.
Рэвалюцыя зьядае сваіх дзяцей. Анджэй Вайда на момант здымкаў фільма жыў у Парыжы. Як пазьней ён распавядаў, зрабіць фільм пра французскія перавароты яго натхніў прыклад яго ўласнай радзімы, дзе ўжо распачаўся супраціў «Салідарнасьці» камуністам.
Фільм пра канфлікт паміж дзвюма найбольш яскравымі асобамі таго перыяду, двума рэвалюцыйнымі лідэрамі Дантонам і Рабесп'ерам, якія спачатку былі на адным баку, але прыйшлі да фундамэнтальных рознагалосьсяў, якія магла вырашыць толькі гільяціна.
Нумар 8. Гандзі (Gandhi). 1982

У тым годзе студыі адна за адной адмаўляліся здымаць гэтую стужку, бо лічылі, што яе лёс будзе незайздросным, а камерцыйнага посьпеху пра індыйскага змагара чакаць не варта. Але насуперак гэтаму рэжысэр Рычард Атэнбара здолеў ледзьве не з асабістай кішэні знайсьці фінансаваньне. Як вынік: стужка прынесла ўтрая больш грошаў за патрачаныя, а кінаакадэмія аддала ёй усе галоўныя ўзнагароды: за лепшы фільм, рэжысуру, мужчынскую ролю, сцэнар і шэраг іншых.
А мы з вамі атрымалі чароўнае ўвасабленьне на экране гісторыю Махатмы Гандзі. Апроч вельмі пераканальнай працы актораў, вы станеце сьведкамі гістарычнай кінематаграфічнай падзеі: у сцэнах пахаваньня Гандзі ўдзельнічалі запрошаныя 300 тысячаў чалавек. Уявіце сабе маштаб гэтых кадраў. Калі вы мала што ведаеце пра сучасную гісторыю Індыі, і тое, якім чынам яна атрымала незалежнасьць ад Вялікай Брытаніі 70 гадоў таму – знайдзіце тры гадзіны (так, гэта вельмі доўгі фільм), каб атрымаць усе адказы.
Нумар 7. Уся прэзыдэнцкая раць (All the President's Men). 1976

Знакамітая стужка Алана Пакулы, з Робэртам Рэдфардам і Дасьцінам Хофманам у галоўных ролях. Нават калі б сама гісторыя Ўотэргейта не была такой цікавай, якой яна ёсьць, гэты фільм, верагодна, быў бы такім жа добрым.
Атрымаўся захапляльны аповед, як двое зьнялі прэзідэнта. Стужка адлюстроўвае хаатычнае жыцьцё журналіста-рассьледавальніка. Дзеяньне фільма пачынаецца 1 чэрвеня 1972 года з моманту прыбыцьця ў Капітолій прэзідэнта Ніксана. Ён знаходзіцца на піку сваёй папулярнасьці, і здаецца, што яго немагчыма спыніць.
Затым стужка пераходзіць да падземнага гаража ў комплексе Ўотэргейт у Вашынгтоне, дзе ахоўнік заўважае прыадчыненыя дзьверы. Ён тэлефануе ахове, якая ловіць пяцёра чалавек, якія ўварваліся ў офіс Нацыянальнага камітэта Дэмакратычнай партыі. Што адбылося далей — глядзіце ў захапляльнай працы Алана Пакулы.
Нумар 6. Бітва за Алжыр (La battaglia di Algeri). 1966

Фільм стаў сьведчаньнем духу супраціву і складанасьці каляніяльнай барацьбы. Рэжысэр Пантэкорва распавядае пра паўстаньне ў Алжыры супраць Францыі ў 1950-х гадах. Стужка ў пэўным сэнсе зьяўляецца дакумэнтам часу, няхай толькі і з аднаго боку – афрыканскага.
Фільм зьняты ў дакумэнтальным стылі з пераважна непрафэсійным акторскім складам. Складана выявіць розьніцу паміж выдумкай і рэальнасьцю. Вуліцы Алжыра ажываюць ад гукаў стрэлаў, плачу параненых і шэпту рэвалюцыянэраў. На момант здымкаў вядома яшчэ захаваліся як нямыя так і жывыя сьведкі змаганьня з мэтраполіяй. Яны трапілі ў карціну.
Разам з тым, хаця мы і бачым некаторую прыхільнасьць да паўстанцаў з боку стваральніка, рэжысэр якасна і па-майстэрску паказвае французаў, іх патрыятызм, зьмяшаны з роспаччу. З усіх фільмаў нашай падборкі верагодна складана зрабіць выбар на карысьць гэтай гісторыі, але калі наважыцеся – не пашкадуеце.
Нумар 5. Уся каралеўская раць (All the King's Men). 2006

Праца Стывена Зэліяна заснаваная на рамане Робэрта Пэна Ўорэна, які атрымаў Пулітцэраўскую прэмію. Фільм спрабуе паглыбіцца ў карупцыю і разлады амэрыканскай палітыкі. Адразу адзначым – у 1949 годзе выйшла першая экранізацыя, якая на некалькі ўзроўняў пераўзыходзіць гэтую вэрсію: ранейшы фільм быў прызнаны лепшым фільмам года, гэта я ж вэрсія правалілася ў пракаце.
Але разам з тым ня ўсе любяць вельмі ўжо старое кіно, і гэтая экранізацыя з Шонам Пэнам, Энтані Хопкінсам і Кейт Уінслет безумоўна вартая прагляду. Нягледзячы на амэрыканскі палітычны кантэкст, лёгка можна ўявіць якою-кольвек іншую краіну, нават Беларусь, калі некалі чыстыя сэрцам і памкненьнямі маладыя людзі, якія прагнуць да рашучых дзеяньняў і зьмены палітычных правілаў, самі прымаюць ранейшыя брудныя схемы, як толькі атрымліваюць той ці іншы кантроль.
Нумар 4. Абсалютная ўлада (Absolute Power). 1996

Нешматлікія рэчы застаюцца нязьменнымі ў сьвеце. Але адна зь іх – шыкоўны ўзровень фільмаў, якія здымае Клінт Іствуд. Напружаны палітычны трылер прапануе гледачам паглядзець на Джына Хэкмэна ў ролі прэзідэнта ЗША, які стаў прычынай сьмерці кабеты.
Герой Клінта Іствуда стаў выпадковым сьведкам жудасных падзеяў. Але адкрыцца – значыць пахаваць і сябе самога, бо гісторыя адбылася падчас яго крымінальнай дзейнасьці. Сысьці цалкам незаўважаным не атрымалася.
Прэзідэнцтва зьяўляецца вяршыняй улады, і вобраз Джына Хэкмана ўвесь час прымушае нас падумаць, на што можа пайсьці чалавек, каб захаваць яе.
Нумар 3. Сем дзён у траўні (Seven Days in May). 1964

Джон Франкенхаймэр стаў рэжысэрам гэтай стужкі, зоркамі якой былі Бэрт Ланкастэр і Кірк Дуглас. Гэта выдуманая гісторыя, аднак надзвычай падобная да праўды. У сюжэце слабы прэзідэнт ЗША дамовіўся аб пагадненьні аб скарачэньні ўзбраеньняў з краінай саветаў, але яго мера непапулярная і не падабаецца знакамітаму генэралу, герою папярэдняй вайны. Яны сутыкаюцца ў барацьбе за кантроль над урадам ЗША. Адзін з афіцэраў, лаяльных да прэзідэнта прыходзіць да высновы, што найвышэйшае кіраўніцтва арміі рыхтуе пераварот, каб зрынуць гаспадара Авальнага кабінэту. Прэзідэнт спрабуе знайсьці доказы, каб спыніць вайскоўцаў, якім застаецца зусім крыху да пасьпяховага вырашэньня сваёй задумы. Усё павінна вырашыцца за сем дзён, да нядзелі.
Нумар 2. Прызнаньне (L'aveu). 1970

Грэцкі рэжысэр Коста-Гаўрас стварыў захапляльную стужку з Івам Мантанам у галоўнай ролі. Глыбокім болем і перажываньнямі адгукнецца ў беларусаў прагляд гэтага фільма. Дзеяньне адбываецца ў Чэхаславаччыне. Намесьнік міністра замежных справаў арыштаваны і без тлумачэньняў кідаецца ў засьценкі.
Гледачы становяцца сьведкамі судовага працэсу ў 1952 годзе, дзе чатырнаццаць высокапастаўленых камуністычных чыноўнікаў, у тым ліку генэральны сакратар партыі абвінавачваюцца сваімі ж сябрамі па партыі - сапраўднымі сталіністамі.
Гледачы сутыкаюцца з катаваньнямі, як фізычнымі там і маральнымі. Усім ставяць у віну, як бы сказаў беларускі дыктатар, «неканстытуцыйны захоп улады». Кожнаму пагражае сьмяротнае пакараньне. Ад кожнага вымагаюць «прызнаньне» ва ўсіх сьмяротных грахах. Гэты фільм пра фарс рэпрэсіўнай машыны і супрацьстаяньне чалавека.
Нумар 1. Нюрнбэргскі працэс (Judgment at Nuremberg). 1961

Сапраўдны вырак для нацысцкіх злачынстваў з боку кінематографу. Стужка Стэнлі Крамэра літаральна ўбіла апошні цьвік у труну страшэнных забойцаў часоў Другой сусьветнай вайны. Неверагодна моцны акторскі склад, у якім зьзялі Спэнсэр Трэйсі, Максымільян Шэл, Марлен Дзітрых, Бэрт Ланкастэр, Мангомэры Кліфт і іншыя, стварыў фантастычную атмасфэру прысутнасьці на неабходным і гістарычным судовым працэсе. У тым самым Нюрнбэргу, дзе адбываліся зьезды НСДАП у час Гітлера, судзілі нямецкіх злачынцаў, якія былі адказныя за мільёны і мільёны жыцьцяў.
Стужка неверагодным чынам паказвае сапраўднае аблічча нацысцкіх дзеячаў. Але таксама і скрыўленую спробу адмаўчацца, схавацца за фіранкай «недасьведчанасьці», як зрабіла гераіня Марлен Дзітрых, нямецкая фраў, што даводзіла, што «простыя немцы нічога ня ведалі пра канцлягеры і забойствы габрэяў».
Фільм вас уразіць глыбінёй і праўдзівасьцю.
Прыемнага прагляду!