Спецслужбы выходзяць на кантакт з актывістамі праз Facebook. Хронікі рэпрэсій 11 чэрвеня
Праваабаронцам вядома не меней за пяць такіх выпадкаў. Усе паведамленні зафіксаваны з аднаго акаўнта — Maria Pulkovskay. У фэйсбуку Maria ў сябрах лічыцца 371 акаўнт, сярод якіх — былыя палітзняволеныя, журналісты і актывісты. Некаторым абяцаюць бяспеку іх родных у Беларусі ў абмен на супрацу з беларускімі спецслужбамі.

У акаўнце два фотаздымкі дзяўчыны, на якіх нябачна твару. Напісана, што жыве ў Празе. Але насамрэч за гэтым хаваецца супрацоўнік мінскага КДБ, паведамляюць тыя, каму ён пісаў.
Адна з актывістак, з якой звязваўся супрацоўнік КДБ, распавяла «Вясне»:
«Калі ён піша, то адразу называе людзей па поўным імя і імя па бацьку, то бок гэта ўжо інфармацыя, якая не ва ўсіх змяшчаецца ў сацсетках. Ён сказаў, што яго мэта, даведацца меракаванне пра структуры і нейкім падзеям. Ён піша пра нейкі кампраміс, супрацоўніцтва, спрабуе наладзіць узаемнавыгодныя камунікацыі. Ён хоча даведацца больш інфармацыі пра нейкіх людзей з дэмакратычнай супольнасці».
Праваабаронцы "Вясны" заклікаюць паклапаціцца пра сваю лічбавую бяспеку:
- Пераглядзіце спіс сяброў у сацсетках — выдаліце невядомых або падазроных асоб, асабліва тых, хто не мае рэальнага фота, інфармацыі або сумнеўна паводзіць сябе.
- Абмяжуйце бачнасць асабістай інфармацыі — схавайце або выдаліце дадзеныя пра месца жыхарства, працу, кантакты, сям’ю і г.д.
- Выдаліце або схавайце старыя пасты і каментары, якія могуць змяшчаць уразлівую інфармацыю.
- Будзьце пільнымі да новых кантактаў — не адказвайце на паведамленні ад невядомых асоб, асабліва калі яны задаюць асабістыя або палітычныя пытанні.
- Уключыце двухфактарную аўтэнтыфікацыю на ўсіх акаўнтах, дзе гэта магчыма.
- Захоўвайце ўзаемадзеянне з падобнымі паведамленнямі (як ад Maria Pulkovskay) — зрабіце скрыншоты, не адказвайце, паведаміце праваабаронцам.
- Выключыце функцыю “хто можа знайсці вас па нумары тэлефона” у наладах Facebook і іншых платформаў.
- Карыстайцеся VPN і шыфраванымі мэсэнджарамі (напрыклад, Signal).
Імаверна, Дзяніс Івашын зноў у ШІЗА
Жонка Дзяніса Вольга Івашына, мяркуе, што палітвязень зноў у ШІЗА. Пра гэта сведчыць адсутнасць лістоў ад яго. «Можна ўжо зь вялікай доляй верагоднасьці казаць, што «падарункам» Дзянісу Івашыну на ягоныя Народзіны з боку служак рэжыму нутранай акупацыі сталася чарговае зьмяшчэньне ў ШЫЗА. Кожны нясе ў гэты сьвет толькі тое, што мае ў сабе, таму іншых «падарункаў» чамусьці не чакалася. Быў спадзеў на рэшткі людзкасьці, але, відаць, яе не засталося. Спачуваем. Калі некаторым людзям дзеля ўласнае радасьці ці задаволеньня неабходна прымушаць іншых пакутаваць, як вы іх назавеце?», напісала яна.
Вікторыю Кульшу ў чацвёрты раз асудзілі за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»
Як паведамляе @nashaniva, жанчыне прысудзілі яшчэ адзін год зняволення.
Палітзняволеная Вікторыя Кульша мусіла выйсці на волю ў красавіку 2025 года па заканчэнні тэрміну. Але яе перавялі ў гомельскі СІЗА-3 у межах чацвёртай крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі).
Раней ёй ужо тройчы прызначалі пазбаўленне волі па гэтым артыкуле.
Увесь час у зняволенні на жанчыну аказваецца ціск. Яе неаднаразова змяшчалі ў штрыфны ізалятар і ПКТ. Па інфармацыі праваабаронцаў, у зарэчанскай калоніі № 24 адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю локцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Праз галадоўкі ў яе двойчы здараўся сардэчны прыступ.
На тэрыторыі Беларусі заблакавалі тыкток-каналы Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі
Цяпер для карыстальнікаў у Беларусі піша, што акаўнты «не дасяжныя ў вашай краіне», піша @nashaniva.
Былога ўчастковага з Ганцавічаў асудзілі па палітычнай крымінальнай справе
Уладзіміру Стрыжычу 38 гадоў. У 2010 годзе ён скончыў Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Шамякіна, а пасля пайшоў працаваць у міліцыю. Стрыжыч служыў участковым і ў інспекцыі па справах непаўналетніх.
Стрыжыч даслужыўся да старшага лейтэнанта і быў звольнены ў самым канцы 2014 года. Прычына — «у сувязі са здзяйсненнем кепскага ўчынку». Пасля гэтага Стрыжыч адкрыў ІП, сферай дзейнасці якога пазначаныя лесанарыхтоўкі. У тэлефонных кнігах іншых ён запісаны як «Уладзімір дрэва Нясвіж» і «апілкі Галынка». ІП нядаўна пачало працэс ліквідацыі.
Калі былога міліцыянера затрымалі, дакладна невядома, але не раней за верасень 2024, калі ён апошні раз быў анлайн у сацсетках. Стрыжыча асудзілі ў Брэсцкім абласным судзе па ч. 3 арт. 361-1 КК — «уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармавання». Уладзіміру пагражала да 6 гадоў калоніі.
Сутнасць абвінавачанняў невядомая, піша «Наша Ніва».