Дзянісу Івашыну — 46. Дзень народзінаў ён адзначае за кратамі. Хронікі рэпрэсій 6 чэрвеня
Журналіст-расследавальнік, аўтар «Новага Часу» Дзяніс Івашын быў затрыманы ў сакавіку 2021 года пасля публікацыі чарговай часткі расследавання пра былых беркутаўцаў, што працавалі ў мінскім АМАПе.

У верасні 2022 года ў гродзенскім абласным судзе быў агучаны прысуд журналісту: 13 гадоў і 1 месяц яму прысудзілі за «Здраду дзяржаве» і «Незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці». Нашага калегу ўтрымліваюць на строгім рэжыме ў следчай турме № 8. Вядома, што яго неаднаразова змяшчалі ў карцар і ў ШІЗА. Апошнія паўгады Дзяніс быў пазбаўлены тэлефанаванняў.
Глядзіце таксама

«Новы Час» віншуе Дзяніса Івашына з днём народзінаў. Зычым моцы, вытрымкі, аптымізму і хутчэйшага вызвалення.
У Беларусі +14 новых палітвязняў
Гэта Ціна Палынская і яе дачка Маргарыта Рабіновіч, Ала Юшкевіч, Вольга Міраненка, Наталля Пупкевіч, Мікалай Дайнэка, Любоў Валюк, Аляксандр Куліковіч, Віталь Каваленка, Яраслава Храмчанкава, Артур Тарасаў, Ірына Лебедзь, Аляксандр Лебедзь, Любоў Драгель.
Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»
У яго трапілі:
- Telegram-чат «Друзья друзей»;
- Instagram старонкі «timote.suladze», «_vadzik_», «marabynl», «Людмiла Тальяно | Мастачка | Беларуска у Тбiлiсi»;
- Старонка ў Facebook «БЕЛАРУСЬ-BELARUS»;
- Старонка ў «Х» «БЕЛАРУСКІ МОЛАДЗЕВЫ ХАБ Belаrusian Youth Hub»;
- Відэаролік «Светлана ТИХАНОВСКАЯ: Страшно почти каждый день, но… ОТКРОВЕННОЕ ИНТЕРВЬЮ»;
- Сайт і Facebook-старонка праекту «Офис по образованию для новой Беларуси»;
- TikTok-старонкі «Pne_moment», «Free Belarus», «podgopnik», «bel_naclibsws».
Увогуле па патрабаванні Мінінфарма ў Беларусі прызнаныя «экстрэмісцкімі» амаль 7 тысяч інфармацыйных рэсурсаў. Такую статыстыку агучыў міністр інфармацыі Марат Маркаў, піша @euroradio.
У гэту лічбу ўваходзяць сайты, Telegram-каналы і чаты, профілі ў Instagram і старонкі ў іншых сацсетках.
Маркаў адзначыў, што за 5 месяцаў 2025 года заблакавана столькі ж інтэрнэт-рэсурсаў, колькі за ўвесь 2024 год. Агулам — каля 6,3 тысячы. А ўсяго, за ўвесь час заблакавана каля 18 тысяч інтэрнэт-рэсурсаў.
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 45 прозвішчаў — цяпер у ім 5387 чалавек
6 чэрвеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі фігурантаў справы аб спробе падрыву чыгуначнага складу ў Талочынскім раёне Івана Ліхалата, Барыса Пухальскага і Івана Бародзіча.
«Вясна» публікуе апошнюю версію спіса.
Мужа пісьменніцы Яўгеніі Пастарнак асудзілі за фінансаванне «экстрэмізму»
У міліцэйскім спісе «экстрэмістаў» з’явіўся 55-гадовы мінчук Вадзім Пажывілка. Фізік па адукацыі, ён доўгі час займаўся выдавецкім бізнэсам — быў дырэктарам выдавецтваў, якія выпускалі дзіцячую і навукова-папулярную літаратуру. Пасля працаваў у турызме.
Вадзім — муж папулярнай пісьменніцы Яўгеніі Пастарнак. Яна разам з Андрэем Жвалеўскім напісала некалькі дзясяткаў кніг для падлеткаў. Пажывілку асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе па артыкуле 361-2 Крымінальнага кодэкса — «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці».
Насупраць яго імені ў міліцэйскай базе стаіць пазнака «судзімасць не пагашана». Гэта значыць, што Пажывілка атрымаў «хатнюю хімію», піша «Наша Ніва».