Велікоднае прасвятленне: наколькі хопіць яснага розуму?

Лекары кажуць, што ўсведамленне хваробы і правільна пастаўлены дыягназ — гэта палова лячэння. І падобна, што на гэтым тыдні да некаторых усё ж такі нешта дайшло. Праўда, вялікае пытанне, ці дайшло, ці гэта так падаецца толькі нам?

_belarus_zyccjo_leki_hvaroba_2024_fota_novy_czas__3__logo.jpg

Лукашэнка, наведваючы сабор пакрова прасвятой багародзіцы ў Талачыне (Віцебская вобласць) 20 красавіка раптоўна заявіў, што «Гасподзь нам нафты-газу ў гэтую зямельку не ўклаў, каб мы маглі пампануць, па трубе камусьці прадаць, а грошы падзяліць. У нас гэтага няма, мы ўсё сваімі рукамі зарабляем». Падавалася б, што такія «адкравенні» не стояць і шалупіння велікоднага яйка, аднак у нашых умовах яны цягнуць на сенсацыю. Бо ўжо даўно кіраўнік Беларусі шукаў тыя самыя «нафту-газ» у «таварных колькасцях» на тэрыторыі краіны.

То ён скажа (яшчэ 15 год таму), што калі ў Сінявокай ёсць крыху нафты, то не можа быць, каб «газам не прарвало». То літаральна ў мінулым годзе загадае «капаць і шукаць»: «Я не веру, што ў нашых нетрах няма таго, што нам трэба».

А ў гэтым годзе Лукашэнка загадаў шукаць рэдказямельныя металы, якія раней выказаў жаданне здабываць ва Украіне прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. «Найактуальнейшая тэма. Кажуць, што ў нас у адвалах ёсць рэдказямельныя мінералы. Трэба выведаць і астатняе: і хімія, і нафта, і газ, і іншае. Я ставіў адпаведную задачу перад адпаведным міністрам», — сказаў ён.

І вось да яго дайшло ўрэшце — ну, не даў нам Гасподзь, што тут зробіш… Праўда, «Гасподзь» у выглядзе СССР (а для Лукашэнкі яно, напэўна, так і ёсць) даваў нам тую самую трубу, па якой можна нешта пампануць… Але сам Луккашэнка падаруначак не зацаніў, назваў гэтую трубу іржавай і прадаў яе ў свой час расійскаму «Газпрому» за 5 мільярдаў долараў.

Шкада, што яшчэ адной трубы «Гасподзь» таксама не даў.

У той жа прамове Лукашэнка прызнаў уплыў санкцый на беларускую эканоміку, у чарговы раз згадаўшы, што гэты год будзе «няпростым», як, дарэчы, і мінулыя гады. Бо ён узгадаў, што тое самае казаў «у мінулы раз, у Божае Нараджэнне». «Гады вельмі складаныя, вельмі цяжкія, асабліва ва ўмовах санкцый для нашай эканомікі», — заявіў Лукашэнка

Ён паскардзіўся, што «тым, каму нямала дапамагалі, не вельмі добра працуюць» і ў чарговы раз паскардзіўся на «дрэнны народзец», які да гэтага часу мае «нейкі ўтрыманскі настрой»: «Мы цяпер тут напішам у “ЦікТоку“, прэзідэнт прачытае, з усімі разбярэцца».

Лукашэнка сапраўды то прызнае ўплыў санкцый, то не прызнае — у залежнасці ад таго, што яму трэба падкрэсліць. Калі ён плануе выхваляцца ўласнай моцай і стабільнасцю, то санкцый для нас няма, ці больш за тое, яны ідуць на карысць нашай эканоміцы. Калі ж усё коціцца «не па плане», то санкцыі нам перашкаджаюць — як гэтым разам.

Але цікава, што такое здарылася, пра што мы не ведаем ці не адчуваем, што ён ізноў загаварыў пра «няпросты год» і пра санкцыі, што перашкаджаюць? Не, канешне, можа ў той дзень ён проста прыняў правільныя пігулкі, але — тым больш. Значыць, ён усведамляў, што кажа.

Мажліва, на яго тады паўплывала статыстыка па інфляцыі за першы квартал гэтага года. Афіцыйна нашая інфляцыя склала 2,79%. Але раптам выявілася, што яна большая, чым у нашага адданага хаўрусніка — Расіі, дзе той паказчык склаў 2,71%. І гэта пры тым, што ў Расіі ніхто не казаў, што цэны падвышаць «забараняецца», і не трымаў іх у падвешаным стане чатыры гады, назапашваючы «схаваную» інфляцыю.

Аказалася, што забарона не працуе, і наша інфляцыя ўсё роўна абскоквае расійскую. А яшчэ і «інфляцыйны навес» збіраецца…

Ці свежыя звесткі Белстата сведчаць, што намінальная налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў Беларусі ў сакавіку 2025 года склала 2.601,8 рубля — гэта на 173,7 рубля больш, чым у лютым. І, падаецца, радавацца трэба, і ёсць нагода для радасці, а не для трывогі. Але вос у Слуцку на тыдні супрацоўнікі сеткавай крамы «Суседзі» наладзілі страйк, своечасова не адчыніўшы давераны ім гандлёвы аб'ект. Прычына страйку — узрослыя нагрузкі, але пры гэтым нізкія заробкі.

То-бок, тое, што кажа Белстат, і што адчуваюць людзі ў кішэнях — дзве вялікія розніцы.

А тут яшчэ і праблемы з тым самым «народцам», які ўсё знаходзіцца ў стане «ўтрыманства» і нічога рабіць не хоча. Бо тыя, хто хацеў і мог нешта рабіць, амаль пагалоўна з'ехалі з краіны за гэтыя гады. А тыя хто застаўся… А што ім застаецца, калі ўсякая ініцыятыва караецца? Толькі і спадзявацца на кіраўніка краіны. Праўда ж?

Таму, каб было каму працаваць, з аднаго боку трэба выпусціць некаторую колькасць «актыўных» з турмаў. Урад унёс на разгляд Палаты прадстаўнікоў законапраект «Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне» Плануецца, што пад яе падпадуць каля 8 тысяч асуджаных, але наўрад ці сярод іх будзе «палітычная» катэгорыя.

З іншага, вялікая праблема з пакістанцамі, якіх Лукашэнка паабяцаў завезці ў краіну каля 150 тысяч чалавек. Днямі Польшча абмяркоўвала ахову межаў і мігранцкі крызіс з ЗША, а латвійскія памежнікі таксама заявілі пра павелічэнне колькасці атак на іх межы. І, калі прывезці ў Беларусь 150 тысяч пакістанцаў, хто дасць гарантыю, што яны застануцца ў Беларусі, а не пойдуць далей — за яшчэ больш добрай доляй?

Такіх гарантый, зразумела, няма, праўда? А вазіць за свой кошт за тысячы кіламетраў «турыстаў», якія потым нават пералёт не адпрацуюць…

Карацей, безумоўна, ёсць пра што падумаць, і што асэнсаваць. Аднак вялікае пытанне ў тым, ці гэта сапраўды асэнсаванне праблем, альбо «сітуацыйнае» праясненне ў думках. І нешта ўсё ж думаецца, што заслуга праяснення ўсё ж у своечасова прынятых леках (але за той велікодны тыдзень новых «лёсавызначальных» прамоў не было — хоць і падставы для вербальных інтэрвенцый былі). 

За словамі павінны ісці справы. Паглядзім, якія гэты будуць справы, ужо хутка. Можа быць, на прыкладзе амністыі.