Свет чакае ад Расіі згоды на спыненне агню ва Украіне. Інакш — новыя санкцыі

Кіраўнікі трох еўрапейскіх краін амаль адначасова заявілі, што чакаюць ад Расіі згоды на спыненне агню на перамовах у Турцыі 15 траўня. Аднак дагэтуль невядома, ці будзе ўдзельнічаць у гэтых перамовах Пуцін, а гэтае рашэнне залежыць менавіта ад яго. Тым часам армія РФ зноў кідае непадрыхтаваных салдат у «мясныя штурмы». Ідзе Ідзе 1176-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

495632581_1043817664597978_8765208688322412446_n.jpg

За мінулыя суткі ва Украіне адбылося 163 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 14 траўня. Траціна з іх прыйшлася на Пакроўскі кірунак — там абаронцы Украіны спынілі 54 штурмы расіян у раёнах Лысаўкі, Малінаўкі, Елізаветаўкі, Зверава, Котліна, Удалага, Запарожжа, Андрэеўка і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку ваяры УСУ спынілі 30 спробаў расіян прарваць абарончыя рубяжы паблізу Канстанцінопаля, Беднага, Равнаполя, Прывольнага, Вольнага Поля, Шаўчэнкі і іншых.

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 29 разоў, спрабуючы прасунуцца ў раёнах Новаміхайлаўкі, Грэкаўкі, Цвердахлебавага, Новасергеіўкі, Грыгароўкі і ў бок Рэдкадуба, Зялёнай Даліны, Альгоўкі.

На Краматорскім кірунку зафіксавана восем боесутыкненняў. На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі шэсць атак у раёнах Тарэцка і ў напрамку Дыліеўкі.

У Курскай вобласці Расіі падраздзяленні УСУ адбілі 12 атак расіян. Армія РФ нанесла 18 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі з ужываннем 34 кіраваных авіябомбаў.

* * *

Як паведаміў аналітычны праект Deep State, расійцы прасунуліся ў Малінаўцы, Багаціры і каля Навасёлкі, што ў Данецкай вобласці.

* * *

Расія гуляе ў «пераможныя мясныя штурмы» дзеля ціску на перамовах, піша ў справаздачы амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Аналітыкі звяртаюць увагу на заяву Уладзіміра Пуціна пра тое, што кожны месяц да войска РФ добраахвотна далучаюцца ад 50 да 60 тысяч чалавек. Эксперты адзначаюць, што Пуцін не ўдакладніў, калі менавіта быў дасягнуты штомесячны паказчык у 50-60 тысяч навабранцаў. Раней як украінскія, так і расійскія афіцыйныя асобы адзначалі, што РФ плануе выйсці на такі ўзровень рэкрутынгу ў 2025 годзе. Таму ў ISW лічаць, што Пуцін можа завышаць гэтыя даныя для дэманстрацыі наяўнасці магутнай ваеннай сілы на фоне перамоваў з Украінай і краінамі Захаду.

Галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі адзначыў, што колькасць расійскай групоўкі ва Украіне вырасла з прыкладна 603 тысяч на 1 студзеня 2025 года да 623 тысяч за крыху больш чым тры месяцы.

У ISW перакананыя, што супастаўленне заяў Пуціна і Сырскага сведчаць, што РФ можа не толькі кампенсаваць страты, але і паступова нарошчваць агульную колькасць сваіх войскаў ва Украіне, аднак пры гэтым расійскія жаўнеры недастаткова падрыхтаваныя для вядзення баявых дзеянняў.

Аналітыкі пішуць, што расійскія навабранцы праходзяць усяго месяц падрыхтоўкі перад адпраўкай ва Украіну. Такая абмежаваная падрыхтоўка, верагодна, зніжае іх баяздольнасць і агульныя магчымасці расійскай арміі для правядзення складаных баявых аперацый.

Таму, лічаць эксперты, Расія працягвае мірыцца са стратамі асабовага складу, якія можна параўнаць з узроўнем страт, зафіксаваных падчас актывізацыі наступальных дзеянняў восенню 2024 года, нягледзячы на запаволенне тэмпаў прасоўвання ў першыя чатыры месяцы 2025 года.

«Цяпер расійскае вайсковае камандаванне аддае перавагу адпраўляць слаба падрыхтаваных навабранцаў у знясільваючыя пяхотныя штурмы, каб паступова прасоўвацца наперад, нягледзячы на высокі ўзровень страт на кожны атрыманы квадратны кіламетр. Задача гэтай тактыкі — узмацніць ціск на Украіну і Захад, прымусіўшы іх пайсці на саступкі на працяглых перамовах. Адначасова Расія спрабуе зацягнуць перамовы, каб атрымаць дадатковыя саступкі з боку ЗША, рэалізуючы далейшае прасоўванне на фронце», — перакананыя ў ISW.

* * *

У ноч на 14 траўня войска РФ атакавала Украіну балістычнай ракетай Іскандэр-М/KN-23 і 145-ю ўдарнымі БпЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў. Пацверджана збіццё 80 ударных БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікаў іншых тыпаў, яшчэ 42 беспілотнікі былі лакацыйна страчаныя (без негатыўных наступстваў), паведамляюць паветраныя сілы УСУ.

Расійскія войскі атакавалі Нікапальскі раён Днепрапятроўскай вобласці з артылерыі і FPV-дронамі — пашкодзілі 2 шматпавярхоўкі, 7 крам, спартыўны клуб, басейн і лінію электраперадачы.

Два чалавекі атрымалі раненні ў выніку расійскай атакі ў Ровенскай вобласці раніцай 14 траўня. Сілы СПА абясшкодзілі над вобласцю 4 паветраныя цэлі.

Трое мірных жыхароў Харкаўскай вобласці пацярпелі ў выніку расійскай атакі ўдарнымі беспілотнікамі ўначы 14 траўня. Паводле папярэдніх звестак, расійцы ўжылі БпЛА «Ланцэт».

* * *

496768956_1044041641242247_625918912790478086_n.jpg

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі гатовы прыбыць на перамовы ў Турцыю, нягледзячы на тое, што расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін дагэтуль не пацвердзіў свой удзел, паведаміў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак

З ягоных слоў, візіт Зяленскага ў Турцыю абмяркоўваўся падчас размовы з дзяржаўным сакратаром Злучаных Штатаў Амерыкі Марка Рубіа.

«Нядаўняя заява прэзідэнта Дональда Трампа аб яго магчымай прысутнасці на сустрэчы ў Турцыі з'яўляецца важным сігналам для расійскага кіраўніцтва і можа мець вырашальнае значэнне для забеспячэння канструктыўных перамоваў. Адначасовая прысутнасць лідараў ЗША, Украіны і Расіі магла б стаць важным крокам на шляху да сапраўдных перамоў аб заканчэнні вайны», — падкрэсліў Ярмак.

* * *

Германія будзе патрабаваць узмацнення жорсткасці санкцый супраць РФ, калі на гэтым тыдні не будзе прагрэсу ва ўрэгуляванні вайны ва Украіне, заявіў Deutsche Welle канцлер ФРГ Фрыдрых Мерц.

Мерц мяркуе, што Расія павінна «заявіць пра сваю гатоўнасць да безумоўнага 30-дзённага спынення агню». Але ў выпадку, калі на гэтым тыдні «не будзе рэальнага прагрэсу» ва ўрэгуляванні вайны, нямецкі ўрад «будзе настойваць на істотным узмацненні жорсткасці санкцый» супраць РФ на еўрапейскім узроўні. У прыватнасці, гаворка можа ісці аб сектарах энергетыкі і фінансавага рынку.

У той жа час прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў La Repubblica, што калі Расія не пагодзіцца на перамір'е, ужо ў бліжэйшыя дні супраць яе будуць ужытыя санкцыі.

«Мы хочам ужыць санкцыі супраць Расіі ў бліжэйшыя дні па ўзгадненні са Злучанымі Штатамі, калі яна не будзе прытрымлівацца рэжыму спынення агню», — заявіў Макрон. 

«На коне ва Украіне стаіць наша бяспека. Мы хочам спынення агню на сушы, моры і ў паветры на 30 дзён. Расія хоча, каб пытанне аб спыненні агню абмяркоўвалася ў Турцыі», — дадаў французскі прэзідэнт.

Прэм'ер-міністарка Італіі Джорджа Мэлані падчас тэлефоннай размовы з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Эрдаганам выказала надзею, што Расія пагодзіцца на 30-дзённае спыненне агню, паведамляе прэс-служба ўрада Італіі.

* * *

Францыя гатовая пачаць дыскусію аб размяшчэнні французскіх знішчальнікаў, узброеных ядзернымі бомбамі, у іншых краінах Еўропы, падобна таму, як гэта робяць ЗША, каб падзяліцца сваім «ядзерным парасонам», заявіў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон у інтэрв'ю на TF1.

«Я вызначу рамкі афіцыйна ў бліжэйшыя тыдні і месяцы», — сказаў французскі прэзідэнт.

Па пры гэтым ён высунуў тры ўмовы для перагляду праграмы ядзернага стрымлівання Францыі. «Францыя не будзе плаціць за бяспеку іншых. Гэта не будзе адымацца з таго, што нам трэба для нас саміх. І нарэшце, канчатковае рашэнне заўсёды будзе заставацца за прэзідэнтам Францыі і кіраўніком Узброеных Сіл», — адзначыў Макрон.