«Падарунак з нябёсаў»: цікавыя факты пра Умберта Эка

Сёння, 5 студзеня, адзначаў бы свой 91-шы дзень народзінаў без перавелічэння класік сусветнай літаратуры і адзін з самых вядомых тэарэтыкаў культуры Умберта Эка.

Умберта Эка. Фота з адкрытых крыніц

Умберта Эка. Фота з адкрытых крыніц

Калі ўвесці ў гугле «Умберта Эка цікавыя факты», дзесяць з дзесяці матэрыялаў, якія выдасць пошукавік, пачнуцца з таго, што ў пісьменніка, які так любіў старажытнасць, лічы, няма каранёў: яго дзед быў безыменным падкідышам, і «Эка» — прозвішча, якое далі яму ў прытулку. «Божы дар» — так расшыфроўваецца з лацінскай абрэвіятура «Ex Caelis Oblatus». А бацька будучага пісьменніка быў бухгалтарам, прайшоў тры вайны і хацеў бачыць сына адвакатам. Так што, з якога боку ні глянь, выглядае на тое, што Умберта Эка — прыклад таго чалавека, які зрабіў сябе сам.

Пісьменнік, публіцыст, філосаф, тэарэтык літаратуры, прафесар семіётыкі, ганаровы доктар некалькіх замежных універсітэтаў, кавалер французскага Ордэна Ганаровага легіёна — далёка не кожны можа пахваліцца такім паслужным спісам. Далёка не кожны зможа распрацаваць уласную тэорыю семіётыкі, якая была б не толькі жыццяздольнай, але і паспяхова вывучалася на гуманітарных факультэтах вядучых сусветных універсітэтаў. А калі і гэтага недастаткова, каб упэўніцца ў выключнасці асобы Умберта Эка, паспрабуйце напісаць свой першы раман — так, каб ён разышоўся па ўсім свеце накладам больш за 10 мільёнаў асобнікаў і быў перакладзены на некалькі дзясяткаў моў.


Больш за тое, варта дадаць яшчэ трошкі дэталей. Цікавасць да літаратуры, відаць, дасталася Умберта ад маці, якая чытала яму кнігі ўголас, калі той быў маленькім. Яшчэ ў дзяцінстве ён спрабаваў пісаць сам, але гадоў у дванаццаць вырашыў, што гэтая марная справа, і кінуў. Свой першы — і самы знакаміты — раман «Імя ружы» (1980) Эка напісаў у 48 гадоў, калі яму ўжо не трэба было нікому нічога даказваць: ён ужо быў чалавекам з сусветна вядомым імем, стваральнікам новай семіётыкі і спецыялістам па Сярэднявеччы.

Пасля былі яшчэ раманы, кожны з якіх па-свойму асаблівы, але пераплюнуць славу «Імя ружы» больш не атрымалася. Што, у прынцыпе, не дзіўна: стварыць інтэлектуальны дэтэктыў, шчодра насыпаць у яго постмадэрнісцкай іроніі і пры гэтым засунуць чытача ў сярэднявечны манастыр, — трэба яшчэ пастарацца. Хочаце верце, а хочаце — не, але менавіта пасля «Імя ружы» пачалося сур’ёзнае вывучэнне жанру дэтэктыва на ўсіх філфаках свету (ну, можа, не на ўсіх, але тым не менш).

Агульны тыраж кніг Умберта Эка, перакладзеных на 40 моў, на сённяшні дзень перавысіў 50 млн. асобнікаў, і, падазраю, гэта далёка не канец.

 Яшчэ адзін займальны факт у капілку гісторый пра Эка. Раман «Маятнік Фуко» (1988), які з’явіўся на свет другім пасля «Імя ружы» і лічыцца самым глыбокім у спадчыне пісьменніка, быў раскрытыкаваны іншым сусветна вядомым творцам, чыё імя добрую палову мінулага года не сыходзіла са старонак прэсы, — Салманам Рушдзі. Аўтар «Сатанінскіх вершаў» — кнігі, якая пасля нападу на пісьменніка, верагодна, павінна была ўзляцець у продажах, — заявіў, што ў рамане Эка адсутнічае гумар, кніга пазбаўленая хоць якіх вартых фраз, што прыцягвалі б увагу, і праўдзівасці, а мова, якой напісаны «Маятнік Фуко», паводле слоў Рушдзі, празмерна напышлівая. Як на мяне, гэтага ўжо дастаткова, каб узяць у рукі раман і праверыць, што з гэтага праўда, а што — звычайная зайздрасць калегі па пяры.


Умберта Эка стварыў тэорыю, якая, верагодна, спадабалася б усім творцам, каму надакучыла адвечнае пытанне «Што хацеў сказаць аўтар?». Пісьменнік адным махам пазбавіў сваіх калег цяжкай долі тлумачэння ўласных твораў, заявіўшы, што адзіным магчымым інтэрпрэтатарам тэксту можа быць толькі чытач — і важным застаецца толькі тое, што ён вынес з прачытаных старонак. Па сутнасці, раман — гэта адлюстраванне не столькі досведу пісьменніка, колькі досведу чытача, які ў тых ці іншых радках пазнае сябе, і таму яны яму адгукаюцца. З гэтага пункту гледжання цікава, колькі сябе пазнаў у «Маятніку Фуко» Салман Рушдзі?

Умберта Эка ўвогуле складана ў чым-небудзь абвінаваціць, папярэдне не ўляпаўшыся самім. Напрыклад, як можна абвінаваціць у адсутнасці пачуцця гумару чалавека, які адгукнуўся на нашумелы раман Уладзіміра Набокава «Лаліта» іранічным аповедам «Наніта», дзе галоўны герой Умберт Умберт закохваецца ў бабульку і выкрадае яе з дома?

Хаця, як і ва ўсіх складаных натур, у пісьменніка была таксама і вялікая доля сур’ёзнасці. Гэта ён — той чалавек, які склаў 14 прыкмет фашызму ў адным з пяці «Эсэ на тэмы этыкі». Менавіта яго тэзісы ад пачатку расійскага ўварвання гуляюць допісамі па інтэрнэце — і іх складана чым-небудзь абвергнуць. Калі яшчэ не бачылі — пагугліце. Эсэ называецца «Вечны фашызм».


Безумоўна, гэта застанецца ў памяці чалавецтва — эсэ, раманы, тэорыі. Колькі наканавана часу, застанецца велізарная бібліятэка ў больш чым 45 тысяч кніг, якую Эка збіраў на працягу ўсяго жыцця — не памылюся, калі скажу, што як чалавек, які вельмі любіў і цаніў кнігі. А яшчэ, верагодна, як даніну памяці свайму бацьку, які нарадзіўся і вырас у сям’і з 13 дзяцей, праз што не меў магчымасці купляць кнігі і таму хадзіў чытаць іх у вулічных шапіках.

Што застаецца ад імя ружы пасля таго, як знікае ружа?

Застаецца імя — імя, якое Умберта Эка здолеў напоўніць сэнсам так, як мог толькі ён — увабраўшы ў яго складанасці, супярэчнасці і неспалучальнасці, зрабіўшы яго галоўным сваім раманам.