Час зноў ехаць з Расіі: Пуцін адхіліў прапанаваную схему замірэння і рыхтуе «мясныя штурмы»
Пуцін адмовіўся разглядаць мірны план, прапанаваны ЗША, Украінай і еўрапейскімі партнёрамі. Праз гэта адмяніў свой візіт да яго спецпрадстаўнік Трампа Стыў Уіткаф, а сенатары ў Вашынгтоне заклікалі Кангрэс да санкцый. А яшчэ Крэмль прызначыў галоўнакамандуючым сухапутнымі войскамі генерала, вядомага «мяснымі штурмамі». Ідзе 1179-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 145 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ 17 траўня. Па-ранейшаму самы напружаны кірунак — Пакроўскі, там абаронцы Украіны адбілі 52 штурмавых і наступальных дзеянняў расіян ў раёнах Малінаўкі, Елізаветаўкі, Лісоўкі, Удалага, Запарожжа, Траецкага, Багданаўкі, Андрэеўкі і іншых.
На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі 19 атак у раёнах Тарэцка, Крымскага і ў бок Дыліеўкі, Кацярынаўкі, Плешчаеўкі і Наваспаскага.
На Новапаўлаўскім кірунку армія РФ 18 разоў атакавала пазіцыі УСУ ў раёнах Канстанцінопаля, Шаўчэнкі, Навасёлак і іншых.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 17 разоў, спрабуючы прасунуцца паблізу Грэкаўкі, Торскага, Ямпалоўкі, Студні і ў бок Альгоўкі, Новага Свету, Рэдкадуба і Зялёнай Даліны.
У Курскай вобласці Расіі за мінулыя суткі адбылося 13 боесутыкненняў. Вораг нанёс 20 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі, скінуўшы 37 кіраваных авіябомбаў.
* * *
Сілы абароны Украіны прасунуліся на Пакроўскім кірунку. Расійскія войскі ціснуць у раёне Тарэцка, Новапаўлаўкі, Пакроўска і на Запарожскім кірунку, дзе фіксуецца іх прасоўванне, піша 17 траўня амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Расійцы нядаўна прасунуліся на Тарэцкім кірунку. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 12, 15 і 16 траўня, паказваюць, што войска РФ прасунулася ў паўночнай частцы Тарэцка, на поўнач ад Дачнага, на захад ад Дыліеўкі і на паўночнай ускраіне вёскі Дружба.
Сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся на Пакроўскім кірунку. Украінскі вайсковы аглядальнік Канстанцін Машавец паведаміў, што УСУ ўтрымліваюць пазіцыі паблізу і ў межах Елізаветаўкі (на ўсход ад Міралюбаўкі), што абцяжарвае прасоўванне расійцаў у кірунку Мірнаграда і Пакроўска. Адзін з расійскіх «ваенкораў» таксама прызнаў, што УСУ ўтрымліваюць пазіцыі на поўнач ад Елізаветаўкі.
На Пакроўскім кірунку фіксуецца і прасоўванне з боку расійцаў. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 16 траўня, паказваюць, што расійцы прасунуліся ў паўночную частку Міралюбаўкі (на ўсход ад Пакроўска) і, верагодна, акупавалі Міралюбаўку і Міхайлаўку (на захад ад Міралюбаўкі).
Войскі РФ прасунуліся на Новапаўлаўскім кірунку. Геалакацыйныя кадры ад 15 траўня паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся на паўднёвы захад ад Новааляксандраўкі (на паўночны ўсход ад Новапаўлаўкі).
Расійцы прасунуліся на Запарожскім кірунку. Геалакацыйныя кадры ад 15 траўня паказваюць, што расійцы нязначна прасунуліся на паўночны захад ад Лабковага (на паўднёвы захад ад Арэхава).
Сілы абароны Украіны, імаверна, нанеслі беспілотныя ўдары па расійскай вайсковай базе ў акупаваным Крыме 16 траўня. Украінская партызанская групоўка «Атэш» паведаміла, што выбухі адбыліся на базе 126-й брыгады берагавой абароны РФ і 8-га асобнага артполка паблізу Перавальнага (на паўднёвы ўсход ад Сімферопаля). На геалакацыйных кадрах, апублікаваных 16 траўня, відаць выбух і пажар на складзе боепрыпасаў у Перавальным.
* * *
Уладзімір Пуцін прызначыў новага камандуючага сухапутнымі войскамі. Ім стаў Андрэй Мардвічоў, вядомы прымяненнем штурмаў з высокім узроўнем страт («мяснымі штурмамі»), піша Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Мардвічоў займаў пасаду камандуючага як цэнтральнай групоўкі войскаў РФ, так і Цэнтральнай вайсковай акругі Расіі і кіраваў захопам Аўдзееўкі ў лютым 2024 года.
Расійскія інсайдэрскія крыніцы і мілблогеры «прывіталі» прызначэнне Мардвічова. Яны інтэрпрэтавалі прызначэнне як прыкмету таго, што Крэмль пачынае мадэрнізацыю, накіраваную на ўзмацненне здольнасці Расіі планаваць і ажыццяўляць аперацыі ва Украіне і за яе межамі.
«Імаверна, Крэмль прызначыў Мардвічова для распаўсюджвання тактыкі пазіцыйнай вайны і аператыўных канцэпцый для драбнення нязначнага прасоўвання наперад — асноўнай тактыкі, якую расійскія войскі выкарыстоўвалі на Аўдзееўска-Пакроўскім кірунку — у сухапутных войсках Расіі», — гаворыцца ў справаздачы ISW.
Эксперты адзначаюць, што прызначэнне Мардвічова паказвае, што Крэмль ухваляе ягоную тактыку — а менавіта, выкарыстанне штурмаў з высокім узроўнем страт, узначаленых пяхотай. Верагодна, Крэмль імкнецца замацаваць гэтую тактыку, якую з канца 2023 года выкарыстоўвала расійскае камандаванне для прасоўвання на Аўдзееўска-Пакроўскім кірунку.
* * *
У ноч на 17 траўня Расія атакавала Украіну 62 ударнымі БпЛА, з іх 36 былі збітыя, яшчэ 6 прызнаныя «лакацыйна страчанымі».
Раніцай 17 траўня беспілотнік «Ланцэт» атакаваў пасажырскі аўтобус у Сумскай вобласці. 9 чалавек загінулі, яшчэ пяць параненыя. Пераважная большасць загінулых — жанчыны пенсійнага ўзросту, якіх эвакуіравалі з Сум углыб Украіны.
* * *

* * *
Кіраўнік ГУР Мінабароны Кірыл Буданаў спадзяецца, што маштабны абмен палоннымі паміж Украінай і Расіяй адбудзецца ўжо на наступным тыдні, заявіў ён у эфіры нацыянальнага тэлемарафона. Украінскі бок ужо вядзе працу над спісамі тых, каго можна будзе вярнуць падчас магчымага абмену.
Нагадаем, 16 траўня ў Стамбуле прайшлі перамовы паміж прадстаўнікамі Украіны і Расіі. На працягу больш за гадзіну бакі абмяркоўвалі пытанні, звязаныя са спыненнем вайны. Пасля сустрэчы міністр абароны Украіны Рустэм Умераў, які ўзначальваў украінскую дэлегацыю, заявіў, што бакі разглядаюць магчымасць абмену палоннымі па формуле 1000 на 1000. Пазней гэта пацвердзіў і расійскі бок.
Турэцкі чыноўнік распавёў CNN, што ідэя вялікага абмену была прапанаваная Турцыяй калі здалося, што ў перамовах «сітуацыя бязвыхадная».
* * *
Кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін адмовіўся разглядаць мірны план, прапанаваны ЗША, Украінай і еўрапейскімі партнёрамі, паведамляе Financial Times са спасылкай на трох дасведчаных суразмоўцаў.
Расійскія чыноўнікі наўпрост заявілі пра гэта спецпасланніку Дональда Трампа — Стыву Уіткафу.
«Рэакцыя Расіі прымусіла Уіткафа, які з лютага ўжо чатыры разы сустракаўся з Пуціным, адкласці папярэднія планы на новую сустрэчу з расійскім лідарам на гэтым тыдні, паведамілі крыніцы. Пры гэтым чалавек, блізкі да Уіткафа, адзначыў, што паездка не была канчаткова запланаваная», — піша Financial Times.
«Пуцін робіць роўна столькі, колькі трэба, каб пераканаць Трампа, што ён уцягнуты ў намаганні, накіраваныя на пошук міру ва Украіне, у той жа час прыкладаючы ўсе намаганні, каб гэта ні да чаго не прывяло. І Трамп на гэта вядзецца» — сказаў FT высокапастаўлены еўрапейскі дыпламат.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што пяройдзе да санкцый супраць Расіі, калі перамовы з Украінай праваляцца. Санкцыі будуць зруйнавальнымі для РФ, заявіў Трамп у інтэрв'ю Брэту Баеру з Fox News.
Каментуючы законапраект сенатара Ліндсі Грэма аб жорсткіх санкцыях супраць РФ, Трамп адзначыў, што выкарыстаў падобны рычаг ціску супраць Венесуэлы і Ірана. «Шчыра кажучы, я гэта зраблю (увяду санкцыі, — рэд.), калі мы не заключым пагадненне», — сказаў Трамп.
«Для Расіі гэта будзе зруйнавальнай паразай, таму што ў іх цяпер цяжкія часы ў эканоміцы, кошты нафты нізкія», — заявіў амерыканскі лідар.
* * *
Сенатары ЗША заклікалі Кангрэс прыняць санкцыі супраць Расіі пасля таго, як перамовы аб спыненні агню паміж Расіяй і Украінай, якія прайшлі ў Турцыі 16 траўня, не мелі істотнага прагрэсу, паведамляе Reuters.
«Пуцін і далей будзе зацягваць спыненне агню, пакуль яго эканоміка не атрымае сур'ёзнага ўдару — аж да фінансавай ізаляцыі», — заявіў дэмакрат Рычард Блументаль, заклікаючы да галасавання за санкцыйны законапраект.
Рэспубліканец Ліндсі Грэм заклікаў прыняць законапраект і раскрытыкаваў рашэнне кіраўніка РФ Пуціна не ўдзельнічаць у перамовах з Украінай: «Калі гаворка ідзе пра гульні Расіі, прыйшоў час сказаць — досыць».
Сярод пакаранняў, да якіх можа прывесці закон, — 500% мыта на імпартныя тавары з краін, якія купляюць расійскую нафту, газ, уран і іншыя прадукты РФ.
* * *
ЕС рыхтуе новыя жорсткія санкцыі супраць расійскага «ценявога флоту», піша Zeit са спасылкай на заяву міністра замежных спраў Германіі Іагана Вадэфуля. Пад «ценявым флотам» разумеюць расійскія танкеры і грузавыя судны, якія абыходзяць санкцыі, у прыватнасці па экспарце нафты.
Вадэфуль адзначыў, што Расія ўяўляе небяспеку для ўсяго рэгіёну і анансаваў новыя санкцыі і ўзмоцненае патруляванне ў Балтыйскім моры. Міністр замежных спраў Латвіі Байба Бражэ падкрэсліла, што блізу 84% расійскага экспарту сырой нафты праходзіць праз Балтыйскае мора менавіта «ценявым флотам», забяспечваючы больш за траціну бюджэту Расіі.
* * *
Крэмль дапускае магчымасць сустрэчы Пуціна з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Аднак такая сустрэча магчымая толькі пры дасягненні «пэўных дамоўленасцяў», заявіў прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў.
«Такую сустрэчу як вынік працы дэлегацый двух бакоў пры дасягненні пэўных дамоўленасцяў гэтых дэлегацый лічым магчымай, але менавіта як вынік працы і па дасягненні пэўных вынікаў у выглядзе дамоўленасцяў двух бакоў», — заявіў ён.
З ягоных слоў, перамовы Расіі і Украіны «ідуць і павінны ісці ў закрытым рэжыме». Пра змену складу дэлегацыі РФ цяпер гаворка не ідзе.