Уладзімір Зяленскі: "Чакаем, што Расія пацвердзіць спыненне агню — поўнае, доўгае і надзейнае"

Еўрапейскія лідары заклікалі Расію спыніць агонь на 30 дзён. Пуцін прапанаваў аднавіць прамыя перамовы без усялякіх умоў. Турцыя гатова прадаставіць пад гэта пляцоўку. Ідзе 1173-ці дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. 

photo_2025_05_11_14_14_35.jpg

У суботу, 10 траўня, у Кіеве адбылася сустрэча Уладзіміра Зяленскага, прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона, новаабранага канцлера Германі Фрыдрыха Мерца, прэм'ер-міністра Польшчы Дональда Туска, а таксама прэм'ера Вялікабрытаніі Кіра Стармера. Пасля нарады і тэлефоннай размовы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам МЗС Украіны абвясціў пра гатоўнасць да 30-дзённага спынення агню з панядзелка, 12 траўня. Еўрапейскія лідары прыгразілі ўжыць жорсткія санкцыі, калі Расія адмовіцца ад гэтай прапановы. 

Уначы на 11 траўня Уладзімір Пуцін выступіў у Крамлі перад журналістамі з прамовай, у якой прапанаваў аднавіць прамыя перамовы без папярэдніх умоў паміж РФ і Украінай 15 траўня, у Стамбуле. 

Уладзімір Зяленскі назваў добрым знакам тое, што расейцы задумаліся аб заканчэнні вайны, а самым першым крокам для гэтага стане спыненне агню. Ён адзначыў, што Украіна гатовая прыняць прапанову расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна аб прамых перамовах у Стамбуле.

«Няма сэнсу працягваць забойствы нават на дзень. Чакаем, што Расія пацвердзіць спыненне агню — поўнае, доўгае і надзейнае, — пачынаючы ад заўтра, 12 траўня, і Украіна гатовая сустракацца», — падкрэсліў Зяленскі.

Заяву Уладзіміра Пуціна пракаментаваў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак: 

«Спачатку спыненне агню на 30 дзён, затым усё астатняе. Расія не павінна маскіраваць пад славесныя канструкцыі жаданне працягваць вайну», — заявіў ён.

Прэс-сакратарка расійскага Міністэрства замежных спраў Марыя Захарава заявіла, што ў офісе прэзідэнта Украіны дрэнна прачыталі стэнаграму заявы Пуціна. Паводле яе слоў, расійскі прэзідэнт выразна сказаў, што спачатку павінны прайсці перамовы аб першапрычынах, а ўжо пазней можна будзе пагаварыць аб перамір'і.

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў, што прапановы Пуціна аб прамых перамовах недастаткова. З ягоных слоў, расійскі лідар «шукае выхад, але ўсё яшчэ хоча выйграць час».  

Макрон лічыць, што такая прапанова «непрымальная для ўкраінцаў, паколькі яны не могуць пагадзіцца на паралельныя дыскусіі, пакуль іх працягваюць бамбаваць». 

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў пра «патэнцыйна вялікі дзень для Расеі і Украіны».

«Падумайце пра сотні тысяч жыццяў, якія будуць выратаваны, калі гэтая бясконцая «крывавая лазня», спадзяюся, скончыцца. Гэта будзе зусім новы і значна лепшы свет. Я буду працягваць працаваць з абодвума бакамі, каб пераканацца, што гэта адбудзецца. Замест гэтага ЗША хочуць засяродзіцца на аднаўленні і гандлі. Наперадзе вялікі тыдзень!», — адзначыў Трамп.

Прапанова Расіі весці прамыя перамовы з Украінай з'яўляецца добрым знакам — але далёка не дастатковым, — заявіў канцлер Германіі Фрыдрых Мерц.

"Мы чакаем, што Масква пагодзіцца на спыненне агню, якое дазволіць правесці сапраўдныя перамовы. Спачатку зброю трэба спыніць, а потым можна будзе пачаць перамовы", — гаворыцца ў заяве. 

Між тым прэм'ер Польшчы Дональд Туск заявіў, што свет чакае ад Пуціна адназначнага рашэння аб неадкладным і безумоўным спыненні агню.

Прэзідэнт Турцыі Раджэп Эрдаган прыняў прапанову правесці перамовы паміж РФ і Украінай у Стамбуле 15 траўня. 

Турцыя гатовая ўнесці свой уклад любым спосабам, уключаючы арганізацыю спынення агню і мірных перамоваў, — заявіў Эрдаган у размове з Макронам.

Эрдаган падкрэсліў, што ў намаганнях па спыненні вайны ва Украіне наступіў гістарычны пераломны момант, і падкрэсліў важнасць выкарыстання гэтай магчымасці.

Таксама Эрдаган правёў тэлефонную размову з Пуціным. Прэзідэнт Турцыі падкрэсліў, што спыненне агню можа стварыць умовы для паўнавартасных мірных перамоў.

*****

photo_2025_05_11_12_03_49.jpg

Аналітыкі Deep state заявілі, што падчас трох дзён так званага «перамір'я» з 8 па 10 траўня расейцы ў сярэднім атакавалі больш, чым у красавіку.

У справаздачы гаворыцца, што Узброеныя сілы РФ правялі за тры дні 193, 196 і 161 штурмаў у дзень адпаведна, агулам 550.

Для параўнання, сярэдняя сутачная колькасць нападаў у красавіку складала 155.

*****

Агульныя баявыя страты РФ з пачатку ўварвання ва Украіну, паводле звестак Генштаба, паводле стану на раніцу 11 траўня склалі:

  • асабістага складу — прыкладна 965890 (+1310 за папярэднія суткі);
  • танкаў — 10792 (+2);
  • баявых браніраваных машын — 22446 (+6);
  • артылерыйскіх сістэм — 27670 (+33);
  • рэактыўных сістэм залпавага агню (РСЗА) — 1381 (+1);
  • сродкі супрацьпаветранай абароны — 1159 (+1);
  • самалётаў — 372 (+0);
  • верталётаў — 335 (+0);
  • беспілотнікаў аператыўна-тактычнага ўзроўню — 35537 (+55);
  • крылатых ракет — 3197 (+0);
  • караблёў / катэраў — 28 (+0);
  • падводныя лодкі — 1 (+0);
  • аўтамабільнай тэхнікі і цыстэрнаў з палівам — 47947 (+117);
  • спецыяльнай тэхнікі — 3878 (+2).