У позе крэветкі. Ці пойдзе Амерыка па слядах Расіі ў пытаннях санкцый?

Пуцін 15 траўня не прыехаў не перамовы ў Стамбуле. Зразумела, усе расчараваныя, і прамым тэкстам казалі, што ў выпадку, калі Расія не пагодзіцца на спыненне агню, будуць санкцыі. Вось толькі не прыехаў у Стамбул Пуцін, а па шчах за гэта атрымае, хутчэй за ўсё, Лукашэнка. А ўсё таму, што саюзніка трэба было выбіраць з розумам.

Фота з dzen.ru

Фота з dzen.ru

Амерыканскі сенатар Ліндсі Грэм, які анансаваў жорсткія антырасійскія санкцыі, здольныя, з ягоных слоў, знішчыць эканоміку Расіі і паставіць РФ на калені, агучваў гэтыя магчымыя крокі. Толькі вось калі ўважліва прачытаць законапраект Грэма, стане зразумела, што накіраваны ён не наўпрост супраць Расіі. Грэм прапануе жорстка караць, найперш, хаўруснікаў Расіі. 500%-ныя амерыканскія пошліны, якія прапануе Грэм, прызначаныя тым, хто будзе супрацоўнічаць з Расіяй, у тым ліку купляючы ў яе нафту, газ, энерганосьбіты і гэтак далей.

Як можна заўважыць, гэта ўсё — Беларусь. Без расійскай нафты (а альтэрнатывы ёй цяпер няма, таму што парты Украіны і краін Балтыі для нас закрытыя) спыняцца «флагманы» беларускага ВУП — нафтаперапрацоўчыя заводы. Паліва для беларускай АЭС мы таксама купляем у Расіі. Пра газ і казаць няма чаго — гэтая тэма ўжо не раз была каменем разладу Лукашэнкі і Пуціна, і пытанне аб «газавай альтэрнатыве» цягнецца з часоў абрання Лукашэнкі прэзідэнтам у 1994 годзе. 

І пошліны ЗША ў 500%, калі яны будуць уведзеныя, закрануць непасрэдна Беларусь.

Хтосьці можа заявіць: «Ну і што? Мы не настолькі моцна гандлюем з ЗША, каб гэтыя мыты нанеслі нейкую істотную шкоду нашай эканоміцы». Упэўнены, так і будуць казаць прапагандысты. Не, на самай справе тут усё залежыць ад пазіцыі ЗША. А канкрэтна: ці стане адміністрацыя Трампа ў «позу крэветкі» і ці пойдзе па шляху Расіі ў пытаннях выканання гэтых пошлін.

Пасля нападу Расіі на Украіну (а гэты напад адбыўся не ў 2022-м, як многія звыклі думаць, а ў 2014-м) і «адціскання» Крыму шмат якія  краіны ўвялі супраць Расіі санкцыі. Расія пакрыўдзілася, абазвала гэтыя краіны «недружалюбнымі», і ўвяла ў адказ свае санкцыі, зачыніўшы свой рынак для заходніх тавараў. І тады ў Маскве з'явіліся «беларускія крэветкі».

Напраўду, вядома, яны былі далёка не беларускія: проста Беларусь закупляла іх у падсанкцыйнай Нарвегіі, перапакоўвала ў сябе і пастаўляла ў Расію пад выглядам «беларускіх».

Нашаму ўраду тады ўдалося пераканаць Крэмль, што нарвежскі ласось, перапрацаваны ў Беларусі — гэта ўжо не нарвежскі ласось, а беларускае рыбнае філе. Зрэшты, тады Крэмль быў і сам не супраць у гэта паверыць, бо разумеў, што сваімі санкцыямі стрэліў сабе ў нагу і пазбавіў сваіх грамадзян звыклых ім прадуктаў. А што будзе цяпер з ЗША?

Глядзіце таксама

Куды Беларусь пастаўляе цяпер нафтапрадукты — гэта дзяржаўная таямніца. Але экс-амбасадар Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты неяк абмовіўся, што  акрамя Расіі гэта «краіны Азіі». І вось Беларусь, скажам, пастаўляе нафтапрадукты ў Кітай. А гэтыя нафтапрадукты зробленыя крыху менш чым цалкам з расійскай нафты.

Як павядуць сябе Штаты ў гэтым пытанні, асабліва ўлічваючы, што ў іх уяўленні Беларусь і Расія — гэта адное й тое ж? Ці засунуць яны Кітаю пошліны ў 500% у дадатак да тых, што і так увёў Дональд Трамп? Ці вырашаць, што нашыя нафтапрадукты — ўсё ж такі «беларуская крэветка», хоць і зробленая яна з расійскай нафты?

Вось той жа самы Кітай пад пагрозай другасных санкцый, напрыклад, забараніў уваход у свае парты танкерам «ценявога флоту» Расіі. Хоць, нібыта, яны везлі расійскую нафту пад іншым, не звязаным з Расіяй, сцягам.

Калі адміністрацыя Дональда Трампа не пойдзе па шляху Расіі, пачне адсочваць «беларускую крэветку» і караць за яе пошлінамі, то, зразумела, краінам, схільным купляць беларускія нафтапрадукты, будзе прасцей адмовіцца ад іх, як Кітай адмовіўся ад «ценявога флоту». І тады ў нашай нафтаперапрацоўкі застанецца адзін толькі рынак — Расія. І адна валюта — расійскі рубель, за які ні мадэрнізацыю не правядзеш, ні новыя тэхналогіі не купіш.

І тычыцца гэта, вядома, не толькі нафтаперапрацоўкі.

Таму зразумела, што ўрад імкнецца стварыць сабе пэўную «падушку бяспекі». Паводле звестак Белстата, тэмпы росту рэальных даходаў насельніцтва працягнулі запавольвацца: у студзені-сакавіку яны выраслі на 12% (супраць 13,8% у студзені). Але ў першым квартале таксама назіралася паскарэнне росту коштаў.

Варта адзначыць, што нават пры зніжэнні гэтага росту даходаў яны застаюцца празмерна высокімі ва ўмовах кадравага голаду. На 2025 год ва ўказе аб параметрах сацыяльна-эканамічнага развіцця запланаваны рост даходаў насельніцтва на ўзроўні ўсяго 4%. Цяпер, як бачым, гэты паказчык перавышаны ў тры разы. І калі ён усё ж пойдзе на планавы ўзровень, гэта будзе азначаць маштабны крызіс. Бо як інакш назавеш падзенне даходаў у тры разы?

І, падобна, урад у параметрах сацыяльна-эканамічнага развіцця гэты крызіс планаваў.

На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавана пастанова, якой зацверджана Праграма дзейнасці ўрада на 2025-2029 гады. Праграма прадугледжвае меры «па павышэнні ўстойлівасці эканомікі», сярод якіх, напрыклад, удасканаленне цэнавай палітыкі «з акцэнтам на ўстанаўленне справядлівых цэн і тарыфаў». 

Таксама ўрад мае намер скараціць або ліквідаваць субсідаванне ў сферы ЖКП — забяспечыць 100%-нае пакрыццё сярэднерэспубліканскіх выдаткаў на ЖКП. Падобна, гэта самае 100%-нае пакрыццё выдаткаў на жыллёва-камунальныя паслугі ва ўрадзе «абкаталі» на так званых «дармаедах», вырашылі, што гэта добра, і цяпер паспрабуюць увесці для ўсіх. Сацыяльная дзяржава, праўла ж?

Скарачацца таксама будзе і субсідаванне ў сферы транспарту — прапануецца ўкараніць планава-разліковыя цэны на перавозкі пасажыраў, а затым і паэтапна павышаць тарыфы.

Увогуле, там шмат планаў пра тое, як зрабіць жыццё даражэй. 

Але ў гэтых плана ёсць адна цікавая лічба, якая «прасачылася»  як бы «між іншым». У раздзеле пра ўмацаванне сям'і ўрад заявіў, што хоча запаволіць адмоўную дынаміку скарачэння колькасці насельніцтва ў 1,5 разы за пяцігодку.

У паўтары разы за пяцігодку! Калі гэтая лічба праўдзівая, і ў краіне за пяць гадоў сапраўды колькасць насельніцтва скарацілася ў 1,5 разы, то ў краіне ўжо не 9 мільёнаў насельніцтва, як кажа Беластат, а менш за 7 млн жыхароў.

Дзяржава для народа, праўда?