Маяк неўміручасці
Bёскі былі жывыя, а ў вёсках — школы і клубы. Унутры жыў боскі дух, карэнная мова. Бо вёскі былі напоўненыя вясковым народам. Яны трымалі мову, калі Масква сцірала ў сваю карысць моўныя нацыянальныя грані ўнутры рэспублік .
Які намёк, якая песня?
Падсвілле. Сёмага лістапада. Кірмаш. І я бягу міма афішы на паварот да прылаўка.
Дык што там на афішы? Вяртаюся.
«Хочу назад в СССР!» — чытаю.
І ўжо міма мяне бягуць людзі. А я ўся — уражанне, адчуваю экспрэсію і чую асабістую рэакцыю: «Вялікакастрычніцкі настальгічны канцэрт запускаюць! Перад падпісаннем паглыбленай інтэграцыі. Здаюць незалежную Беларусь! Рвуцца назад у СССР! Мала ім Курапатаў, Афгана, Чачні! Канцэртамі агітуюць… А беларускі фальклорны гурт — «Балцкі субстрат» да парога школы не падпусцілі!» І нібы зноў чую ўслед: «Мы — государевы люди!». Дык хто сказаў? Дырэктарка ДК! Раённы дэпутат! Дзе ж тады народныя слугі?
Мова карануе незалежнасць
Аж другога снежня прыціхла мая ўнутраная завіруха. Настрой змяніла газета «Наша слова» (№ 48 за 27 лістапада). Яна з’явіла мне ўсмешку. Я ўгледзелася ў групу беларусаў (у іх постаці, твары, рукі на здымку) і ўжо мяркую: хто гэта? Ці тыя, хто слухае, што кажа віцэ-прэм’ер Беларусі пра Каліноўскага і паўстанцаў на пахавальнай урачыстасці, ці сам Ігар Петрышэнка ды іншыя афіцыйныя прадстаўнікі ад Беларускай дзяржавы? І здагадваюся: так і ёсць — ён і яны. Прыехалі, выйшлі з машыны — не трапілі яшчэ ў атачэнне беларускіх сцягоў. І тут жа скеміла па тварах: сцягі наперадзе іх — адлюстроўваюцца ў нечаканасці… Дык я пачынаю адгадваць думкі віцэ-прэм’ера праз свае, якія аж закучаравіліся ў фантазійных уяўленнях:
— Куды патрапілі! Ой-ёй!
Краіны сёняшняй сваёй
Забыліся мы ўзяць сцягі.
«Шкада!» — сказаў адзін-другі…
З вытрымкі прамовы віцэ-прэм’ера (у газеце) перачытваю яго думку пра тое, што дзейнасць Каліноўскага накіравана была на стварэнне беларускай дзяржаўнасці ў форме народаўладдзя, і во знаходжу яе ў сугучнасці з маёй. Дадаю: значыць, з карэннай мовай начале. Бо Кастусь выдаваў газету на роднай мове. Пісаў на ёй. Гэта ж яна, мова, карануе незалежнасць.
Аб’яўляла сэрца на аргане
Хоць і мінула 155 гадоў (у вечнасці — імгненне), народную думку ў Вільні ахапіла святло. Першае пахаванне паўстанцаў не мела над сабой жалобы. Дык жа Бог кіруе па-Божаму плану, згодна гісторыі руху жыцця. Лістападаўская падзея 2019 года, як сказаў Дзяніс Івашын: «Успалымненне нацыі». Думаю, што гэта — яднанне душаў свабоды ў сувязным ланцугу пакаленняў.
Дачуня мая, Марыйка, унесла мне ў душу паэтычнае хваляванне па мабільным злучніку: «Неперадавальнае бягучым словам уражанне... На аргане іграла побач з іконай Маці Божай Вастрабрамскай. Насупраць — акно, у якім — «вуліца», падобная на пахаванне Быкава. Тут, мабыць, больш сцягоў…».
У мяне пранікла яе духабачанне, і я схапілася за пяро.
Тваё сэрца білася ў аргане
Ў атачэнні сэрцаў і сцягоў.
Праўдзілася там з зямлі паўстанне
Кастуся й паплечнікаў яго.
Адыход парэшткаў да адхлання
Дух свабоды ў Неба замаліў.
Над катэдрай Бог пазначыў ранне
І святло над Вільняй запаліў.
Сэрцаў цёк ручай да Вострай брамы —
Пачуцця народнага прыліў.
І да Неба выструніла прама
«Плошча» дух з трагічнае зямлі.
Там душа Айчыны ў палымненні,
На свабодзе слова і сцягоў,
Замаўляла ў Бога вызваленне
Ад пацём’я грэшнага ўсяго.
Аб’яўляла сэрца на аргане
Дух айчынны, боль усіх вякоў.
Час маліўся, аб’яўляў паўстанні
З чорных ямаў, з вапнавых пяскоў.
У гэтай светлай, жыццесцвярджальнай малітоўнай жалобе часу ўдзельнічаў і хор Чырвонага касцёла — «Голас душы».
Ад чацвера да чацвера
Пятага снежня. Зноў чацвер. І я імкліва кіруюся да кірмашовага прылаўка.
Акурат, цюцелька ў цюцельку, на тым месцы, на дошцы-аб’яўніцы, паведамленне: «Мы ещё споём!». А я толькі што прачытала палітстаронку газеты «Новы Час» — «Расійскі ўплыў і кантроль у Беларусі: рэзідэнтура».
Калі б — «спяём», дык і маё сэрца кінулася б у спеў, што незалежную Беларусь падтрымлівае роднай мовай Глыбоцкі культаддзел, адзначаючы саракапяцігоддзе Падсвільскага ДК, хай сабе, з дня функцыявання (з 1974 года) новага будынка і яго зместу. Але ж — не. У мінулы чацвер аб’яўлялася: «Хочу назад в СССР». А ў сёняшні: «Мы ещё споём!». Дык што? Гэта значыць — намёк? На якую песню? Па ўсім зразумела:
Ад чацвера да чацвера
Жыць вяртаннем эсэсэра —
Гэткі сёння наш дэвіз,
Вертыкальны зверху ўніз!
Не прыснілі б…
Думка спынілася во на чым: чаму разглядаецца толькі саракапяцігоддзе гісторыі ДК — ад года 1974? Ён жа ўзнік значна раней. Нічога, што той быў перабудаваны з польскай канюшні. Мы ж павінны разглядаць змест дзейнасці ў ім, асабліва патрыятычна-мастацкі, народны. Дык тады ніхто з гледачоў не змог бы і ўявіць, што на парог ДК ці на сцэну школы не пусцяць беларускі фальклорны гурт, такі, як «Балцкі субстрат» — плён прафесійнага кампазітара з дзвюмя вышэйшымі музычнымі адукацыямі. Ды і сам кампазітар працуе ў дзяржаўнай музычнай установе. Гурт аб’ездзіў гарады, сёлы з канцэртнай праграмай. Толькі ў Падсвіллі Глыбоцкага раёна не ўдалося выступіць. Во дзівіліся б гледачы былога Дома культуры, каб, нават, прыснілі такую з’яву. Не паверылі б, што будзе існаваць клімат такой перастрахоўкі, што наўгад, на ўсякі выпадак, сцяной стане забарона. Абы забараніць. І дырэктарка ДК скажа: «Мы — государевы люди!».
Згадваю другую палову 60-х гадоў. ДК славіўся ў вобласці, у рэспубліцы самадзейным драматычным тэатрам (кіраўнік — Зоя Зарыцкая). Яна ж яшчэ жывая, вярнулася з Расіі ў Падсвілле. Працуе на агародзе, чытае кнігі і прысутнічае ў інтэрнэце. Але, атрымліваецца, што на гістарычнае мерапрыемства ДК яе не запросяць, бо яна вядомая як тэатрал таго перыяду, які не ўваходзіць у асвятляльны кавалак часу (1974–2019) гісторыі ДК. Яна славіла яго дзейнасцю раней, у будынку, ператвораным з польскай канюшні, якраз у час СССР, па якім так сумуе сёняшняя падсвільская афіша. Дзіўна. Парадаксальна. Чаму не разглядаецца поўная гісторыя ДК? Можа, не верыцца ў мастацкую працу ў былых умовах? У драўляных сценах, не на аб’ёмнай сцэне? Але сп. Зарыцкая стварала тут сцэнічную культуру па каштоўнасці — пасля Буйніцкага. Вірыла беларуская мова, разгортвалася маштабная карціна беларускага народнага жыцця, беларускіх характараў праз герояў: у «Паўлінцы», «Раскіданым гняздзе» Купалы; у «Партызанах» Крапівы; у «Ганцы» Галубка; у «Чатырох крыжах на сонцы» Дзялендзіка і ў многіх іншых драматычных творах беларускіх пісьменнікаў. Таксама і ў перакладзеных на родную мову, і ў асабіста напісаных для працы.
Тады вёскі былі жывыя, а ў вёсках — школы і клубы. Унутры жыў боскі дух, карэнная мова. Бо вёскі былі напоўненыя вясковым народам. Яны трымалі мову, калі Масква сцірала ў сваю карысць моўныя нацыянальныя грані ўнутры рэспублік, аб’яўляла рускую — мовай камунізму. Кінафільмы на нашай мове не ствараліся. У бібліятэках на паліцах — кніг на двух-трох стэлажах. У асноўным — згодна з навучальнай праграмай. А літаратуры на рускай мове — разгуляйся!
Сёлета я ўжо не хадзіла — прасіць за мову. Сяму-таму паведаміла, накшталт:
Хутка перапісчык прыйдзе
ў двор —
Запісаць таго, хто не памёр,
Дык скажы, што ты —
ёсць беларуска!
І што мова родная твая —
Гэта неўміручасці маяк!
…Перапісчыкі сказалі, што ў Падсвіллі 90 працэнтаў насельніцтва назвалі роднай мовай беларускую.