Палітзняволены Дзяніс Івашын паўгода пазбаўлены тэлефанаванняў. Хронікі рэпрэсій 2 чэрвеня

Сёння, 2 чэрвеня, споўнілася 6 месяцаў, як ад палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына няма тэлефонных званкоў, піша @dzianisivashyn. Лісты і паштоўкі, калі ён не ў ШІЗА, даходзяць. 

1_1097_1.png

«Яшчэ адзін месяц прамінуў без тэлефоннага званка Дзяніса. Ня ведаю, чаго такім чынам спрабуюць дабіцца ворагі, але, калі сытуацыя дагэтуль не мяняецца, відавочна, сваёй мэты яны не дасягаюць. Аднак яны вельмі ўпартыя, спрабуюць чыніць адно й тое ж, чакаючы іншага выніку», — напісала Вольга Івашына, жонка Дзяніса.

Перастала выходзіць на сувязь журналістка з Полацка Ціна Палынская

З канца траўня не выходзіць на сувязь журналістка, каталіцкая верніца з Полацку Ціна Палынская -- верагодна, яна была затрыманая, а затым магла быць арыштаваная ў межах крымінальнай справы, піша Хрысціянская візія.

Знаёмыя Ціны пакуль не ведаюць падрабязнасцяў. Апошні раз яна з'яўлялася ў сеціве 19 траўня.

Ціна даўно не займалася журналістыкай, выхоўвала дачок, працавала ў архівах, у тым ліку расійскіх, выконваючы прыватныя заказы па стварэнні біяграфічных нарысаў, сямейных кніг, гісторый пра ўдзельнікаў Другой сусветнай вайны.

Раней, у 2022 годзе, журналістку судзілі па адміністрацыйным артыкуле і падвяргалі буйному штрафу за жоўтую і блакітную стужкі на сумцы, а Следчы камітэт праводзіў разбіральніцтва адносна яе паста ў Facebook і ладзіў ператрус у доме.

Facebook-старонка Лявона Вольскага прызнаная «экстрэмісцкай»

Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Ленінскага раёну Брэста 27 траўня. Раней «экстрэмісцкімі» прызналі Telegram-канал спевака і яго старонку ў Instagram.

Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Авангард (АКС)», «Бандерівська Киця», «Двіжчат», «ww2 confession»;
  • Instagram старонкі «artistswithbelarus», «kastus.suprac», «peramen.hub», «cutpolitics»;
  • Сайт і сацсеткі праекту «belarus.indymеdiа»;
  • Facebook старонкі «Василий Плешкунов», «Беларускi свет Bielaruski śvet», «Belarus.host24.spasе», «Будущая Беларусь: идеи, дискуссии, тенденции», «Belarusians in Chicago», «Sveriges Belarusier / Беларусы Швецыi», «Vitali.Sodzel», «Кронан», «Згуртаванне беларусаў Люксембурга», «Stories from Belarus», «Pavel Latushka», «Free Belarus!!! Жыве Беларусь!!! Вaltarusijа!!!», «Вольны Беларус».

Экстрэмісцкімі прызналі рэсурсы анархіста і журналіста, аўтара «Новага Часу» Мікалая Дзядка:

  • сайт: https://mikola.noblogs.org/
  • старонка «ВКонтакте»: https://vk.com/mikola_dziadok
  • старонка: https://www.facebook.com/happymikola
  • акаунт Instagram: https://www.instagram.com/Mikola_dziadok

З 2020 году як мінімум 1936 беларускіх грамадскіх аб'яднанняў, установаў, асацыяцый ці фондаў ліквідаваныя ці знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі

На канец 2024 года было ліквідавана не менш за 1 891 НКА, усяго за мінулы год — мінімум 382 НКА.

Паводле інфармацыі Lawtrend, на канец траўня як мінімум 1190 арганізацый знаходзілася ў працэсе прымусовай ліквідацыі, 746 прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі.

У Гомелі і вобласці КДБ праводзіць праверкі сярод адвакатаў

Паводле інфармацыі, якую апублікаваў «Позірк» са спасылкай на сваю крыніцу, у маі ў Гомельскай вобласці прайшлі два рэйды, арганізаваныя супрацоўнікамі КДБ.

Першы адбыўся 23 траўня і быў скіраваны на юрыдычныя кансультацыі.

Другі — 29 траўня. У гэты дзень сілавікі прыйшлі да тых адвакатаў, каго не было на месцы падчас першага рэйду.

Правяралі мабільныя тэлефоны, праводзілі «прафілактычныя гутаркі», а таксама цікавіліся палітычнымі поглядамі адвакатаў.

Вынікі: звальненні, пазапланавыя пераатэстацыі, а таксама пагрозы крымінальных і адміністрацыйных спраў.

Паводле сведчанняў з Гомеля, як мінімум трое вопытных адвакатаў ужо звольніліся. Лічба можа ўзрасці.

Такі ціск пагаршае і без таго крытычны стан прававой дапамогі ў краіне.

Новыя крымінальныя справы, змяшчэнні ў ШІЗА, памілаванне: агляд навінаў пра палітвязняў за травень

Больш за чатыры гады ў Беларусі бесперапынна працягваюцца масавыя рэпрэсіі. Перад чарговымі прэзідэнцкімі выбарамі сітуацыя значна пагоршылася: сілавікі ладзяць «рэйды» па гарадах Беларусі, выклікаюць на размовы, прэвентыўна затрымліваюць, у тым ліку былых палітвязняў. Таксама праваабаронцы атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі, а таксама пра пагаршэнне здароўя зняволеных.

  • Палітвязнямі за мінулыя тыдні былі прызнаныя 28 чалавек.
  • Чатыры чалавекі былі асуджаныя да пазбаўлення волі.
  • У зняволенні памёр палітвязень Валянцін Штэрмер.
  • Трох палітвязняў асудзілі па новых крымінальных справах.
  • 42 палітвязні былі памілаваныя Лукашэнкам.

«Вясна» распавядае апошнія навіны пра палітвязняў у аглядзе па спасылцы.