У калоніі №15 узмацніўся ціск на палітвязняў. Хронікі рэпрэсій 12 чэрвеня

 Былы вязень папраўчай калоніі № 15, якая знаходзіцца пад Магілёвам, па вызваленні распавёў, як тамтэйшая адміністрацыя ставіцца да вязняў, асуджаных па палітычных артыкулах. Паводле крыніцы, ціск на вязняў, якія носяць на вопратцы жоўтыя біркі «схільных да экстрэмізму» апошнім часам зноў павялічыўся, піша Свабода.

1_1097_1.png

«Яшчэ пару гадоў таму было гэтак, што адміністрацыя скрозь пальцы глядзела на кантактаванне палітычных паміж сабой. Яны маглі сабрацца ў кампанію, нешта сваё абмяркоўваць, разам гулялі вакол бараку, чыталі газеты. Цяпер жа часцей паасобку трымаюцца, бо гэта стала цалкам небяспечна. Ім катэгарычна забаранілі любыя кантакты паміж сабой, акрамя як стаяць у шыхце ў галаве атраду. У дворыку разам іх ужо не пабачыш. Яшчэ відэакамеру можна абысці, але ад стукачоў не схаваешся. Толькі паступае сігнал, што з некім пагаварыў, чалавека адразу саджаюць у ШІЗА», — распавёў былы вязень 15-й калоніі.

Паводле крыніцы, увогуле ахоўнікі сталі больш прыдзірліва ставіцца да палітычных вязняў, любое парушэнне парадку з іх боку, нават самае нязначнае, цяпер падстава для сур’ёзнага пакарання.

«За самае дробнае парушэнне — адразу ШІЗА. Нейкая лішняя рэч у тумбачцы, шкарпэткі не там пакладзеныя ці на шкарпэтках нейкі малюнак, гузік не зашпілены, недакладна стаіць у шыхце — адразу рапарт, а потым самае жорсткае пакаранне, без саступкі. Зусім ім цяжка стала», — распавёў былы вязень пра стаўленне да палітычных.

Паводле крыніцы з папраўчай калоніі № 15, шмат для каго з палітычных застаецца праблемай недахоп нармальнага харчавання.

«Сярод палітычных шмат хто моцна схуднеў. Атаварка ў іх абмежаваная, не тое што вітамінаў не хапае — звычайнай ежы. Некаторыя нават чорны хлеб са сталовай выносяць, хаваюць па кішэнях, каб па-ціхаму пад’есці. Але гэта забаронена, за гэта караюць».

Агучаны жорсткія прысуды за салідарнасць

У кастрычніку 2024 года пачаліся рэйды па сваяках палітзняволеных і былых палітзняволеных — людзей забіралі на допыты, садзілі на 15 содняў і судзілі па КаАП на вялікія штрафы за атрыманне дапамогі. Як мінімум 51 чалавек трапіў пад рэпрэсіі. 

20 снежня 2024 на праўладных медыя з'явілася відэа, у якім прапагандысты сцвярджалі пра затрыманых людзей па справе супрацы з фондамі дапамогі. 

У выніку гэтай аперацыі на лаве падсудных апынуліся тры чалавекі, якіх затрымалі ў жніўні і верасні 2024 года. Сёння, як паведамляе ініцыятыва @dissidentBY, у Мінскім гарадскім судзе былі агучаны прысуды: 

Любоў Драгель — 3 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму 

Аляксандр Якушкоў — 2 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму 

Яўген Бойка — 5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Інфармацыя пра тое, што Дзяніс Івашын зноў у ШІЗА, не пацвердзілася

Учора, 11 чэрвеня, жонка вязня Вольга Івашына выказала згадку, што Дзяніс зноў трапіў у ШІЗА. Падставай стала адсутнасць лістоў ад яго цягам 13 дзён. Сёння яна паведаміла, што гэтыя хваляванні не мелі падстаў.

«Выглядае на тое, што прычынай затрымкі карэспандэнцыі Дзяніса ё час летніх адпачынкаў супрацоўнікаў турмы. Сёньня і ўчора мы з маці атрымалі ад нашага ваяра ліст і паштоўку. Паштоўка — з 1 чэрвеня, а ліст Дзяніс наагул напісаў напярэдадні сваіх Народзінаў. Як бачна, настрой і фізычны стан ягоныя не зьмяніліся, то бок усё ў адносным парадку. То можна й нам трошкі супакоіцца», — напісала яна.

Ніна Багінская будзе абскарджваць пастанову суда

Пра гэта @belsat паведамілі ўласныя крыніцы.

30 красавіка ў судзе Першамайскага раёну Мінску ў закрытым пасяджэнні суддзя Максім Трусевіч разгледзеў крымінальную справу супраць актывісткі Ніны Багінскай паводле ч. 2 арт. 342-2 КК (неаднаразовае парушэнне закону аб правядзенні масавых мерапрыемстваў). Падставай для крымінальнага пераследу сталі неаднаразовыя адміністрацыйныя пастановы за 2024 год. Пенсіянерку прызналі вінаватай, але замест пакарання прызначылі «прафілактычнае назіранне».

Згодна з рашэннем суддзі, усё, што міліцыянеры забіралі пры затрыманні, павінна быць знішчана. Ніна Багінская ў сваёй заяве патрабуе вярнуць ёй значкі і сцяжкі, якія яна зрабіла сваімі рукамі. Тым больш, што міліцыянты забіралі іх у яе без афармлення. Яна неаднаразова падавала скаргі на іх дзеянні ў вышэйшыя інстанцыі, але ёй нічога не вярнулі.

Пачынаюцца суды па «справе Гаюна»

Паводле звестак «Вясны», апошнія месяцы ў Беларусі працягваюцца затрыманні ў межах крымінальнай справы за перадачу інфармацыі «Беларускаму Гаюну». Як паведамлялі былыя вязні Акрэсціна, затрыманні адбываюцца ў межах арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Большасць затрыманых — мужчыны.

Паводле інфармацыі «Вясны», у бліжэйшы час ужо распачнуцца першыя судовыя працэсы па гэтай справе.

Праваабаронцам вядома пра як мінімум 20 фігурантаў «справы Гаюна», якіх змясцілі пад варту.

На мінскай кватэры старшыні ліквідаванай уладамі БСДП (Грамада) Ігара Барысава адбыўся ператрус

Сілавікі патрапілі ў кватэру і ў прысутнасці панятых здзейснілі аператыўныя дзеянні, піша @BSDP_Hramada.

Прычынай візіту міліцыянтаў стала распачатая крымінальная справа ў дачыненні да Ігара Барысава. 

Па якім артыкуле абвінавачваецца палітык не зразумела, але вядома, што 7 траўня БСДП (Грамада) была прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем».

Чарговае папаўненне «спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У яго трапіла старонка ў Instagram «nadzeya_grodno», на якую падпісаныя 295 чалавек, а таксама старонка ў TikTok «Жыве Беларусь», якая мае 61 падпісанта.