Працягваюцца затрыманні па «справе Гаюна». Хронікі рэпрэсій 5 чэрвеня

Паводле звестак «Вясны», апошнія месяцы ў Беларусі працягваюцца затрыманні ў межах крымінальнай справы за перадачу інфармацыі «Беларускаму Гаюну».

1_1097_1.png

Як паведамлялі былыя вязні Акрэсціна, затрыманні адбываюцца ў межах арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Большасць затрыманых — мужчыны. Праваабаронцам вядома пра як мінімум 20 фігурантаў «справы Гаюна», якіх змясцілі пад варту.

Дзень народзінаў за кратамі: Дзяніс Івашын

Заўтра, 6 чэрвеня, свой 46-ты дзень народзінаў сустракае наш калега, палітзняволены журналіст-расследавальнік Дзяніс Івашын. І гэта будзе ўжо пяты яго дзень народзінаў за кратамі. Словы падтрымкі і салідарнасці можна перадаць Дзянісу праз жонку – Вольгу Івашыну, напісаўшы ёй у Фэйсбук ці каментаром у Тэлеграм

Эксперты ААН устрывожаныя парушэннямі правоў прафсаюзных актывістаў

Група незалежных экспертаў ААН сёння выказала занепакоенасць з нагоды парушэнняў свабоды аб'яднанняў у працоўных адносінах у Беларусі, піша «Вясна».

Яны заклікалі ўрад краіны паўнавартасна супрацоўнічаць з Упраўленнем Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, праваабарончымі механізмамі ААН, Міжнароднай арганізацыяй працы і яе нагляднымі органамі для забеспячэння захавання правоў чалавека лідараў і сябраў незалежных прафсаюзаў.

«Беларусь павінна спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да сябраў незалежных прафсаюзаў, якія таксама лічацца праваабаронцамі. Краіна павінна неадкладна вызваліць усіх лідараў і сябраў прафсаюзаў, а таксама скасаваць заканадаўства ды іншыя захады, якія перашкаджаюць дзейнасці незалежных прафсаюзаў».

Агляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў траўні

  • У траўні «Вясна» зафіксавала больш за 80 выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсій (у тым ліку затрыманні, ператрусы і г.д.), якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу;
  • За травень праваабаронцы прызналі палітвязнямі 28 чалавек — колькасць палітычных зняволеных на канец месяца склала 1 185 чалавек;
  • Канвеер цэнзуры інфармацыі працягвае функцыянаваць праз пашырэнне спісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў» — у траўні было вынесена 105 судовых рашэнняў;
  • На канец траўня вядома пра 62 палітвязняў, якім судом быў прызначаны дадатковы тэрмін адвольнага пазбаўлення волі за сукупнасць дысцыплінарных парушэнняў у папраўчай установе.

У «экстрэмісцкі» спіс дадалі старонку стваральніцы Іўеўскага музея нацыянальных культур Рэгіны Лавор 

Гаворка пра яе Instagram-старонку «neveragodnasc», на якую падпісаныя больш за 1100 чалавек.

Рэгіна Лавор — стваральніца Іўеўскага музея нацыянальных культур. Яе асудзілі да 2 гадоў «хатняй хіміі» за абразу ў чаце «Іўе для жыцця» ў Telegram падпалкоўніка міліцыі Андрэя Ярохіна.

Вядома, што да жанчыны неаднаразова прыходзілі з праверкамі, а таксама арыштоўвалі за парушэнне рэжыму адбывання «хатняй хіміі».Ёй забаранілі наведваць касцёл і нават карыстацца прыбіральняй на вуліцы. На ўсе звароты ў РАУС, МУС жанчына атрымоўвала «адпіскі».

У выніку Лавор была вымушана пакінуць Беларусь праз пагрозы.

Таксама «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўнілі: Instagram старонка «kyltyra_bu», старонка ў TikTok «Eve (белый♥️чырвоно♥️белый♥️)».

Зняволеных ПК №3 працягваюць пераводзіць у іншыя ўстановы

Вязняў віцебскай калоніі № 3 цягам апошняга месяца пачалі масава пераводзіць у іншыя калоніі. Паводле інфармацыі «Вясны», у ПК № 3 знаходзяцца 74 палітвязні.

Перавод вязняў адбываецца з-за рамонту на прамзоне. Як пісала @MAYDAYMog, на тэрыторыі прадпрыемстваў прамысловай зоны ПК-3 ужо ідзе рамонт. Большасць вязняў этапавалі ў шклоўскую ПК-17, магілёўскую ПК-15 і ПК-22 «Ваўчыныя норы».

Палітвязня Уладзіміра Кнігу асудзілі яшчэ да года зняволення за «непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»

У судзе Барысаўскага раёна асудзілі за «злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі» (ч. 1 арт. 411 КК) палітзняволенага Уладзіміра Кнігу — яму прызначылі яшчэ адзін год зняволення. Суд быў яшчэ 5 лютага 2025 года, але пра яго стала вядома толькі цяпер, піша @stranafund.

Гэта другая крымінальная справа за кратамі паводле гэтага артыкула супраць палітвязня. Пры гэтым Кніга з верасня 2023 года ўтрымліваецца ў рэжыме інкамунікада — ягонае месцазнаходжанне невядомае.

Вядома, што ў калоніі Уладзіміра змяшчалі ў ПКТ і рэгулярна выпісвалі новыя парушэнні. Акрамя гэтага, пазбавілі перадач, спатканняў і званкоў.

Чарговыя змены ў заканадаўстве Беларусі. Паштовыя адпраўленні афіцыйна пад татальным кантролем

У Беларусі прыняты Закон № 79-3, які істотна мяняе правілы працы паштовай сувязі і паштовых адпраўленняў, звяртае ўвагу dissidentBY. 

Асноўныя змены:

  • Створана адзіная аўтаматызаваная сістэма ўліку і захоўвання ўсіх дадзеных пра перасоўванне паштовых адпраўленняў.
  • Улады атрымалі права вызначаць парадак працы гэтай сістэмы і тэрміны захоўвання інфармацыі.
  • Дзяржаўныя органы, нават тыя, хто не займаецца аператыўна-вышуковай дзейнасцю, атрымалі кругласутачны доступ (у тым ліку дыстанцыйны) да гэтай сістэмы.

Што гэта азначае для палітвязняў?

Гэтыя змены значна ўзмацняюць кантроль дзяржавы над карэспандэнцыяй, у тым ліку зняволеных. Гэта можа абмежаваць магчымасці палітвязняў атрымліваць і адпраўляць лісты, а таксама зрабіць іх ліставанне яшчэ больш празрыстым для ўладаў. У выніку гэта стварае дадатковы ціск на вязняў і іх блізкіх, узмацняючы ізаляцыю.