Перамір'е альбо санкцыі. Германія прад'явіла Расіі ўльтыматум

Прадстаўнік нямецкага ўрада Штэфан Карнэліус заявіў, што калі да канца панядзелка 12 траўня ва Украіне не будзе ўстаноўлена перамір'е, тады Берлін сумесна з еўрапейскімі партнёрамі пачне працэс падрыхтоўкі новых санкцый супраць РФ, піша Bild. Ідзе 1174-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. 

photo_2025_05_12_13_23_29.jpg

Штэфан Карнэліус адзначыў, што час ідзе і Расія павінна да канца панядзелка пагадзіцца на безумоўнае 30-дзённае спыненне агню ва Украіне, інакш ёй пагражаюць новыя санкцыі.

У адказ на пытанне, ці азначае гэта, што калі панядзелак пройдзе, еўрапейцы пачнуць рыхтаваць санкцыі, Карнэліус сказаў: «Менавіта так. Калі гэты дзень пройдзе, на ўзроўні палітычных дарадцаў пачнуць рыхтаваць санкцыйныя меры. Паралельна з гэтым мы рыхтуем у Брусэлі 17-ы пакет санкцый. Гэтыя падрыхтоўчыя працы праходзяць паралельна з перамовамі (у Стамбуле)».

Нагадаем, Германія, Францыя, Вялікабрытанія і Польшча ў суботу заклікалі Расію да 30-дзённага перамір'я, пачынаючы з 12 траўня. 

Падчас візіту ў Кіеў канцлер Фрыдрых Мерц і іншыя кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў прыгразілі РФ санкцыямі, калі яна не дасць згоду спыніць агонь.

Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў, што будуць уведзеныя «маштабныя санкцыі» Еўропы і ЗША.

Уладзімір Пуцін праігнараваў тэму перамір'я, але прапанаваў «прамыя перамовы» без «усялякіх умоў» у Стамбуле 15 траўня. 

Сёння ў Лондане галоўная дыпламатка ЕС Кая Калас заявіла, што калі не будзе перамір'я — не можа быць і перамоў. Яна абвінаваціла Маскву ў «гульнях», згадаўшы начную атаку больш за 100 расейскіх беспілотнікаў ва Украіну.

«Мы павінны аказаць ціск на Расію, каб яна сапраўды імкнулася да міру і села за стол перамоваў з Украінай», — цытуе  яе The Guardian.

Калас падкрэсліла, што «перамовы пад абстрэламі немагчымыя» і неабходна поўнае спыненне агню з боку Расіі.

*****

Расійскія беспілотнікі ў ноч на 12 траўня атакавалі Украіну 108 разоў. Пад удары трапілі Адэская, Мікалаеўская, Жытомірская і Данецкая вобласці, паведамілі Паветраныя сілы Ўкраіны.

У Адэскай вобласці пацярпеў адзін чалавек. У Белгарадзе-Днястроўскім дроны пашкодзілі жылыя дамы, адміністрацыйны будынак і пажарную частку.

У Данецкай вобласці дрон ударыў у грузавы цягнік, машыніста параніла.

*****

ЕС выдзеліць дадатковых 900 млн еўра з надзвычайных даходаў з замарожаных актываў Расіі на закупку зброі і боепрыпасаў для Украіны, павялічваючы агульную падтрымку абароннай прамысловасці Украіны да 3,3 млрд еўра.

******Расія актыўна нарошчвае вытворчасць ваеннай тэхнікі і зброі. Гэта паказвае інфаграфіка The Economist.

photo_2025_05_12_12_47_54.jpg

 На графіках бачны рост актыўнасці на заводзе «Алабуга» ў Татарстане, дзе вырабляюцца шахеды, а таксама на заводах па вытворчасці выбухоўкі, і на Екацярынбургскім заводзе №9, які вырабляе ствалы для гаўбіц і розных танкаў. 

За некалькі кіламетраў адтуль размешчана НВА «Наватар», якое больш актыўна распрацоўвае балістычныя ракеты «Іскандэр». 

Таксама назіраюцца прыкметы моцнага росту на Валгаградскім заводзе «Тытан-барыкады», дзе будуюцца пускавыя ўстаноўкі «Іскандэр», і на НВА «Сплаў» у Туле, якое вырабляе ракеты для РСЗА «Град», «Ураган» і «Смерч».

*****

Агульныя баявыя страты РФ з 24.02.22 па 12.05.25 арыенціровачна склалі:

асабістага складу — каля 967060 (+1170) чалавек,

танкаў — 10800 (+8) адз,

баявых браніраваных машын — 22473 (+27) адз,

артылерыйскіх сістэм — 27718 (+48) адз,

РСЗА — 1381 (+0) адз,

сродкі СПА — 1162 (+3) адз,

самалётаў — 372 (+0) адз,

верталётаў — 335 (+0) адз,

БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 35678 (+141),

крылатыя ракеты — 3197 (+0),

караблі / катэры — 28 (+0) адз,

падводныя лодкі —1 (+0) адз,

аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 48118 (+171) адз,

спецыяльная тэхніка — 3884 (+6).