Адвакатка распавяла, як катавалі Мікалая Дзядка. Хронікі рэпрэсій 9 чэрвеня
Адвакатка Наталля Мацкевіч, якая таксама абараняла палітзняволеных Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Марфу Рабкову, у вялікім інтэрв'ю Свабодзе расказала, як сустракалася са зняволеным актывістам анархісцкага руху Мікалаем Дзядком пасля таго, як ён прайшоў катаванні.

— З Мікалаем Дзядком я пазнаёмілася лякарні. Ён ляжаў там з чэрапна-мазгавой траўмай, якая з'явілася пасля яго затрымання па дарозе на марш 25 сакавіка 2017 году. Таму для мяне была даволі прадказальнай сітуацыя, калі «праваахоўныя органы» білі Мікалая, дзе толькі яго бачылі. У 2017 годзе яго нават не прынялі ў ізалятар часовага ўтрымання, а адправілі лякарню хуткай дапамогі пасля затрымання.
— У лістападзе 2020 году мне сталі прысылаць кадры з відэа, на якім пабіты Мікалай Дзядок. Людзі ведалі, што я ягоны адвакат. Дасведчаныя людзі разумелі, што ён не проста пабіты і што выкарыстоўвалі слезацечны газ.
— Таго, што я на наступны дзень пабачыла ў ІЧУ, я нікому не пажадаю бачыць. Мікола Дзядок ня быў зламаны, але ён быў рэальна разбіты, пабіты. Кроў з яго не цякла, але і рукі, і твар былі ў слядах ад пабіцця. Ён нават сам не чакаў, што з ім могуць абыходзіцца так брутальна. Гэта была цэлая ноч біцця і пагрозаў. Потым ён расказваў пра гэта ў судзе. Ён сказаў мне: «Зрабіце нешта, каб гэта больш не паўтарылася». Наколькі я ведаю, у той перыяд гэта не паўтарылася — спадзяюся, што і цяпер не.
— Мы паказалі следчаму ягоныя гематомы — на ўсе ногі, на ўсю дупу, на ўсю спіну. Я шмат што бачыла, але такога не хацела б больш ніколі бачыць. Я адразу ж напісала хадайніцтва пра экспертызу. Хоць экспертызу правялі праз нейкі тыдзень, там ёсць фота ягоных сінякоў з апісаннем, памерамі і высновай, што яны не маглі ўтварыцца падчас падзення. Гэтая экспертыза ёсць і ў ягонай крымінальнай справе, але па факце перавышэння службовых паўнамоцтваў мелася б быць асобная справа. Была праверка, але яна, як заўсёды, ні да чаго не прывяла, як і ўсе заявы пра катаванне ў той час.
— Яго білі, каб атрымаць паролі ад цвёрдага дыску. Але магчыма, што білі проста, каб прыгнесьці ягоную волю і ў нечым адпомсціць. Бо можна ж было ня біць спачатку і пытацца потым. Мы ведаем, што пры затрыманні яму насоўвалі на галаву падушку, распылялі слезацечны газ у твар і зачынялі яго ў кладоўцы, куды распылялі газ, білі рукамі і нагамі. Потым у будынку ГУБАЗіК яго білі да самага ранку, прышпільвалі наручнікамі, пагражалі.
Глядзіце таксама

Нагадаем, Мікалая Дзядка затрымалі 11 лістапада 2020, пасля чаго моцна білі і катавалі. 10 лістапада 2021 года суддзя Анастасія Папко прызнала Мікалая вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
арт. 342 — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
арт. 361 — Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
арт. 295-3 — Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў.
Дзядок віны не прызнаў і сказаў у апошнім слове: «А ўсім, хто мае дачыненне да палітычных працэсаў у маёй краіне, я хачу сказаць: “Не майце ілюзій. Ніякія напісаныя вамі паперкі, ніякі тэрор не спыніць развіцця і прагрэсу. Мы ўсё роўна пераможам!”».
Мікалай мусіў выйсці на волю 4 красавіка, але яго перавялі ў СІЗА №1 па новай крымінальнай справе па арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі»).
Напрыканцы траўня стала вядома, што Мікалаю маглі прад“явіць новыя абвінавачванні. У прыватнасці, згадваўся артыкул КК аб распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варожасці.
«Спадзяюся, што яшчэ будзем шчаслівымі». Сваякі атрымалі ліст ад Уладзіміра Гундара
Палітвязня ўтрымліваюць за кратамі ўжо больш за чатыры з паловай гады. У кастрычніку 2022 года Уладзіміра асудзілі па «справе Аўтуховіча» да 18 гадоў калоніі. Праз некалькі месяцаў яго зноў асудзілі — за абразу пракуроркі Людмілы Герасіменкі, якая прадстаўляла абвінавачванне па «справе Аўтуховіча». Цяпер агульны тэрмін палітвязня складае 20 гадоў.
Па прыбыцці ў калонію яго некалькі разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар. Напачатку кастрычніка 2023 года Гундара перавялі ў магілёўскую турму № 4 на турэмны рэжым.
28 траўня Уладзіміру споўнілася 65 гадоў. Днямі ад палітвязня прыйшоў ліст сваякам, у якім некалькі радкоў — пра гэтую падзею ў ягоным жыцці, цытуе «Свабода»:
«Нясьпешна крочу шляхам жыцьця. Разумею жыцьця хуткаплыннасьць, яго каштоўнасьць і шчасьце, адчуваю ў кожным імгненьні асалоду і радасьць. Спадзяюся, што мы яшчэ доўга будзем насычацца водарам, смакам і гаючай сілай жыцьця, і будзем шчасьлівымі».
Вітольд Ашурак сёння мусіў выйсці на волю
Першы раз Вітольда затрымалі 9 жніўня 2020 года і асудзілі на 20 сутак адміністрацыйнага арышту: на 15 — за ўдзел у мерапрыемстве і яшчэ на 5 — за непавагу да суда, бо ён не ўстаў, калі зайшоў суддзя. 19 верасня 2020-га Ашурак быў затрыманы спачатку на суткі, а праз месяц за кратамі — і паводле крымінальнай справы. Суддзя Максім Філатаў асудзіў яго да 5 гадоў калоніі за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах.
21 траўня 2021 году Вітольд памёр у шклоўскай калоніі № 17. Афіцыйная прычына смерці — спыненне сэрца. Аднак яго сваякі сцвярджалі: да зняволення праблем са здароўем у Вітольда не было. Пасля яго смерці Следчы камітэт апублікаваў відэа, на якім палітвязень ледзь стаіць на нагах.
Яго цела перадалі з забінтаванай галавой. Справу па факце смерці не завялі дагэтуль.
Вітольд мусіў выйсці на свабоду сёння — 9 чэрвеня 2025 года.
За здымкі на вакзале ў віцебскім СІЗА трымаюць аршанца Яўгена Бодрыкава
Супраць яго распачатая крымінальная справа — найверагодней, за фатаграфаванне перасоўванняў вайсковай тэхнікі, піша @vicspring.
Яўген — 27-гадовы ўраджэнец Оршы. Ён скончыў аршанскую СШ №17, быў пераможцам прадметных алімпіядаў па гісторыі: у 2014 годзе здолеў перамагчы нават на рэспубліканскай алімпіядзе. Быў узнагароджаны грашовым сертыфікатам ад імя раённага ўпраўлення адукацыі.
Пасля школы Бодрыкаў паступіў на бюджэтную форму навучання на гістфак БДУ, быў у студэнцкім актыве, добра зарэкамендаваў сябе падчас практыкі ў мінскай гімназіі №20.
У 2020 годзе хлопец быў затрыманы і збіты падчас пратэстаў у Мінску: з чэрапна-мазгавой траўмай трапіў у шпіталь. Пасля быў аштрафаваны судом Фрунзенскага раёна на 675 рублёў за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». У 2022 годзе яму прызначылі 15 сутак арышту за фотаздымак у сацсетках, дзе на хлопцы была майка з Пагоняй.
У «спіс тэрарыстаў» дадалі 15 чалавек
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы пятнаццаці чалавек.
Сярод іх Вячаслаў Граноўскі, Ігнаці Кірэеў, Арцём Бігель, Ян Мельнікаў, Анастасія Махамет, Ігар Драбышэўскі, Аляксандр Гаршуноў, Сяргей Бяспалаў, Даніла Чыбісаў, Дзмітрый Сончык, Крысціна Лапкоўская, Лідзія Гарохава, Алег Ярашэнкаў, Арцём Кухаронак, Ігар Майсеенка.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1299 чалавек, з іх больш за 600 — беларусы.
Выпускніка Акадэміі МУС асудзілі за «парушэнне аховы дзяржаўных сакрэтаў»
Антону Табашнікаву 28 гадоў. У 2014 ён паступіў у Акадэмію МУС. Табашнікаў вучыўся па спецыяльнасці «правазнаўства» на кафедры адміністратыўнай дзейнасці органаў унутраных спраў факультэта міліцыі.
Невядома, што было далей — хлопец зусім не вядзе сацсеткі. Але Табашнікаў паралельна, у 2022, скончыў Інстытут бізнэсу БДУ па спецыяльнасці «бізнэс-адміністраванне».
Апошні раз ён быў анлайн на сваёй пустой старонцы «Укантакце» 31 ліпеня 2024 года. У тэлеграме Антон не анлайн «вельмі даўно», піша «Наша Ніва».
Дата суда і сутнасць справы невядомыя, але абвінавачанне гучыць так — «парушэнне патрабаванняў па ахове дзяржаўных сакрэтаў» (артыкул 375-2 КК).
Паколькі па артыкуле не так шмат судовай практыкі і мала канкрэтыкі, цяжка сказаць, што менавіта зрабіў Табашнікаў. Мяркуючы па статусе «адбывае пакаранне» і поўнай неактыўнасці ў сацсетках, ён атрымаў пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі.
Следчы камітэт наклаў арышт на кватэру актывіста Дзмітрыя Карняенкі
Паведамленне пра гэта ад Віцебскай агенцыі па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры даслалі ў Оршу на адрас бацькі актывіста, піша «Віцебская Вясна».
Мужчына ўжо некалькі гадоў жыву ў вымушанай эміграцыі. Падчас знаходжання ў замежжы, Дзмітрыя двойчы прызнавалі ўдзельнікам «экстрэмісцкіх фармаванняў» — праекта «Хрысціянская візія» і ініцыятывы «Народный депутат».
Былога міліцыянера, які вярнуўся з Кеніі і вёў блог пра Афрыку, асудзілі за «распальванне варожасці»
Руслану Сахарчуку 48 гадоў. Ён з Брэста. Пасля школы скончыў Магілёўскі вышэйшы каледж МУС і працаваў у міліцыі. Даслужыўся да капітана ў Ленінскім РАУС Брэста. У 2008 быў звольнены за здзяйсненне дыскрэдытуючых учынкаў.
Невядома, як яго туды занесла, але ўжо 2 гады ён перыядычна бываў у Афрыцы, у Кеніі, і вёў на ютубе блог «З Афрыкі ў Беларусь» (From Africa to Belarus), піша «Наша Ніва». Там ён расказвае пра жыццё і працу ў Афрыцы, а таксама дзеліцца падзеямі з жыцця ўласнага.
Калі Сахарчука затрымалі, незразумела. Урэшце яго асудзілі ў Брэсцкім абласным судзе па ч. 1 арт. 130 КК — «распальванне варожасці». У міліцэйскім спісе «экстрэмістаў» у яго стаіць пазнака «адбывае пакаранне».