Брытанія абвясціла «самы вялікі за ўсю гісторыю» пакет санкцый супраць ценявога флоту РФ
Санкцыі накладзеныя на каля «100 нафтавых танкераў, якія з'яўляюцца асноўнай часткай ценявога флоту Пуціна і адказваюць за перавозку грузаў на суму больш за 24 мільярды даляраў з пачатку 2024 года». Ідзе 1171-шы дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Танкер "NS CHAMPION" (цяпер «Kotlas») — адно з судоў ценявога флоту Расіі. Фота: kees torn. AMELIE 2 & NS CHAMPION, commons.wikimedia.org
«Пагрозу, якую Расея ўяўляе для нашай нацыянальнай бяспекі, нельга недаацэньваць. Каб узмацніць ціск на Пуціна, я абвяшчаю аб самым вялікім пакеце санкцый на сёння», — напісаў прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер на старонцы ў сацсетцы Х.
*****
Дональд Трамп заклікаў Расею і Украіну да 30-дзённага «безумоўнага спынення агню» і заявіў, што ўвядзе санкцыі, калі яго не будуць выконваць, перадае ВВС.
«ЗША заклікаюць, у ідэале, да 30-дзённага безумоўнага спынення агню... Калі спыненне агню не будзе выкананае, ЗША і іх партнёры ўвядуць дадатковыя санкцыі», — напісаў ён у сацсетцы Truth Social.
Гэтаму паведамленню папярэднічала тэлефонная размова паміж Трампам і Зяленскім.
Прэзідэнт Украіны адзначыў падчас гутаркі, што Кіеў гатовы пайсці на 30-дзённае спыненне агню «хоць з сённяшняга дня» і чакае, што Масква пагодзіцца на гэтую прапанову.
«Украіна гатовая да перамоваў у любым фармаце. Але для гэтага Расея павінна паказаць сур'ёзнасць сваіх намераў завяршыць вайну, пачаўшы з поўнага і безумоўнага спынення агню», — распавёў Зяленскі ў сацсетках.
«Прама з гэтай хвіліны — на 30 дзён цішыні. Толькі па-сапраўднаму. Каб не было ўдараў ракет, дронаў, каб не было гэтых сотняў штурмаў на фронце. Трэба, каб расейцы адказалі на гэта адэкватна — падтрымалі спыненне агню. Яны павінны даказаць сваю гатоўнасць завяршаць вайну. І гэта не першы раз — мы ў каторы раз гэта прапануем. 30 дзён, якія могуць стаць пачаткам гадоў міру», — падкрэсліў украінскі лідар.
Між тым віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс заявіў Fox News, што Расея не можа разлічваць, што атрымае тэрыторыю Украіны, якую «яшчэ нават не заваявала».
Паводле яго слоў, расейцы ўпэўненыя ў сваёй перавазе на фронце, таму вылучаюць завышаныя патрабаванні.
Ён дадаў: у Вашынгтоне не жадаюць распаду Украіны і хочуць, каб яна заставалася суверэннай дзяржавай.
Віцэ-прэзідэнт падкрэсліў, што Злучаныя Штаты могуць спыніць удзел у перамовах, калі прыйдуць да высновы, што РФ будзе весці іх нядобрасумленна.
Пры гэтым адзначыў, што ёсць пэўныя дыпламатычныя зрухі. На яго думку, сам факт наяўнасці прапаноў ад Украіны і Расеі ўжо можна лічыць прарывам.
*****

За год РФ вырабляе больш за 1400 балістычных ракет «Іскандэр» і 500 крылатых ракет Х-101. Пуцін хоча вярнуць Расеі імперскі статус, піша The Economist.
У матэрыяле выдання гаворыцца, што рыторыка Пуціна ставіць пад сумнеў не толькі суверэнітэт Украіны, але таксама Фінляндыі і краін Балтыі, а вайна для яго — спосаб утрымаць уладу, кантроль і мабілізаваць грамадства.
Выданне піша, што ў той жа час Расея не гатовая да шырокага супрацьстаяння з NATO, аднак праз 6 месяцаў можа быць гатовая да нападу на адну з балтыйскіх краін, а ўжо праз 2 гады — да абмежаванай вайны супраць некалькіх краін.
****
Украіна супрацоўнічае з Еўраюстам, каб ідэнтыфікаваць вайсковых злачынцаў РФ.
Спецтрыбунал, над стварэннем якога Украіна працуе сумесна з партнёрамі, дапаможа расследаваць ваенныя злачынствы РФ ва Украіне і пакараць вінаватых.
«Мы гаворым пра расследаванне ваенных злачынстваў. Гэта вельмі адчувальнае і важнае пытанне для нашай краіны ў прыцягненні да адказнасці Расейскай Федэрацыі за злачынствы, учыненыя ў выніку расейскай агрэсіі супраць Украіны, і ўсталяванні поўнай справядлівасці», — заявіў намеснік кіраўніка Офіса Прэзідэнта Украіны Алег Татараў на сустрэчы з прэзідэнтам Еўраюста Міхаэлем Шмідам.
Ён адзначыў, што ўкраінскія праваахоўнікі цесна супрацоўнічаюць з Еўраюстам,у прыватнасці, абменьваюцца інфармацыяй пры фарміраванні доказнай базы і ідэнтыфікацыі ваенных злачынцаў РФ.
*****
Пераможца першага тура прэзідэнцкіх выбараў у Румыніі Джорджу Сімяон лічыць, што Украіна павінна вярнуць Бухарэсту грошы за перададзены Patriot.
Акрамя таго, ён сцвярджае, што гэта «Румынія патрэбная Украіне», а не наадварот, а таму яна «павінна паважаць нацыянальныя і рэлігійныя правы паўмільёна румын», якія пражываюць на яе тэрыторыі.
Адзначаецца, што Румынія замест перададзенага Patriot павінна была атрымаць аналагічную сістэму ад саюзнікаў.
*****
Расія нават не спрабуе зрабіць выгляд, што прытрымліваецца «перамір’я».
Уначы фіксаваліся пускі расейскіх КАБаў па памежжы Сумшчыны і Данецкай вобласці — параненыя тры чалавекі.
У Херсоне расіяне скінулі боепрыпасы з БпЛА і паранілі 60-гадовага мужчыну (траўмы ног).
Абстралялі ноччу і Нікапальскі раён, што на Днепрапятроўшчыне. Таксама фіксаваліся запускі БпЛА.
Колькасць ахвяр і пацярпелых за апошнія суткі:
- у Сумскай вобласці ў выніку абстрэлаў Юнакоўскай абшчыны пацярпеў мірны жыхар; падчас «перамір'я» пры авіяўдары па Мікалаеўскай абшчыне загінула жанчына, а яе сын быў паранены; з прычыны авіяўдару па Варажбянскай абшчыне, была параненая жанчына; пры авіяўдары па Белапольскай абшчыне пацярпела жанчына.
- у Харкаўскай вобласці падчас «перамір'я» пры ўдарах БПЛА па аўтамабілях пацярпелі пяць чалавек.
- у Данецкай вобласці ў выніку авіяўдару па г. Канстанцінаўка пацярпелі 13 мірных жыхароў; пры ўдары па г. Пакроўск адзін чалавек загінуў і адзін пацярпеў; у п. Дарожнае з прычыны атакі БПЛА загінуў адзін мірны жыхар; у выніку ўдараў БПЛА быў паранены мірны жыхар с. Шахова; з прычыны авіяўдару па с. Уладзіміраўка адзін чалавек атрымаў раненні; два чалавекі атрымалі раненні ў г. Северск.
- у Днепрапятроўскай вобласці пры авіяўдары па Новапаўлаўскай абшчыне была паранена жанчына.
- у Запарожскай вобласці падчас «перамір'я» ў с.Прыморскае з прычыны ўдару беспілотніка па аўтамабілі загінула жанчына.
- у Херсонскай вобласці ў выніку скіду боепрыпасу з БПЛА пацярпелі двое паліцэйскіх; у с.Кізомыс веласіпедыст атрымаў раненні, наехаўшы на міну; падчас «перамір'я» ў выніку скідаў боепрыпасаў з БПЛА ў с. Панятоўка загінула жанчына, у п. Наварайск пацярпеў мужчына.
- на акупаванай тэрыторыі Херсонскай вобласці падчас «перамір'я» пры артабстрэле п.Дняпра загінула жанчына, яшчэ дзве жанчыны пацярпелі ў г. Голая Прыстань і Алёшкі.
- у Бранскай вобласці з прычыны ўдару БПЛА раненні атрымаў мірны жыхар; у выніку ўдару беспілотніка ў с. Дзям'янкі пацярпеў мужчына.
- у Курскай вобласці ў с. Маркава Глушкаўскага раёна пры падрыве аўтамабіля на міне загінуў кіроўца; падчас «перамір'я» пры ўдары па п.Глушкава загінула жанчына; пры ўдары беспілотніка ў с. Будкі была параненая жанчына.
Такім чынам, у выніку абстрэлаў за мінулыя суткі як мінімум 12 чалавек загінулі, яшчэ 38 мірных жыхароў пацярпелі. З іх пяць чалавек загінулі і 14 пацярпелі падчас «перамір'я».
*****
Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 09.05.25 арыенціровачны склалі:
асабістага складу — 963270 (+1300) чалавек,
танкаў — 10786 (+4) адз,
баявых браніраваных машын — 22433 (+4) адз,
артылерыйскіх сістэм — 27588 (+36) адз,
РСЗА — 1380 (+1) адз,
сродкі СПА — 1157 (+1) адз,
самалётаў — 372 (+0) адз,
верталётаў — 335 (+0) адз,
БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню —35446 (+39),
крылатыя ракеты — 3197 (+0),
караблі / катэры — 28 (+0) адз,
падводныя лодкі — 1 (+0) адз,
аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 47724 (+120) адз,
спецыяльная тэхніка — 3875 (+0)