Пуціна не будзе на перамовах у Стамбуле. Расію чакае маштабны эканамічны ўдар?
Гледзячы па ўсім, Уладзімір Пуцін не прыляціць на сённяшнія мірныя перамовы ў Стамбуле. Застаецца паглядзець, ці пагодзіцца расійская дэлегацыя на спыненне агню, а калі не — то што з гэтым зробіць Дональд Трамп. Ці дасць ён ход законапраекту Грэма, які ўводзіць «сакрушальныя» санкцыі ў дачыненні да Расіі? Ідзе 1177-мы дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 168 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 15 траўня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 74 штурмавых і наступальных дзеянняў расіян у раёнах Старой Мікалаеўкі, Елізаветаўкі, Міралюбаўкі, Луча, Лісоўкі, Зверава, Котліна, Удалага, Катляроўкі і Андрэеўкі.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 24 разы, спрабуючы прарвацца паблізу Новай Круглякоўкі, Новаегораўкі, Грэкаўкі, Ямпалоўкі, Рэдкадубу і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку армія РФ 26 разоў атакавала пазіцыі УСУ паблізу Багатіру, Наваполю, Бурлацкага і Вольнага Поля.
На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі 19 атак непадалёк Тарэцку, Крымскага і Дыліеўкі.
У Курскай вобласці Расіі за мінулыя суткі адбылося дзевяць боесутыкненняў.
* * *
У ноч на 15 траўня армія РФ атакавала Украіну 110-ю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі розных тыпаў. Пацверджана збіццё 62 ударных БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікаў іншых тыпаў. 29 БПЛА лакацыйна страчаныя (без негатыўных наступстваў).
* * *

* * *
Уладзімір Пуцін зацвердзіў склад дэлегацыі Расіі для перамоваў з Украінай, якія павінны адбыцца 15 траўня ў Стамбуле. Згодна з апублікаванай інфармацыяй, у склад расійскай дэлегацыі ўвойдуць Уладзімір Мядзінскі, Міхаіл Галузін, Ігар Касцюкоў, Аляксандр Фамін. Мядзінскі быў кіраўніком дэлегацыі Расіі на перамовах і ў 2022 годзе. У тым складзе быў і Фамін.
Зыходзячы са спісу, Пуцін, мяркуючы з усяго, не будзе ўдзельнічаць у перамовах.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп не будзе прысутнічаць на перамовах Украіны і Расіі ў Стамбуле, паведамляе Reuters. Прэзідэнт ЗША выказаў здагадку, што можа прысутнічаць на перамовах у Стамбуле, якія, са слоў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, ён наведае, але толькі пры ўмове, што Уладзімір Пуцін таксама будзе прысутнічаць. Аднак, падобна, расійскі кіраўнік адхіліў гэтую прапанову — яго прозвішча адсутнічае ў спісе дэлегатаў Расіі, якія адпраўляюцца ў Турцыю.
* * *
Украіна і Злучаныя Штаты скаардынавалі далейшыя крокі напярэдадні перамоў у Стамбуле і на выпадак зрыву мірнага працэсу з боку Расіі, паведаміў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга ў сацсетцы Х.
Кіраўнік украінскага МЗС 14 траўня правёў у турэцкай Анталіі сустрэчу з дзяржсакратаром ЗША Марка Рубіа і сенатарам Ліндсі Грэмам. Мэтай дыялогу была спроба вызначыць бачанне далейшых мірных намаганняў і «скаардынаваць пазіцыі на працягу гэтага крытычнага тыдня».
«Мы гатовыя развіваць наша супрацоўніцтва ў канструктыўны і ўзаемавыгадны спосаб. Вельмі важна, каб Расія адказала ўзаемнасцю на канструктыўныя крокі Украіны. Пакуль што яна гэтага не зрабіла. Масква павінна зразумець, што адмова ад міру мае сваю цану», — адзначыў Сібіга.
* * *
На думку экспертаў амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW), афіцыйныя асобы РФ на перамовах у Стамбуле будуць базаваць будучыя перамовы з Украінай на ўмовах «стамбульскіх пратаколаў» пачатку 2022 года. Тыя патрабаванні Расіі прадугледжваюць поўную капітуляцыю Украіны і нагадваюць пра заяву амбасадара Расіі ў асаблівых даручэннях Радзівона Мірошніка, згодна з якім праект «стамбульскіх пратаколаў» можа быць асновай для пагаднення аб спыненні вайны Расіі ва Украіне, адзначаюць аналітыкі.
Праектамі «стамбульскіх пратаколаў» Украіне забаранялася, напрыклад, «прымаць замежных вайскоўцаў, інструктараў і сістэмы ўзбраення». Расія таксама патрабавала ад дзяржаў-гарантаў «разарваць міжнародныя дамовы і пагадненні, несумяшчальныя з пастаянным нейтралітэтам» Украіны, у прыватнасці аб ваеннай дапамозе.
«Пуцін, Мірошнік і іншыя расійскія афіцыйныя асобы працягваюць патрабаваць поўнай капітуляцыі Украіны, спрабуючы забяспечыць стратэгічныя мэты Расіі шляхам зацягвання перамоваў, працягваючы дасягаць поспехаў на поле бою», — падвялі вынік аналітыкі. Яны таксама адзначылі, што «поспехі на полі бою» дасягаюцца шляхам «мясных штурмаў» і вялізных страт расійскіх жаўнераў.
* * *
Падчас сённяшніх перамоваў у турэцкім Стамбуле ўкраінская і расійская дэлегацыі будуць абмяркоўваць часовае спыненне агню, піша The Wall Street Journal.
Як адзначае выданне, украінскія афіцыйныя асобы заявілі, што падчас сустрэчы з расейскай дэлегацыяй будуць абмяркоўваць, як імплементаваць і кантраляваць безумоўнае 30-дзённае спыненне агню, якое прапанавала адміністрацыя кіраўніка Белага дома Дональда Трампа.
WSJ нагадвае, што Украіна пагадзілася на такое спыненне агню яшчэ ў сакавіку, але кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін дагэтуль не падтрымаў гэтую ідэю.
Выданне дадае, што ў цэлым мірнае пагадненне паміж Украінай і Расіяй з'яўляецца толькі аддаленай магчымасцю. Пасля таго як амерыканскі лідар прыгразіў выйсці з перамоваў, Кіеў і Масква спрабуюць прадэманстраваць сваю гатоўнасць рухацца наперад, не саступаючы сваімі канчатковымі мэтамі.
«Пуцін хоча, па сутнасці, капітуляцыі Украіны, нават нягледзячы на тое, што расійскія войскі спрабуюць прасоўвацца наперад. За апошнія два гады Расіі ўдалося захапіць менш за 1% украінскай тэрыторыі, нягледзячы на сотні тысяч ахвяр і страту велізарных запасаў тэхнікі», — дадае WSJ.
Сёння, адзначае WSJ, пытанне заключаецца ў тым, на чый бок стане Трамп. Апошні ўсё больш расчароўваецца Уладзімірам Пуціным, зрэшты, не дэманструючы ніякай схільнасці караць Расію.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі станоўча адрэагаваў на ідэю Папы Рымскага Льва XIV, які прапанаваў сваё пасярэдніцтва краінам, якія ваююць паміж сабой.
«Удзячны Яго Святасці Папу Льву XIV за мудрыя словы пра гатоўнасць Святога Прастола ўзяць на сябе ролю пасрэдніка ў аднаўленні міру ва ўсім свеце. МІр — гэта запаветнае жаданне мільёнаў нашых людзей», — напісаў у сацыяльнай сетцы X украінскі лідар.
Прэзідэнт Украіны адзначыў, што ўлада Украіны спадзяецца на аднаўленне годнага міру і прыкладае для гэтага ўсе намаганні. «Цэнім мудрую заяву Пантыфіка і пацвярджаем нашу прыхільнасць рэальным мірным намаганням, уключаючы поўнае спыненне агню і асабістую сустрэчу на вышэйшым узроўні паміж Украінай і Расіяй», — падкрэсліў Зяленскі.
Нагадаем, Папа Рымскі Леў XIV падчас прыёму прадстаўнікоў 23 хрысціянскіх цэркваў Усходу ў Ватыкане прапанаваў сваё пасярэдніцтва краінам, якія ваююць паміж сабой.